Беларус Яўген Каралёк стаў прызёрам трэцяга этапа шматдзённай шашэйнай велагонкі «Пяць кольцаў Масквы», паведамляе БелТА.
На перадапошнім этапе шматдзёнкі гоншчыкі пераадолелі 132 кіламетры па Вараб’ёвых гарах. Фінішную рысу прадстаўнік веласіпеднага клуба «Мінск» Каралёк перасёк другім, саступіўшы толькі Вадзіму Грэчышкіну з пецярбургскай каманды «Лакасфінкс».
Гэтае трапленне ў топ-5 на дарогах Масквы стала для беларуса ўжо трэцім на тыдні: у пралогу 15 мая Яўген паказаў пяты вынік, а напярэдадні на другім этапе размясціўся на чацвёртым радку. Акрамя таго, на першым этапе 16 траўня наш Уладзімір Гарохавік стаў сёмым, а ў суботу замкнуў пяцёрку найлепшых.
Заключны этап велагонкі «Пяць кольцаў Масквы» адбудзецца ў панядзелак 19 мая.