Top.Mail.Ru

Кансервавая галіна развіваецца ў кірунку імпартазамяшчэння

Атрыманы на палях ураджай важна яшчэ і перапрацаваць. У развіцці кансервавай галіны Беларусі стаўка зроблена на вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі. Аб гэтым у час рэспубліканскага навукова-практычнага семінара кіраўнікоў і спецыялістаў кансервавай галіны «Стратэгія развіцця галіны: вынікі і перспектывы» журналістам расказаў намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Анатоль Уласевіч.


У галіне назіраецца дынаміка. «Сёння вытворцы і Навукова-практычны цэнтр па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук працуюць як адно звяно. Гэта значыць, усе распрацоўкі, якія праводзіць НАН, у прыватнасці па плодаагародніннай прадукцыі, укараняюцца ў вытворчасць, — расказаў ён. — Нават у мінулым годзе са 122,7 тысячы тон вырабленай прадукцыі ў 82 працэнтах — гэта імпартазамяшчальная прадукцыя. Самае галоўнае, што мы і ў дзіцячым харчаванні, і ў прадуктах для дарослых замясцілі імпарт».

Анатоль Уласевіч таксама звярнуў увагу, што ў стратэгіі развіцця галіны на будучую пяцігодку асноўнымі кірункамі застаюцца мадэрнізацыя і развіццё сыравіннай базы. «Мы хочам задзейнічаць усе нашы вытворчыя магутнасці. Абсталяванне, якое будзе ўсталёўвацца на новых прадпрыемствах, павінна быць загружана на 100 працэнтаў, — падкрэсліў ён. — І самае галоўнае, што адлюстравана ў гэтай стратэгіі: згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы, мы павінны вырабляць плодаагароднінную, кансервавую прадукцыю ў большасці выпадкаў на ўласнай сыравіне. Свае буракі, бульба, морква, цыбуля, яблыкі, ягады, грыбы... У тым ліку для нарошчвання экспарту. Бо наша прадукцыя смачная і якасная. У развіцці сыравіннай базы чакаецца комплексная работа з фермерамі, уласнымі падсобнымі гаспадаркамі».

У якасці прыкладу Анатоль Уласевіч прывёў работу Быхаўскага кансервавага завода. Ён працуе з прыватнымі пастаўшчыкамі, фермерамі — пастаўляе ім насенне, сродкі аховы, угнаенні. «Каб прадпрыемства працавала, неабходна сыравіна. І тут пытанне якаснай сыравіны», — адзначыў ён.

На прадпрыемстве цяпер ідзе перапрацоўка гароху — на палях ужо збіраюць ураджай гэтай культуры. Укладанне сродкаў у мадэрнізацыю, выпуск якаснай прадукцыі, попыт у спажыўцоў — усё гэта дало магчымасць павялічыць выпуск прадукцыі на 20 працэнтаў. 

«У гэтым годзе мы засадзілі зялёным гарошкам 750 га — на 250 больш, чым у мінулым. За суткі вырабляем да 300 тысяч слоікаў гарошку па 425 мл. Можам паралельна запусціць другую лінію і выпускаць агуркі ці сок, — расказала начальнік вытворчай лабараторыі завода Таццяна АЛІФЕРЧЫК. — На заводзе ідзе мадэрнізацыя — усталявана лінія асептычнага кансервавання для вытворчасці кабачковага, гарбузовага, яблычнага, маркоўнага пюрэ».

Паводле БелТА

Фота БелТА

Тым часам

На хлебнай ніве — транспартнікі

Надзейнае плячо аграрыям працаўнікі транспартнай галіны падстаўляюць у кожную ўборачную кампанію. Не стала выключэннем і цяперашняя: свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны ўносяць прадпрыемствы аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту, дарожнай гаспадаркі.

Як паведамілі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый, да бітвы за ўраджай падключыліся нават арганізацыі воднага транспарту: Беларускае рачное параходства і Днепрабугвадшлях дапамагаюць земляробам тэхнікай і працоўнымі рукамі.

У гушчы жніва — работнікі і спецтэхніка дарожных арганізацый краіны — аўтадараў. На хлебнай ніве працуюць трактары, пагрузчыкі і грузавыя МАЗы дарожнікаў. У палях краіны сёння знаходзіцца 13 работнікаў і 7 адзінак тэхнікі РУП «Віцебскаўтадар», 12 работнікаў і 4 адзінкі тэхнікі РУП «Гроднааўтадар», 4 работнікі і 2 адзінкі тэхнікі РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр». Таксама дарожнікі вырашаюць яшчэ адну важную задачу — гарантаванне бяспечнай эксплуатацыі аўтамабільных дарог у перыяд транспарціроўкі ўраджаю.

Працуюць на ўборцы і некалькі дзясяткаў работнікаў Беларускай чыгункі: машыністы і іх памочнікі, манцёры пуці, слесары-рамонтнікі, а таксама прадстаўнікі іншых чыгуначных прафесій. Акрамя таго, у склад Беларускай чыгункі ўваходзіць 5 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дзе таксама актыўна ідзе жніво. Іх агульная ўборачная плошча складае звыш 10,7 тыс. га (у тым ліку: збожжавыя і зернебабовыя — 7,8 тыс. га, азімы рапс — 2 тыс. га, кукуруза на зерне — 930 га).

Алена ЕМЯЛЬЯНАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю