На знакавай сцэне ў Верхнім горадзе, дзе цябе можа ўбачыць і пачуць шмат людзей адначасова, нават з розных краін. Таму, калі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі аб’явілі набор удзельнікаў чарговага адукацыйна-творчага праекта «Маладзёжны сімфанічны аркестр Беларусі», нават не сумняваліся: усё атрымаецца. Тым больш у папярэднія гады ўжо быў паспяховы досвед...
— Гэта праекты, у якіх стратэгічнымі з’яўляюцца ідэі і прынцыпы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, — адзначае рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена КУРАКІНА. — Тры асноўныя складнікі, вакол якіх будуецца змест праектаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, — гэта моладзь, музыка і мост. Мы падкрэсліваем, што творчасць маладых музыкаў валодае магутнай сілай, якая аб’ядноўвае (маюцца на ўвазе розныя геаграфічныя пункты, розныя пакаленні, розныя адукацыйныя ўзроўні, жанры і стылі музыкі). «Маладзёжны музычны мост» — гэта доўгатэрміновая прафарыентацыйная адукацыйная творчая праграма акадэміі, якая пачалася яшчэ ў лістападзе 2024 года, і кожны год узбагачаецца новымі фарматамі.
Гэтым летам прыцягвае ўвагу праект «Маладзёжнага сімфанічнага аркестра Беларусі», які пройдзе з 3 да 9 жніўня (у нашай краіне ў такім фармаце — упершыню). Пасля пачнецца «Кансерваторская змена» (праект ажыццяўляецца з 10 да 24 жніўня). Такім чынам бавяць летнія канікулы таленавітыя школьнікі і навучэнцы каледжаў, студэнты: з максімальным паглыбленнем у творчае асяроддзе, з заняткамі ў розных варыянтах: з выкладчыкам, у групах, індывідуальна, у выглядзе майстар-класаў, творчых сустрэч і гэтак далей. Але галоўнае ў абодвух праектах — магчымасць узаемадзеяння з музыкантамі, якія знаходзяцца на самым высокім узроўні прафесійнага майстэрства.
Вядома, каб трапіць у асаблівы сімфанічны аркестр, дзеці праходзілі конкурснае праслухоўванне, па выніках якога адабралі 29 юных таленавітых музыкантаў з усіх рэгіёнаў краіны, паведаміў Максім ШКУЛЕПА, прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце БДАМ. Графік рэпетыцый насычаны, бо некаторыя з хлопцаў і дзяўчат увогуле не маюць досведу ігры ў аркестры. Але за 5 дзён апроч аркестравых рэпетыцый будуць тыя, што правядуць вядучыя выкладчыкі акадэміі і салісты Вялікага тэатра Беларусі. Канцэрты незвычайнага аркестра, дзе разам з дзецьмі будуць іграць студэнты і выкладчыкі (каб умацаваць склад), адбудуцца на вядучых пляцоўках Мінска: днём 8 жніўня — у Верхнім горадзе, 9-га — у гандлёвым цэнтры «Сенніца». Рыхтуецца праграма з папулярнай класічнай музыкі — замежнай, рускай і, вядома, беларускай.
— Летась у праекце «Маладзёжны аркестр баяністаў і акардэаністаў» нам удалося сабраць найлепшых дзяцей з усіх каледжаў краіны і правесці кароткатэрміновы творчы інтэнсіў, — расказаў Аляксандр ШАТАЎ, старшы выкладчык кафедры духавых інструментаў і аркестравага дырыжыравання БДАМ. — Сёлета вырашылі пайсці далей і сабраць больш маштабны «Маладзёжны сімфанічны аркестр Беларусі». Для нас гэта смелая ідэя, але я ўпэўнены, што дзякуючы дружнай камандзе Акадэміі музыкі зможам яе рэалізаваць.
Досвед мінулага года паказаў, што і ў юных музыкантаў, і ў іх бацькоў захавалася цікавасць да праекта — яны дагэтуль кантактуюць у адмысловым чаце і аркестр збіралі яшчэ не раз для выступленняў.
Яшчэ 24 таленавітых дзіцяці ва ўзросце ад 9 да 13 гадоў адабралі для ўдзелу ў творчым праекце «Кансерваторская змена», які пройдзе з 10 да 24 жніўня на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Лідар».
— Такога яшчэ не было ў гісторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, — удакладняе Нэлі МАЦАБЭРЫДЗЭ, прарэктар па навуковай рабоце БДАМ. — Ён накіраваны на тых дзяцей, якія займаюцца ў музычных школах, школах мастацтваў. Гэта будучыя зорачкі, якіх нам важна знайсці, падтрымаць і правесці ў дзіўны свет прафесійнай акадэмічнай музыкі. Назва адлюстроўвае і пераемнасць пакаленняў, і летнюю змену ў лагеры. Мы створым для дзяцей умовы, каб яны максімальна атрымалі задавальненне ад заняткаў музыкай: займаючыся ў навучальным корпусе акадэміі на добрых інструментах, з найлепшымі выкладчыкамі Рэспублікі Беларусь, паспрабаваўшы сябе ў ансамблевым музіцыраванні, харавых спевах, адкрыўшы «Займальнае сальфеджыа». Будуць прадстаўлены дзве творчыя лабараторыі: па кампазіцыі і па рытміцы — летам для дзяцей, якія вельмі шмат часу праводзяць седзячы, карысна прапанаваць больш свабодныя формы. Па выніках адбудзецца канцэрт 22 жніўня.
— Усе таленавітыя дзеці Беларусі — у полі бачнасці спецыялістаў, іх імкнуцца падтрымаць, каб пасля заканчэння музычнай школы яны працягвалі свой шлях у музыцы, — удакладняе Алена Куракіна. — У нас у краіне эфектыўна дзейнічае сістэма бесперапыннай музычнай адукацыі, якая прадугледжвае тры адукацыйныя ўзроўні: школу, каледж, акадэмію. Мы імкнёмся іх не ўпусціць, але вельмі шмат залежыць ад бацькоў. Таму стараемся не толькі тлумачыць, што дзеці могуць атрымаць прыгожую прафесію, якая забяспечыць ім існаванне ў гэтым свеце, але і паказаць, як важна ў жыцці любому чалавеку разумець музыку.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА