Канцэрт пад назвай «Стары Новы год з „Three sticks“» прайшоў днямі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Музыканты Сямён Хананаеў, Аляксандр Выбарнаў, Дзяніс Рагазянаў і Ягор Весялоўскі выступілі перад слухачамі са святочнай праграмай — у яе ўвайшлі аўтарскія творы, а таксама саўндтрэкі да сусветна вядомых фільмаў.
Калектыў «Three Sticks», адзначаюць арганізатары, створаны з мэтай пашырыць звыклыя стылістычныя рамкі. Музыканты імкнуцца паказаць разнастайнасць ударных інструментаў, аднак, вядома, не абмяжоўваюцца толькі імі: на канцэртах можна атрымаць асалоду, напрыклад, ад ігры на раялі. Да таго ж калектыў не цураецца электронікі.
Аднак у цэнтры ўвагі — чароўныя вібрафон, марымба і перкусія. Перадусім яны прыцягваюць на канцэрты «Three Sticks» слухачоў, якіх цікавіць ігра менавіта на гэтых інструментах, адкрытых да новага гучання папулярных, многімі любімых твораў. Безумоўна, аптымальная стратэгія для калектыву маладых музыкантаў — уключаць у свае праграмы і рабіць упор у афішы на аранжыроўкі створанага вядомымі сучаснымі кампазітарамі, але і прапаноўваць уласныя напрацоўкі, захапляць аўтарскай музыкай.
Гурт быў заснаваны ў 2021 годзе салістамі Маскоўскай дзяржаўнай філармоніі, выпускнікамі Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага і Кансерваторыі Сан-Францыска Сямёнам Хананаевым, Аляксандрам Выбарнавым і Андрэем Каваленкам. Першы канцэрт адбыўся ў Маскве. З таго часу «Three Sticks» дае ў сярэднім 14 канцэртаў за год — у Расіі і за яе мяжой.
«Стары Новы год» — не першы канцэрт калектыву ў Мінску. Да гэтага ён двойчы завітваў у беларускую сталіцу, і прытым 14 студзеня ў філармоніі было шмат слухачоў, якія прысутнічалі на папярэдніх выступленнях. Між іншым, група здолела зацікавіць сваёй творчасцю рознаўзроставую публіку — ёй прыйшліся даспадобы і праграмы, якія музыканты, відаць, не афішыруюць загадзя, і нефармальны, так бы мовіць, непратакольны падыход да існавання выканаўцаў на сцэне.
Першая частка канцэрта «Стары Новы год з „Three sticks“» — «Вакол свету» — была складзена з аўтарскіх твораў калектыву. Гэта кампазіцыі, заснаваныя на тых ці іншых элементах музыкі розных народаў. Такім чынам удзельнікі калектыву прапаноўваюць слухачу здзейсніць віртуальнае падарожжа, культурную вандроўку ў Афрыку, Манголію, Ісландыю... Між тым у кожным такім прысвячэнні прасочваецца прыродны пачатак — дзякуючы выбару інструментаў і майстэрству выканаўцаў падкрэслены зварот да матэрыяльнага свету. Мелодыі гэтыя, чароўныя ў сваёй немудрагелістасці, здольны і падштурхнуць да медытацыі, і схіліць да глыбокіх роздумаў, і прымусіць засяродзіцца выключна на гучанні, напоўненым адчуваннем казачнасці, загадкавасці. У пэўнай ступені гэта тычыцца і сінглаў «Сінгулярнасць» і «Прадчуванне». Яны прысвечаны тэме неабсяжнасці космасу і звязанай з гэтым надзеі на тое, што чалавек ніколі не перастане быць часцінкай чагосьці вялікага і нязведанага.
Другое аддзяленне было прысвечана хітам, якія гучаць у найвядомейшых замежных карцінах, у тым ліку сюжэтна звязаных са святкаваннем Каляд і Новага года. Сярод фільмаў, выбраных «Three Sticks», — «Піраты Карыбскага мора» (гаворка пра часткі, знятыя Горам Вярбінскі): музыка Ханса Цымера для некаторых стужак з серыі — надзвычай папулярны выбар арганізатараў падобных канцэртаў. Гэта не адзіны зварот да творчасці славутага кампазітара — прагучаў таксама саўндтрэк да фільма «Інтэрстэлар» Крыстафера Нолана. Вядома, знаёмыя мелодыі заўсёды захапляюць публіку, якая ў выніку гатова прытанцоўваць у такт і падхопліваць песню. Так, мінскія слухачы нават пагадзіліся на просьбу музыкантаў «падыграць» падчас выканання кампазіцыі Рэя Паркера-малодшага «Ghostbusters» («Паляўнічыя за прывідамі»).
Кожная кампазіцыя ў выкананні «Three Sticks» суправаджаецца відэашэрагам. Што тычыцца другога аддзялення канцэрта, то гэта, зразумела, нарэзка з выбраных фільмаў (у некаторых выпадках дэманстраваліся нават асобныя фрагменты ў рускай агучцы). А вось частку «Вакол свету» дапоўнілі фрагменты відэападарожжаў — здымкі маляўнічай мясцовасці, яркія і зіхатлівыя, болей за ўсё яны нагадваюць кліпы... Аднак удзельнікі гурта ўпэўнены ў слушнасці выкарыстання менавіта такіх кадраў, прызначаных для таго, каб, па-першае, здзіўляць, а па-другое, падкрэсліваць музычную лінію.
Фота аўтара