Напярэдадні водпускаў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі (ДМК) вырашыў нагадаць, за што жыхарам рэспублікі пагражае штраф да 1260 рублёў ці нават турма. Паводле слоў прадстаўнікоў ведамства, адным з найбольш частых парушэнняў пры перасячэнні граніцы з’яўляецца адсутнасць дэкларацыі на грошы, якія перавозяцца, паведамляе smartpress.by.
Правіла № 1 абвяшчае, што беларусы, у якіх з сабой ёсць сума больш за 10 тысяч долараў (у тым ліку ў эквіваленце і ў розных валютах) абавязаны запоўніць дэкларацыю ў электронным або папяровым выглядзе і прайсці па чырвоным калідоры. Пры гэтым у ДМК дадалі: правіла дзейнічае як на ўвоз, гэтак і на вываз грошай за межы ЕАЭС.
Але гэта не ўсё. Правіла № 2 нагадвае: калі ў беларуса з сабой сума большая за 100 тысяч долараў, той абавязаны не толькі запоўніць дэкларацыю, але і прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне такіх грошай. За невыкананне абодвух патрабаванняў — штраф ад 5 да 30 базавых велічынь (210-1260 рублёў на дадзены момант) з магчымай канфіскацыяй сродкаў.
Таксама ў ведамстве звярнулі ўвагу: пры незаконным перамяшчэнні незадэклараваных сум у памеры, які перавышае ў эквіваленце 30 тысяч долараў, беларусу можа пагражаць крымінальная адказнасць аж да пазбаўлення волі на 5 гадоў. Гэта прадугледжана ч. 2 арт. 228 КК РБ.