13 снежня ў Віцебску загарэўся гандлёвы цэнтр. Пажару такога маштабу ў рэгіёне ніхто не памятае. На шчасце, дзякуючы зладжаным дзеянням супрацоўнікаў МНС, абышлося без чалавечых ахвяр. А некалькі канкрэтных ратавальнікаў за лічаныя дні сталі народнымі героямі. З адным з іх — майстрам-ратавальнікам пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 Віцебскага гарадскога аддзела МНС Канстанцінам Гіркалам — мы пагаварылі аб прафесійным шляху і марах.
Цяпер Канстанціну 32 гады, за плячыма — крыху больш за 10 гадоў службы ў радах МНС. Але да сваёй прафесіі малады чалавек прыйшоў выпадкова, бо вышэйшую адукацыю спачатку атрымліваў па зусім іншым профілі: у дыпломе Гіркалы — «выкладчык фізічнай культуры і спорту». Яшчэ будучы на трэцім курсе ВДУ імя П. М. Машэрава ён зацікавіўся прафесіяй ратавальніка, і пасля ўніверсітэта быў накіраваны ў Новалукомль. Потым у Віцебскім гараддзеле вызвалілася месца, і карэнны віцябчанін вярнуўся на радзіму, у часці № 1 працуе і дагэтуль.
«Тады для службы было патрэбна толькі моцнае здароўе, а яно ў мяне ёсць. Было цікава паспрабаваць сябе ў прафесіі, якая лічыцца адной з самых небяспечных. Бацькі падтрымалі. На першым працоўным месцы ўваходзіць у курс справы было часам складана. Дзякуй старэйшым калегам, якія падставілі тады сваё плячо. На першых пажарах, вядома, было страшна, але за гады ад страху пазбавіўся», — успамінае ратавальнік.
Першая часць гараддзела знаходзіцца ў цэнтры горада на Дзвіне, таму і з’яўляецца адной з самых выязных. Бывае, што за суткі паступае больш за пяць выклікаў, бываюць дні, але вельмі рэдка, калі ў абласным цэнтры спакойна. У ліку сітуацый, на якія рэагуюць ратавальнікі, — пажары, дарожна-транспартныя здарэнні, дапамога, калі хтосьці дзесьці захрас. У ліку самых нетыповых выездаў Канстанціна такія: гараджане заўважылі на дрэве саву і папрасілі вывезці яе за горад; у каналізацыйны люк зваліўся сабака — прыйшлося даставаць; летам суседзяў пчаляра пужаюць пчолы — выязджалі і на вырашэнне такой праблемы. Выезд, які ў падрабязнасцях застанецца ў памяці не толькі Косці, але і многіх яго калег, быў увечары 13 снежня 2024 года.
«Мы знаходзімся блізка да гандлёвага цэнтра, за некалькі хвілін прыбылі на месца. Пажару такой велічыні і моцы я не бачыў ніколі, не бачылі такога і старэйшыя ратавальнікі, стаж якіх большы за 20 гадоў. Плошча ўзгарання — каля дзвюх тысяч квадратных метраў. Больш як 200 чалавек былі хутка эвакуіраваны, але на чацвёртым паверсе засталіся людзі, якія не змаглі знайсці выхад», — успамінае падзеі снежаньскага вечара суразмоўца.
На чацвёртым паверсе клікала на дапамогу жанчына са швейнай майстэрні. Ратавальнікі падагналі машыну з аўталесвіцай, Гіркала падняўся па ёй, каб дапамагчы спусціцца. Яна ўжо наглыталася дыму, жанчыну забралі ў рэанімацыю. Гэта не першы выпадак, калі Косця выратоўваў чалавека, аднак спускаць пацярпелага з такой вышыні па аўталесвіцы для ратавальніка было ўпершыню. «Я не лічу гэты ўчынак асаблівым. Па-першае, гэта мой працоўны абавязак, па-другое — спрацавала ўся каманда», — расказвае Гіркала.
Пасля таго, як жанчына была перададзена медыкам, малады чалавек з напарнікам зноў падняліся на чацвёрты паверх праз акно, каб працягнуць пошук пацярпелых. У цяжкім чорным дыму арыентавацца было вельмі складана, праз пэўны час па-здрадніцку запішчаў балон за спінай, даючы зразумець, што кісларод вось-вось скончыцца. «На імгненне я паддаўся паніцы, не мог знайсці акно, праз якое быў выхад на вуліцу. Калі знайшоў, зняў маску, хапаючы свежае паветра. Але пэўную колькасць дыму таксама схапіў — з лесвіцы мяне ўжо здымалі таварышы», — дзеліцца Канстанцін.
Маладога ратавальніка забралі ў рэанімацыю, там высветлілася, што ён атрымаў яшчэ і апёк парай на руцэ. Праз тры дні героя выпісалі, у бальніцу да яго прыязджаў міністр МНС Вадзім Сіняўскі.
Успамінаючы пажар у гандлёвым цэнтры, Канстанцін упэўнены, што шматлікія вучэнні, на якіх адпрацоўвалася менавіта такая сітуацыя, дапамаглі спрацаваць зладжана і аператыўна. І, самае галоўнае, пазбегнуць чалавечых ахвяр. Наш герой, як і, напэўна, усе ратавальнікі горада, назваў пажар у гандлёвым цэнтры «баявым хрышчэннем», і ратавальнікам, і ўсім беларусам хочацца, каб такога больш ніколі не паўтарылася.
«Гэта каштоўны вопыт, з якога я вынес урокі. Зрабіў работу над памылкамі, каб больш не аказацца пацярпелым, а заставацца тым, хто пацярпелым дапамагае. А наконт змены прафесіі пасля гэтага выпадку і не думаў. Ідучы ў ратавальнікі, усведамляў, якія рызыкі могуць быць», — з усмешкай расказвае Косця. Дарэчы, на рабоце калегі характарызуюць яго як чалавека заўсёды ўсмешлівага і пазітыўнага. І ў гэтым, прызнаецца малады чалавек, ёсць невялікі сакрэт: ніколі не сумнявацца, што любыя складанасці можна вырашыць.
Канстанцін як ратавальнік і як просты чалавек жадае аднаго: каб у людзей здараліся толькі шчаслівыя сітуацыі!
Фота з архіва героя