Top.Mail.Ru
146

Каму варта ўстрымацца ад купання ў палонцы на Вадохрышча, расказаў урач

Каму не варта акунацца ў ледзяную ваду на Вадохрышча, на прэс-канферэнцыі расказаў загадчык падстанцыі № 11 «Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі» Яўген Юдакоў, перадае БелТА.



«Бяспечна акунуцца ў ледзяную ваду могуць толькі здаровыя людзі, якія метадычна, планамерна рыхтаваліся да гэтага, то-бок загартоўваліся. Калі акунацца адзін раз у год, то да загартоўвання гэта дачынення не мае. Усім астатнім людзям, непадрыхтаваным або падрыхтаваным недастаткова, варта падыходзіць да акунання ў палонку свядома. Людзям, якія маюць якія-небудзь хранічныя захворванні, асабліва пакутуюць сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, захворваннямі нервовай, эндакрыннай сістэмы, варта вельмі добра падумаць, а лепш пракансультавацца з урачом. Калі ў вас ёсць супрацьпаказанні па здароўі, то гартавацца можна дома, выкарыстоўваючы халодную, а не ледзяную ваду. Дакладна не варта акунацца маленькім дзецям, цяжарным жанчынам і пажылым людзям», — адзначыў Яўген Юдакоў.

З 26 лістапада зарэгістравана больш за 4 тыс. пацярпелых з галалёднымі і халадовымі траўмамі, з іх звыш 600 дзяцей. «Асобна варта звярнуць увагу на траўмы, атрыманыя дзецьмі падчас катання на цюбінгах, лядзянках, санках. У чарговы раз хочацца нагадаць, што задачай бацькоў з’яўляецца растлумачыць і навучыць дзіця бяспечнаму зімоваму баўленню часу. Лепш самім выбіраць месцы для катання, прысутнічаць там. Трэба выбіраць максімальна бяспечнае месца, дзе няма ніякіх перашкод, слупоў, дрэў, няма аўтамабіляў, няма праезнай часткі. Гэта мінімізуе рызыку атрымання траўмы», — сказаў ён.

Каб пазбегнуць траўмаў пры падзенні, пераахаладжэння або абмаражэння, дадаў загадчык падстанцыі, неабходна правільна апранацца. «Абутак павінен быць зручным, мець плоскую падэшву. Ад нашэння абцасаў варта адмовіцца. Пажадана, каб адзенне было шматслаёвым, гэта значыць трэба надзець майку, кофту ці світар, куртку. Неабходна абараняць ад холаду рукі, вушы. Можна выкарыстоўваць спецыяльныя крэмы, калі плануеце знаходзіцца доўгі час на вуліцы. Калі падчас знаходжання на вуліцы вы пачынаеце адчуваць, што канечнасці, нос, вушы замярзаюць, то самым аптымальным варыянтам будзе знайсці цёплае памяшканне альбо аўтамабіль і сагрэцца», — падкрэсліў Яўген Юдакоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю