Top.Mail.Ru
109

Камунальнікі, работнікі арганізацый і неабыякавыя жыхары прыбіраюць вуліцы гарадоў Брэсцкай вобласці

Вуліцы гарадоў і гарадскіх пасёлкаў Брэсцкай вобласці прыбіраюць больш за 220 адзінак спецыяльнай тэхнікі. Найбольш складаная абстаноўка ў Баранавіцкім рэгіёне і на Палессі, паведамілі БелТА ў Брэсцкім абласным унітарным прадпрыемстве «Упраўленне ЖКГ».


Брэсцкая вобласць апынулася ва ўладзе снегападу. Непагадзь закранула ўсе раёны. «На раніцу 9 студзеня былі расчышчаны асноўныя магістралі, пад’езды да школ, дзіцячых садкоў, бальніц і іншых аб’ектаў сацыяльнай сферы. Забяспечылі праезд грамадскага транспарту для яго бесперабойнай працы. Снег не спыняецца ў Баранавіцкім рэгіёне, на Палессі дагэтуль мяце», — расказалі пра сітуацыю ў абласным упраўленні ЖКГ.

Для расчысткі снегу на вуліцах гарадоў і гарадскіх пасёлкаў былі задзейнічаны больш за 200 адзінак тэхнікі ЖКГ, а таксама звыш 20 машын іншых арганізацый. За суткі выкарыстана для апрацоўкі дарог 1014 т пяску-салянай сумесі. Больш за 700 работнікаў ЖКГ расчышчаюць вуліцы і тратуары ад снегу. На дапамогу выйшлі больш за 600 прадстаўнікоў іншых арганізацый вобласці.

«Працы ні на хвіліну не спыняюцца. Ноччу пераважна працавалі службы, дапамагалі адзінкі іншых арганізацый. Днём будзе прыцягвацца больш тэхнікі прадпрыемстваў і людзей для расчысткі вуліц, паколькі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ўведзены план „Надвор’е“. Працы паскорацца, галоўнае, каб снегапад спыніўся», — заўважылі ў абласным упраўленні ЖКГ.

У першую чаргу расчышчаюць асноўныя магістралі і пад’езды да сацыяльных аб’ектаў. Камунальныя службы і арганізацыі, якія дапамагаюць ім, прыкладаюць усе намаганні для ўборкі снегу. Не засталіся ўбаку і некаторыя жыхары Брэсцкай вобласці, узяўшыся за рыдлёўкі. Гэта прыклад для іншых грамадзян. «У ЖКГ працуюць 24/7. Выходзьце дапамагаць, клічце суседзяў, таму што ў дварах сітуацыя няпростая. Мы гатовыя ў кожным ЖКГ вобласці даць уборачны інвентар. Кожны ахвотны можа звярнуцца і ўзяць рыдлёўку», — дадалі камунальнікі.

У непагадзь мабілізаваныя ўсе службы. У прыватнасці, за мінулыя суткі падраздзяленні МНС Брэсцкай вобласці 16 разоў выязджалі на аказанне дапамогі насельніцтву. Ратавальнікі адбуксіравалі 11 легкавых, два грузавыя аўтамабілі, два аўтобусы, тры аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі. Пацярпелых няма. «Актыўна ўзаемадзейнічаем з усімі дзяжурна-дыспетчарскімі і аварыйнымі службамі. Праводзім пастаянны маніторынг сітуацыі, якая склалася, у тым ліку ў анлайн-рэжыме, сочым за яе развіццём. Для рэагавання на наступствы непагадзі маецца неабходная тэхніка павышанай праходнасці», — праінфармавалі ў Брэсцкім абласным упраўленні МНС.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю