У сталіцы працягваецца летні музычна-турыстычны сезон. З 8 па 9 жніўня мінчан і гасцей горада чакае разнастайная культурная праграма пад адкрытым небам, якая ўключае канцэрты, спектаклі, а таксама экскурсіі, паведамілі ў Мінгарвыканкаме.
8 жніўня
У 19:00 на сцэне тэатральнай гасцёўні Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу ТЭАТР эстраднай песні «Сябрынка» прадставіць канцэрт «Свет дзяцінства». У праграме-любімыя мелодыі з мультфільмаў і кранальныя песні пра мары і першае каханне.
9 жніўня
У 13:00 у Верхнім горадзе Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі пакажа прысвечаны 80-годдзю перамогі праект — Маладзёжны аркестр баяністаў і акардэаністаў выканае класічныя творы, сучасныя кампазіцыі і папуры з ваенных песень.
У гэты ж час Музей гісторыі горада Мінска правядзе бясплатную пешаходную экскурсію па вул. Кірыла і Мяфодзія і вул. Герцэна з наведваннем падвалаў былой царквы Святога Духа. Удзельнікі пазнаёмяцца з гістарычнай забудовай і архітэктурнымі помнікамі Верхняга горада.
У 17:00 у Ракаўскім дворыку народны маладзёжны тэатр «Штурх» з г. Жодзіна прадставіць спектакль «Васіль і Ганна» па матывах трылогіі Івана Мележа, які распавядае гісторыю кахання ў палескай вёсцы 1920-х гадоў, дзе пачуцці галоўных герояў праходзяць праз сур’ёзныя выпрабаванні.
Акрамя таго, з пяці вечара ў Вернім горадзе будуць працаваць дзіцячая пляцоўка з аніматарамі, лакацыя «Чытальная сімфонія» (буккросінг, жывая музыка), караоке-пляцоўка «Ваша сола» ў Музычным завулку.
У 19:00 на арт-тэрасе КЗ «Верхні горад» пройдзе танцавальная праграма «Танцуючы горад».
Гадзінай пазней каля Ратушы гледачоў чакае незвычайны канцэрт «Музыканты жартуюць» ад «Музычнай гасцёўні» Таццяны Старчанкі: класічныя творы будуць прадстаўлены ў гумарыстычнай апрацоўцы, з сюрпрызамі і выступленнямі оперных салістаў у нечаканых амплуа.