Top.Mail.Ru

Канькабежцы перамагалі дома, лёгкаатлеты былі найлепшымі ў гасцях

Гераіня тыдня. Беларуская спартсменка Васіліна Хандошка заваявала два медалі этапа Кубка свету па сінхронным плаванні ў Парыжы. Яе тэхнічную праграму суддзі ацанілі на 235,7242 бала, што прынесла Васіліне бронзавы медаль. У адвольнай праграме салістак з адзнакай 200,0726 бала беларуска заняла другое месца.


Лічба тыдня. 16 медалёў заваявалі беларусы на дамашнім Кубку мацнейшых па канькабежным спорце. Пераможцамі турніру сталі Ганна Дамарацкая (1000 м), Марына Зуева (3000 м), Ягор Дамарацкі (5000 м), Віктар Рудэнка (1500 м), а таксама жаночае трыа ў камандным спрынце. Ігнат Галавацюк заняў другое месца на дыстанцыях 500 і 1000 метраў і трэцяе месца ў мас-старце. Ягор Дамарацкі паказаў трэці вынік на дыстанцыі 1500 метраў, Ганна Дамарацкая таксама была трэцяй на гэтай дыстанцыі і заняла другое месца на дыстанцыі 500 метраў. Марына Зуева стала другой у мас-старце, Віктар Рудэнка паказаў трэці вынік на 1000 м. Беларуская мужчынская каманда ўзяла «серабро» ў спрынце, а ў абедзвюх камандных гонках праследавання нашы канькабежцы заваявалі бронзавыя медалі.

Сіла тыдня. Беларус Дзяніс Храмянкоў стаў прызёрам рэйтынгавага турніру па барацьбе памяці Мухамета Мала, які прайшоў у Албаніі. Дзяніс заняў трэцяе месца ў вагавой катэгорыі да 125 кг. Яшчэ адзін беларускі барэц Кірыл Маскевіч выйграў восьмы турнір прафесійнай барцоўскай лігі PWL. Кірыл Маскевіч стаў пераможцам турніру па грэка-рымскай барацьбе ў катэгорыі да 97 кг.

Медалі тыдня. Беларускія спартсмены паспяхова выступілі на першым этапе Кубка свету па сучасным пяціборстве 2025 года, які прайшоў у Каіры. Набраўшы ў суме 1445 ачкоў, Віялета Гурэева заняла другое месца. Анастасія Малашэнка набрала 1428 балаў, што прынесла ёй бронзавы медаль.

Поспех тыдня. Беларускія лёгкаатлеты выступілі на чэмпіянаце Расіі ў памяшканні. Пераможцам спаборніцтваў у штурханні ядра стала наша Алена Дубіцкая, у гэтым жа відзе праграмы ў мужчын першынстваваў Алег Тамашэвіч. На 60-метроўцы з бар’ерамі ў дзяўчат лепшай стала Эльвіра Грабарэнка, у хлопцаў на аналагічнай дыстанцыі Віталь Парахонька заняў трэцяе месца. У скачках з шастом найлепшым быў Мацвей Волкаў, які пабіў асабісты рэкорд, пераадолеўшы планку на вышыні 5,85 м. Найлепшым у сяміборстве стаў Максім Андралойць, які адзіны з усіх удзельнікаў набраў больш за 6000 ачкоў. Другі вынік у скачках у даўжыню паказаў Дзяніс Галух (7,80 м). Сярэбраны медаль у жаночым штурханні ядра заваявала Алена Трус. Яўген Брыгі заняў у гэтым відзе праграмы трэцяе месца. Яніна Луцэнка была трэцяй на дыстанцыі 60 метраў. У скачках у вышыню Карына Дзямідзік заняла трэцяе месца.

Фота з адкрытых крыніц.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю