Жанчынам, якія мараць стаць мамамі, у нашай краіне аказваецца ўсебаковая дзяржаўная падтрымка і прадастаўляецца шырокі спектр даступнай медыцынскай дапамогі. Прынамсі, працэдуру ЭКА цяпер двойчы можна зрабіць бясплатна. Калі будучым бацькам варта звяртацца па дапамогу да спецыялістаў, расказалі ў РНПЦ «Маці і дзіця».
Праблема сусветнага ўзроўню
Рэпрадуктыўнае здароўе жанчыны фарміруецца яшчэ ва ўнутрычэраўным перыядзе, расказала загадчык лабараторыі рэпрадуктыўнага здароўя РНПЦ «Маці і дзіця» Таццяна Вашчыліна: «У дзяўчынкі да моманту нараджэння закладваецца каля паўтара мільёна яйцаклетак. Аднак да пачатку палавога паспявання іх колькасць скарачаецца да прыкладна 450 тысяч, і на працягу жыцця гэты запас паступова змяншаецца». Паводле слоў спецыяліста, у Беларусі каля 14-16 % пар з’яўляюцца бясплоднымі: «Бясплоддзе — адна з праблем, якая ў апошні час выходзіць на даволі сур’ёзны ўзровень. Колькасць бясплодных пар расце ва ўсім свеце».
Як падкрэсліла спецыяліст, неспрыяльна на зачацце і паспяховую цяжарнасць уплываюць экстрагенітальныя паталогіі і рэзкае павелічэнне масы цела, узрост будучых бацькоў. Справа ў тым, што з гадамі ў яйцаклетках назапашваюцца генетычныя мутацыі і паломкі. «Жанчына павінна планаваць цяжарнасць як мага раней: пажадана да 30 гадоў нарадзіць першае дзіця, другое — да 35-40. Пасля сарака шанцы на надыход цяжарнасці рэзка зніжаюцца», — адзначыла Таццяна Вашчыліна.
Акрамя таго, на рэпрадуктыўны патэнцыял абодвух партнёраў адчувальна ўплываюць іх лад жыцця і знешнія абставіны: хранічныя стрэсы, злоўжыванне алкаголем, нікацінавая залежнасць, незбалансаваны рацыён і нават банальныя пераахаладжэнні. Уносяць свой уклад і перанесеныя вірусныя ці бактэрыяльныя захворванні.
Дарэчы, абследаванне пры планаванні сям’і павінна быць парным. Нават пры ідэальным здароўі абодвух верагоднасць зачацця за адзін цыкл — не вышэй за 20-30 %. «У мужчын сперматагенез адбываецца на працягу ўсяго жыцця. Практычна кожныя тры месяцы праходзіць поўны цыкл абнаўлення спермы. Паказчыкі могуць пагаршацца. Калі прысутнічае мужчынскі фактар, то тады праблема вырашаецца з дапамогай рэпрадуктыўных тэхналогій. Не трэба жанчыне рабіць праверку праходнасці матачных труб, дадатковыя абследаванні. ЭКА — выхад для такой пары», — адзначыла загадчык аддзялення планавання сям’і РНПЦ «Маці і дзіця» Кацярына Матач.
У чаканні цуду
Калі да 35 гадоў цяжарнасць не надыходзіць на працягу года рэгулярнага палавога жыцця без кантрацэпцыі — час ісці да рэпрадуктолага або ў жаночую кансультацыю, падкрэсліваюць спецыялісты. Для ўзроставай катэгорыі 35+ візіт да ўрача лепш не адкладваць.
Пры беспаспяховым лячэнні бясплоддзя на працягу года (да 35 гадоў) або паўгода (пасля 35 гадоў) паказаны ЭКА або ўнутрыматачная інсемінацыя. Дарэчы, з 23 сакавіка 2026 года Указам Прэзідэнта замест адной бясплатнай спробы ЭКА прадастаўлены дзве, а парадак іх прадастаўлення і фінансавання расходаў на правядзенне працэдуры за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту быў зацверджаны ўрадам 23 чэрвеня 2026 года.
Акрамя іншага, дакумент рэгламентуе асаблівасці прадастаўлення другой спробы пры наяўнасці крыякансерваваных эмбрыёнаў і пытанні іх транспарціроўкі. Адменена патрабаванне аб стварэнні рэгіянальных камісій па адборы пацыентаў, а ўсе бясплатныя праграмы цяпер цэнтралізавана праводзяцца на базе дзяржаўнай установы РНПЦ «Маці і дзіця».
Эфектыўнасць бясплатнага ЭКА ў Беларусі складае каля 40-42 %. Сярэдні паказчык па краіне, уключаючы платныя цыклы, — 35-36 %. Справа ў тым, што нават пры адсутнасці відавочных ускладненняў поспех дасягаецца не заўсёды. Безвыніковасць працэдуры можа быць абумоўлена цэлым шэрагам прычын — ад якасці біяматэрыялу да рэакцыі арганізма на імплантацыю або наяўнасці схаваных паталогій. Найбольш частая з іх — адсутнасць авуляцыі, нярэдка справакаваная сіндромам полікістозных яечнікаў або сіндромам заўчаснай растраты іх запасу. А вось трубава-перытанеальны фактар — праблемы з матачнымі трубамі — урачы адносяць да ліку найбольш перспектыўных для правядзення ЭКА. Апладненне адбываецца па-за межамі мацярынскага арганізма, таму падобныя дэфекты не маюць значэння.
«Існуе такое меркаванне ў людзей, што калі яны звяртаюцца па спробу ЭКА, працэдура дакладна дапаможа. На жаль, гэта не так. Не ва ўсіх выпадках атрымліваецца дасягнуць поспеху, тым больш з першай спробы. Існуе такое паняцце, як кумулятыўная частата наступлення цяжарнасці. Колькасць спроб мае значэнне, адчайвацца не трэба — варта звяртацца па другую бясплатную спробу ЭКА», — адзначыла Кацярына Матач.
Нават пасля паспяховай першай спробы і родаў жанчына захоўвае права на другую бюджэтную працэдуру — ажно да 49 гадоў. Для ўдзелу ў дзяржаўнай праграме ЭКА неабходна наяўнасць медыцынскіх паказанняў і адсутнасць супрацьпаказанняў, а таксама грамадзянства Рэспублікі Беларусь для мужа і жонкі або адзінокай жанчыны, якая адважылася на працэдуру.
Чым лячыць, лепш папярэдзіць
Але ўвага да свайго рэпрадуктыўнага здароўя — гэта яшчэ і своечасовая прафілактыка інфекцый, якія перашкаджаюць зачаццю. Адна з такіх пагроз — вірус папіломы чалавека (ВПЧ). Прышчэпка супраць яго ўключана ў нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак нашай краіны.
Юным беларускам робяць яе на бязвыплатнай аснове: кітайскую двухвалентную вакцыну ўводзяць ва ўзросце 11 гадоў — для максімальнага эфекту важна прышчапіцца да пачатку інтымнага жыцця, — тым самым абараняючы арганізм ад самых анкагенных тыпаў ВПЧ — 16-га і 18-га. Курс разлічаны на дзве ін’екцыі з паўгадавым інтэрвалам. Калі ж прышчэпка робіцца ў больш сталым узросце — ад 15 да 45 гадоў, для ўстойлівага імунітэту спатрэбіцца ўжо тры дозы вакцыны. Пры гэтым наяўнасць віруса ў арганізме не лічыцца супрацьпаказаннем: вакцынацыя абароніць ад тых разнавіднасцяў ВПЧ, з якімі чалавек яшчэ не сутыкаўся.
А вось сыноў можна прывіць у індывідуальным парадку на платнай аснове. «Рак шыйкі маткі ў 98 % выпадкаў асацыіраваны менавіта з вірусам папіломы чалавека.
У хлопчыкаў вірус можа выклікаць іншыя анкалагічныя захворванні. Акрамя таго, прышчэпка прадухіляе з’яўленне анагенітальных бародавак, якія прыносяць дыскамфорт», — растлумачыла Кацярына Матач.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц