Top.Mail.Ru

Кантроль за цэнамі і рост тавараабароту. Снапкоў аб асноўных акцэнтах у рабоце МАРГ у 2026 годзе

У мінулым годзе ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю патрабаваліся не толькі аператыўныя рашэнні, але і здольнасць утрымліваць стратэгічную лінію, забяспечваць цэнавую стабільнасць, абараняць унутраны рынак і падтрымліваць давер грамадзян. 


Пад кантролем — інфляцыя і тавараабарот 

Першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў расставіў акцэнты ў рабоце міністэрства. «Інфляцыя — найскладанейшы паказчык у эканоміцы, міжгаліновы, міжведамасны, які залежыць ад шматлікіх складнікаў — знешніх і ўнутраных. Ва ўсім комплексе адказных за выкананне паказчыка па інфляцыі МАРГ знаходзіцца на вастрыі», — падкрэсліў Мікалай Снапкоў.

На нядаўняй нарадзе з урадам кіраўнік дзяржавы нагадаў аб тым, што ўзровень інфляцыі на 2026 год быў вызначаны не вышэй за 7 %, але яшчэ лепш, калі інфляцыя не будзе перавышаць 5-6 %. «На мой погляд, гэта рэалістычная мэта з улікам знешніх і ўнутраных фактараў і наяўнага на дадзены момант прагнозу», — адзначыў першы віцэ-прэм’ер. Самым складаным складнікам інфляцыі ён назваў інфляцыю выдаткаў і заклікаў да іх скарачэння.

Яшчэ адна найважнейшая задача — рост тавараабароту. Мікалай Снапкоў адзначыў значнасць укладу гандлю ў ВУП і неабходнасць далейшага нарошчвання тавараабароту ў 2026 годзе. Асобна ён спыніўся на важнасці арганізацыйнай работы ў сферы гандлю. Гэта сістэмны аналіз спажывецкага рынку і фактараў інфляцыі, развіццё ўзаемадзеяння вытворцаў і гандлю, павышэнне эфектыўнасці работы маркетплэйсаў па продажы айчынных тавараў, даследаванні пераваг пакупнікоў сумесна з асацыяцыямі і пастаноўка задач для вытворцаў па рэалізацыі гэтых пераваг на практыцы, работа сумесна з Дзяржстандартам па праверцы якасці імпартных тавараў і стрымліванні агрэсіўнага імпарту.ключавая задача — празрыстая сістэма цэнаўтварэння

«Летась істотна прыбавілі ў выканаўчай дысцыпліне, у рабоце са зваротамі грамадзян, у правядзенні тлумачальнай работы шляхам арганізацыі і правядзення семінараў, сустрэч і дыялогаў з вытворцамі і гандлем, у правядзенні кантрольных мерапрыемстваў», — паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч.

Пры гэтым, як падкрэсліў міністр, частка пастаўленых перад ведамствам у мінулым годзе задач не была выканана ў поўнай меры. Ключавымі застаюцца пытанні стварэння празрыстай сістэмы цэнаўтварэння, бесперабойнага забеспячэння рынку плодаагародніннай прадукцыяй, а таксама больш актыўнае прымяненне антыманапольных механізмаў. Акрамя таго, будзе працягвацца работа па ўстанаўленні дакладных правіл функцыянавання маркетплэйсаў, спыненні неабгрунтаванага пасрэдніцтва, уключаючы сферу дзяржзакупак, і павышэнні якасці прагнозаў.

Стаўка на айчынныя тавары

Паводле слоў першага намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталлі Васілеўскай, нягледзячы на ціск знешніх і ўнутраных фактараў, спажывецкі рынак заставаўся кіравальным, а тавары даступнымі: «Але разам з тым мінулы год ясна паказаў: перад намі стаялі задачы, якія патрабавалі глабальных і сістэмных рашэнняў. Рост базавай інфляцыі, зніжэнне долі айчынных тавараў, новыя выклікі, звязаныя з развіццём маркетплэйсаў. Усё гэта фарміруе парадак дня, які вызначае работу міністэрства сёлета».

Згодна з данымі ведамства, у выбары беларускіх пакупнікоў па-ранейшаму пераважаюць тавары айчыннай вытворчасці, агульная доля якіх у аб’ёме продажаў па рэспубліцы склала 54,4 %. Але ўдзельная вага тавараў айчыннай вытворчасці хоць і замарудзіла тэмпы зніжэння, тым не менш паменшылася на 2 %. Найменшая прадстаўленасць беларускіх брэндаў зафіксавана ў такіх катэгорыях, як тэлевізары, пральныя машыны, веласіпеды, парфумерна-касметычная прадукцыя.

Зніжэнне долі айчынных тавараў у гэтых сегментах звязана з комплексам фактараў, уключаючы змяненне спажывецкіх пераваг, больш актыўную рэкламную палітыку замежных кампаній і недастаткова эфектыўную камунікацыю беларускіх вытворцаў з аўдыторыяй. Адбіваюцца таксама абмежаванасць мадэльнага шэрагу тавараў і слабае ўкараненне сучасных інструментаў продажаў: «Паліцы павінны быць па-беларуску. Гэта пытанне і нацыянальнай бяспекі, і наш агульны прыярытэт. Аднак без намаганняў з боку вытворцаў, галіновых ведамстваў забяспечыць безумоўнае дамінаванне айчынных тавараў немагчыма», — падкрэсліла Наталля Васілеўская.

Увогуле, 2025 год стаў праверкай устойлівасці механізмаў рэгулявання МАРГ і здольнасцяў дзяржавы аператыўна рэагаваць на рознага роду выклікі: «Мы захавалі стабільнасць на спажывецкім рынку, утрымалі сітуацыю ў цэнавай сферы пад кантролем, забяспечылі даступнасць ключавых тавараў і падтрымку сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян. Але галоўнае — мы атрымалі дакладнае разуменне, дзе менавіта патрабуюцца намаганні і новыя падыходы ў рабоце», — адзначыла першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Па яе словах, плануецца ўмацаваць інструменты рэгулявання, далей удасканальваць сістэму кантролю, ствараць умовы для пашырэння прысутнасці айчынных тавараў і выбудоўваць сучасныя правілы для сферы электроннага гандлю: «Гэта работа патрабуе ўзгодненых дзеянняў усіх ведамстваў, рэгіёнаў і бізнесаў. Упэўнена, што пры захаванні сістэмы, дысцыпліны і адказнасці мы зможам забяспечыць устойлівасць унутранага рынку і стварыць умовы для далейшага развіцця эканомікі, павышэння якасці жыцця грамадзян».

Аміна НАЗАРАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю