Top.Mail.Ru

Канцэрты жывой музыкі пад адкрытым небам

Што падрыхтавалі гасцям сёлетняга фестывалю «Джаз у горадзе N»?



Ужо трэці год запар 4 і 5 ліпеня ў Нясвіжскім палацы пад адкрытым небам збярэ сваіх прыхільнікаў летні музычны форум «Джаз у горадзе N». Прысутных зноў будуць радаваць непаўторныя мелодыі ў выкананні музыкантаў і артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М. Я. Фінберга. У першы вечар публіцы прадставяць праграму «Гукі джаза», прысвечаную творчасці беларускага саксафаніста Беларусі Ігара Лютага, а канцэртная праграма наступнага вечара «Сінатра-110» будзе прымеркавана да 110-годдзя Фрэнка Сінатры. 

— У нас даволі шырокі спектр музычных жанраў, якія мы выконваем. Джаз — гэта напрамак, які не вельмі развіты ў нашай краіне. Некаторыя ставяцца да яго скептычна, бо лічаць занадта сур’ёзнай музыкай, якую трэба разумець. Але мы прапаноўваем нашай публіцы зразумелы, даступны і цікавы джаз. Менавіта таму наш калектыў як не хто іншых умее яго іграць, — адзначае мастацкі кіраўнік-галоўны дырыжор Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М. Я. Фінберга» Максім Расоха.

Адзначым, у праграме першага вечара публіка пачуе выкананне джазавых твораў ад Дзмітрыя Будаліна, Наталлі Тамела, Андрэя Коласа, Ксеніі Амельчынка і Ангеліны Васілеўскай. А ўжо на вечары да юбілею Фрэнка Сінатры госцей фестывалю будуць заклікаць да танцаў і бурных авацый знакамітыя «New York, New York», «Over And Over» і іншыя вядомыя кампазіцыі. Максім Расоха нават падказаў аўдыторыі, калі варта выказваць падзяку артыстам: 

— У оперы вы апладзіруеце тры разы, у філармоніі — два. У нас можна і 20, і 30 разоў. Літаральна пасля кожнай кампазіцыі. Джаз — гэта свабоднае прачытанне музыкі. Слухачы таксама становяцца актыўнымі ўдзельнікамі.

У сваю чаргу першы намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Наталля Жарко ўзгадала, што пачалася гісторыя з джазам у Нясвіжы яшчэ зімой. Так, ужо два інструментальныя і адзін акапэльны канцэрт прайшлі ў тэатральнай зале палаца. Штогод падобныя фестывалі выклікаюць зацікаўленасць у беларусаў і ў замежных гасцей: 

— На гэты год пакуль яшчэ ёсць квіткі ў продажы. Таксама перад пачаткам канцэрта заўсёды выстаўляецца каса для тых, хто не паспеў набыць квіткі загадзя. Глядзельная зала разлічана на 600 месцаў, аднак мы можам паспець пераарыентавацца і даставіць месцы, крэслаў хапае. У такім выпадку з прыстаўнымі выходзіць да 750 месцаў.

Арганізатары «Джаза ў горадзе N» спадзяюцца, што з часам фестываль набудзе статус міжнароднага, і тады ўжо знакамітыя выканаўцы з усяго свету будуць ствараць сапраўднае свята музыкі. А пакуль на сустрэчу з джазам гасцей Нясвіжа запрашаюць беларускія артысты. У мінулым годзе акцэнт быў зроблены на інструментальнай музыцы, сёлета ж канцэрт пераважна вакальны. 

Усе свае канцэрты Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Я. Фінберга запісвае, каб пасля ўсе жадаючыя мелі магчымасць нават дыстанцыйна дакрануцца да мастацтва. Зараз стаіць пытанне аб правядзенні прамой трансляцыі фестывалю. Аднак арганізатары шчыра раяць слухаць джазавую музыку ўжывую! 

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ

Фота з сайта orchestra. by



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю