У Беларусі ўступілі ў сілу новыя патрабаванні па ахове працы пры правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Якія змены прадугледжаныя новымі правіламі, расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Арганізатары павінны вызначыць супрацоўніка, які будзе адказваць за бяспеку пры выкарыстанні сцэнічнага абсталявання, мантажы і перамяшчэнні дэкарацый, выкананні трукаў і палётаў артыстаў. У яго абавязкі таксама ўвойдуць пытанні, звязаныя з ужываннем лазернай і электраакустычнай апаратуры і правядзеннем гастроляў.
Перад пачаткам мерапрыемства неабходна правяраць спраўнасць абсталявання і надзейнасць мацавання дэкарацый. Рэквізіт і бутафорыя таксама павінны быць бяспечнымі: без вострых выступаў, няспраўных дэталяў і няўстойлівых элементаў, якія могуць траўмаваць удзельнікаў прадстаўлення.
Асобнае патрабаванне датычыцца лазераў. Іх выпраменьванне не павінна трапляць на гледачоў, артыстаў і іншых работнікаў.
Для нумароў з палётамі, трукамі і батальнымі сцэнамі спатрэбіцца спецыяльны дакумент — пашпарт (эксплікацыя) нумара. У ім павінны быць прапісаны парадак выканання дзеянняў, траекторыі руху, меры бяспекі і адказныя за іх захаванне.
Артысты павінны загадзя азнаёміцца з патрабаваннямі бяспекі і практычна адпрацаваць неабходныя дзеянні.
Новыя правілы ўстанаўліваюць асобныя патрабаванні да канцэртаў, фестываляў і іншых мерапрыемстваў пад адкрытым небам.
Рэпетыцыю або само мерапрыемства могуць прыпыніць або адмяніць, а гледачоў і артыстаў — эвакуіраваць, калі хуткасць ветру дасягне 10 м/с і больш. Падставай для такіх мер таксама могуць стаць навальніца, град і іншыя небяспечныя ўмовы, з’явы.