Top.Mail.Ru

Каму з 1 ліпеня трэба адкрыць базавы рахунак?

Пенсіянерам, жанчынам у дэкрэце, студэнтам

З 1 ліпеня ўсе сацыяльныя выплаты, а гэта пенсіі, дапамогі па доглядзе дзяцей і па беспрацоўі, адрасная сацыяльная дапамога, а таксама стыпендыі і шэраг іншых будуць выплачвацца толькі на базавыя рахункі. Такім чынам дзяржава гарантуе атрыманне базавага сацыяльнага стандарту бясплатнага плацежнага абслугоўвання. Расказваем, каму трэба адкрыць такія рахункі і што для гэтага трэба зрабіць, у якіх выпадках яны не патрэбны і што будзе з грашыма, калі атрымальнік выплат не адкрые базавы рахунак.

У чым перавагі?

Як паведаміла начальнік упраўлення электронных плацежных інструментаў Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацыянальнага банка Вольга АНТАНОВІЧ, з 1 ліпеня ўступае ў сілу норма Указа Прэзідэнта Беларусі № 363 «Аб бягучым разліковым банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання». У адпаведнасці з ёй фізічныя асобы, якія атрымліваюць выплаты сацыяльнага характару і стыпендыі праз банкі, да 1 ліпеня 2025 года павінны адкрыць базавыя рахункі ці перааформіць бягучыя рахункі ў базавыя.

Інстытут базавага рахунку ў нашай краіне быў створаны ў 2021 годзе, і з сакавіка 2022-га некаторыя банкі прапаноўваюць іх адкрываць. Адрозненне ад звычайнага бягучага разліковага базавага рахунку ў тым, што з уладальнікаў не спаганяюцца ўзнагароджанне і аплата на тэрыторыі Беларусі і ў інтэрнэце за аперацыі, якія ўключаны ў базавыя ўмовы абслугоўвання. Пералік такіх аперацый устаноўлены нарматыўнымі прававымі актамі.

Акрамя бясплатнага адкрыцця і закрыцця рахунку яго трымальнік можа без спагнання платы залічваць на яго розныя сацыяльныя выплаты, стыпендыі, пенсіі, здзяйсняць пераводы грашовых сродкаў паміж базавым і іншым рахункамі, якія належаць яму і адкрыты ў гэтым жа банку, пералічыць сродкі на іншы рахунак па прычыне яго закрыцця і пераносу базавага ў іншы банк ці пераафармлення ў бягучы рахунак. Па жаданні грамадзяніна для доступу да базавага рахунку банк бясплатна выпускае да яго банкаўскую картку плацежнай сістэмы Белкарт. З яе дапамогай можна разлічвацца за тавары, паслугі ў магазінах і інтэрнэце, бясплатна знімаць наяўныя ў банкаматах банка, у якім адкрыты рахунак.

— З увядзеннем інстытута базавага рахунку яго ўладальніку на заканадаўчым узроўні гарантавана магчымасць атрымання на бясплатнай аснове шэрагу плацежных паслуг, якія найбольш запатрабаваны ў паўсядзённым жыцці. Такім чынам дзяржава дае магчымасць грамадзянам атрымаць базавы сацыяльны стандарт бясплатнага плацежнага абслугоўвання і самастойна выбраць банк з ліку тых, хто бясплатна аказвае паслугу па адкрыцці базавых рахункаў, — адзначыла Вольга Антановіч.

Як адкрыць?

Паслугі па адкрыцці базавых рахункаў у нашай краіне аказваюць 11 банкаў. Грамадзянін у праве выбраць з іх любую фінансавую ўстанову, прыйсці туды для адкрыцця рахунку (ці зрабіць гэта дыстанцыйна праз інтэрнэт, калі банк дае такую магчымасць). У банку спатрэбіцца запоўніць заяву аб адкрыцці базавага рахунку і падпісаць дагавор, які гэта прадугледжвае. Пры сабе неабходна мець пашпарт.

Пра якія выплаты ідзе размова?

Сёння сацыяльныя выплаты, якія прызначаюцца органамі па працы і сацыяльнай абароне, у асноўным выплачваюцца праз банкі. Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення пенсіённага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена ГОМАРАВА, амаль 80 % пенсіянераў атрымліваюць пенсіі праз банк. Для асобных сацыяльна ўразлівых катэгорый прадугледжана магчымасць атрымання грошай праз пошту, і гэтай магчымасцю яны карыстаюцца.

Што ж з 1 ліпеня можна атрымаць толькі праз базавы рахунак? Гэта пенсіі і дапамогі на дзяцей, якія выплачваюцца органамі па працы і сацыяльнай абароне; дапамогі па беспрацоўі і іншыя выплаты ад цэнтра занятасці; дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога; дапамога па доглядзе інваліда І групы ці асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; выплаты асобам, якія ажыццяўляюць догляд у замяшчальнай сям’і; выплаты на блізнят; матэрыяльная дапамога да школы.

Чаму звярнуцца трэба да 20 чэрвеня?

Большасць атрымальнікаў сацыяльных выплат ужо перааформілі свае бягучыя разліковыя рахункі ў базавыя, адзначыла Алена Гомарава. Аднак ёсць асобныя катэгорыі, якія не паспелі гэта зрабіць.

— Таму просім усіх атрымальнікаў сацыяльных выплат у органах па працы і сацыяльнай абароне звярнуцца ў банк да 20 чэрвеня. Менавіта пасля гэтай даты фарміруюцца плацежныя ведамасці на ліпень. Таму, каб своечасова атрымаць пенсію ў ліпені, звярнуцца трэба да 20 чэрвеня, — патлумачыла начальнік упраўлення.

Ці адкрыты ў грамадзяніна базавы рахунак, можна ўдакладніць у банку ці органах па працы і сацыяльнай абароне. У цяперашні час органы па працы і сацыяльнай абароне інфармуюць грамадзян — усім накіраваны пісьмовыя паведамленні, каб яны своечасова звярнуліся ў банк, банкі таксама накіроўваюць адпаведныя смс-паведамленні.

Каму не трэба адкрываць?

Не маюць такой патрэбы атрымальнікі пенсій і дапамог, якія пералічваюцца на пошту. 

З 1 ліпеня для іх нічога не зменіцца. Што датычыцца дапамог на дзяцей, то, калі яны выплачваюцца па месцы работы ці вучобы, у такой сітуацыі адкрыццё базавага рахунку не патрабуецца. Калі мама працуе, сваю дапамогу па доглядзе яна атрымлівае на зарплатную картку і не мае патрэбы ў адкрыцці базавага рахунку.

Акрамя таго, базавыя рахункі не адкрываюцца асобам, якія не маюць віду на жыхарства. Дапамога замежным грамадзянам ці асобам без грамадзянства будзе выплачвацца на бягучы разліковы рахунак.

Ці можна адкрыць аддалена?

Так, але такая паслуга аказваецца не ўсімі банкамі. Калі грамадзянін не можа звярнуцца ў банк для адкрыцця базавага рахунку асабіста, напрыклад, з-за немагчымасці самастойна рухацца, для такіх людзей (старэйшых за 70 гадоў і інвалідаў) прадугледжана магчымасць атрымання пенсіі праз пошту, у тым ліку і з дастаўкай дадому. Для гэтага трэба напісаць заяву ва ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне.

Што будзе з пенсіяй тых, хто не адкрые?

Сродкі не прападуць, а будуць выплачаны пасля адкрыцця такога рахунку. Таму, каб атрымаць выплаты своечасова, трэба загадзя паклапаціцца аб адкрыцці базавага рахунку.

Ці могуць адкрыць прымусова?

Банкаўскае заканадаўства не прадугледжвае прымусовае адкрыццё рахунку. Ён адкрываецца толькі ў прысутнасці і па жаданні грамадзяніна, які мае пры сабе пасведчанне асобы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю