Падобна на тое, што лаканічныя белыя красоўкі, якія доўгія гады служылі нам верай і праўдай, афіцыйна адпраўляюцца на заслужаны адпачынак. Улетку 2026 года свет моды галасуе за індывідуальнасць, смеласць і дынаміку. На змену стэрыльнаму мінімалізму прыходзяць сакавітыя колеры і футурыстычнае ззянне, здольныя імгненна ператварыць нават самы просты штодзённы аўтфіт ва ўльтрастыльны вобраз.
Калі вы гатовыя абнавіць свой абутковы гардэроб і дадаць у яго трохі драйву, мы сабралі 6 галоўных адценняў сезону, якія стануць найлепшай інвестыцыяй у ваш стыль
1. Срэбны хром: новая інтэлектуальная база
Калі вы не гатовыя да радыкальных каляровых эксперыментаў, але стаміліся ад класікі — пачніце са срэбра. Красоўкі з металізаваным эфектам сталі галоўным адкрыццём сезону. Яны выглядаюць неверагодна футурыстычна, але пры гэтым маюць унікальную якасць: працуюць як нейтральны колер.
Срэбра дадае вобразу далікатнага бляску без лішняга пафасу. Асабліва эфектна выглядаюць мадэлі ў рэтра-сілуэтах. Насіце іх са строгімі штановымі гарнітурамі, оверсайз-жакетамі або, наадварот, з лёгкімі жаноцкімі сукенкамі, каб згуляць на кантрасце стыляў.

2. Успышка пунсовага
Чырвоны колер не здае сваіх пазіцый і застаецца галоўным інструментам для стварэння візуальных акцэнтаў. Яркія пунсовыя красоўкі — гэта самы просты спосаб заявіць пра сябе і дадаць характару расслабленаму вобразу. Каб гэты прыём спракаўся бездакорна, спалучайце лаканічную па форме чырвоную пару з манахромнымі чорна-белымі аўтфітамі або класічным дэнімам.
3. Лімонны і гарчычны: сонечная настальгія
Жоўтая палітра асацыюецца з цяплом, рэтра-эстэтыкай і кінематаграфічным шыкам. У трэндзе як далікатныя, ледзь заўважныя пастэльна-лімонныя адценні, так і насычаныя гарчычныя таны. Такія красоўкі ідэальна падкрэсліваюць летні загар і выдатна глядзяцца ў кампаніі базавых шортаў, лёгкіх ільняных кашуль і плеценых аксесуараў.
4. Энергічны аранжавы
Для тых, хто шукае нестандартныя каларыстычныя рашэнні, ідэальным выбарам стане сакавіты аранжавы. Гэтае жыццярадаснае адценне літаральна зараджае энергіяй увесь вобраз. Не трэба ўскладняць аўтфіт: дазвольце красоўкам быць галоўным героем. Простая белая футболка, свабодныя джынсы і аранжавая пара на нагах — бездакорная формула для стыльнага летняга дня.

5. Рамантычны ружовы
Ружовы колер гэтай вясной пазбавіўся ад рэпутацыі выключна інфантыльнага адцення. Сёння актуальныя як далікатныя пудровыя варыянты ў эстэтыцы вытанчанага балетнага стылю, так і дзёрзкая фуксія. Сакрэт сучаснага прачытання гэтага трэнду крыецца ў кантрасах: спалучайце мяккія ружовыя красоўкі са свабоднымі спартыўнымі сілуэтамі, грубымі фактурамі і цёмнай каляровай гамай.
6. Электрычны сіні
Глыбокі сіні — ідэальны кампраміс для кансерватараў, якія жадаюць дакрануцца да каляровага трэнду. Гэтае благароднае адценне выглядае дорага і свежа. Каб вобраз выглядаў завершаным, выкарыстоўвайце любімы прыём стылістаў — «метад сэндвіча». Падбярыце галаўны ўбор, сумку або топ у тон вашаму сіняму абутку, каб гарманічна збалансаваць верх і ніз аўтфіту.
Марыя АСМАЛОЎСКАЯ