На міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» Брэсцкую вобласць прадставяць пяць рэгіёнаў. У кожнага з іх будзе свая арыгінальная канцэпцыя, якая адлюстроўвае ўнікальнасць раёнаў і багацце традыцый. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктар Рафаловіч.
Фестываль сёлета прысвечаны Году беларускай жанчыны. Гэта тэма лягла і ў аснову праграмы рэгіёнаў Брэсцкай вобласці. «У „Клічы Палесся“ возьмуць удзел ад Брэстчыны Пінск, Столінскі, Лунінецкі, Іванаўскі і Пінскі раёны. У кожнага з іх свая канцэпцыя», — падкрэсліў Віктар Рафаловіч.
Па задумцы, падворак Пінска паглыбіць гасцей у эпоху каралевы Боны Сфорцы, чые эканамічныя і культурныя рэформы змянілі Палессе. Каларыт будуць ствараць мелодыі струннага аркестра і танцавальныя замалёўкі. Жыхары Пінска абяцаюць атмасферу каралеўскага палявання і рыцарскага турніру.
На падворку Іванаўскага раёна можна будзе дакрануцца да дзіўнага свету палескіх мадоннаў. Беларускія мастакі праз гэты вобраз апявалі ў сваіх палотнах прыгажосць, сілу і духоўнасць палескіх жанчын.
Прадстаўнікі Столінскага раёна прывязуць на фестываль «скарбонку» палескіх узораў. Праз мастацтва вышыўкі будзе паказана, наколькі шматгранныя таленты жыхарак гэтага краю. Жаночыя рукі ствараюць узоры, якія захоўваюць векавыя традыцыі. Якія менавіта, прадэманструюць таленавітыя майстрыхі.
Прадстаўнікі Лунінецкага раёна імерсіўнай пастаноўкай пакажуць, як на Палессі жыве спадчына продкаў. Пасыл раскрыюць праз традыцыйныя пачастункі і абрадавае дзеянне, дзе асаблівую адметнасць унясуць гульнявыя элементы сватаўства.
На падворку Пінскага раёна наведвальнікі натхняцца творчасцю паэткі Яўгеніі Янішчыц. Яе пранікнёныя вершы апяваюць прыгажосць і самабытнасць Палесся. Яны напоўнены любоўю да роднага краю, да людзей, да жыцця.
Акрамя гэтага, на фестывалі калектывы прадэманструюць разнастайнасць вакальнага, харэаграфічнага і інструментальнага мастацтва палескіх рэгіёнаў Брэсцкай вобласці. На «Кліч Палесся» таксама прыедуць 11 майстроў Брэстчыны, якія захоўваюць традыцыі ткацтва, вышыўкі, лозапляцення, ганчарства, саломапляцення, валяння, абрадавай выпечкі, пчалярства.
Фестываль «Кліч Палесся» пройдзе 15 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы ў Гомельскай вобласці.