Мадэрнізаваная рэнтгенаперацыйная з новым ангіяграфічным комплексам з інтэграванай сістэмай для радыёчастотнай абляцыі адкрылася ў Гродзенскім абласным клінічным кардыялагічным цэнтры. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняў удзел намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Каранік, перадае БелТА.
«Сёння ў прафесійнага і вельмі матываванага калектыву Гродзенскага абласнога кардыяцэнтра істотна пашыраюцца магчымасці ў аказанні дапамогі, спецыялісты ў поўнай меры змогуць праявіць свае вопыт, веды, навыкі, талент, — адзначыў Уладзімір Каранік. — Умацаванне матэрыяльнай базы такой важнай службы, як кардыялагічная, заўсёды было ў прыярытэце ў нашай дзяржавы і абласных органаў дзяржкіравання. Работа ішла пастаянна, яна не скончыцца і сённяшняй падзеяй. Таму што мы разумеем, што спецыялісты-кардыёлагі ў сваёй дзейнасці часта сутыкаюцца з сітуацыямі, калі лік ідзе на хвіліны. Калі ад таго, як хутка і прафесійна будзе аказана дапамога, залежаць жыццё і здароўе чалавека».
Намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што новы комплекс дазволіць аказваць дапамогу яшчэ больш аператыўна, яшчэ з меншай рызыкай для медыкаў і пацыентаў, і выказаў упэўненасць, што гэта дапаможа выратаваць тысячы жыццяў і захаваць здароўе тысячам людзей. Ён асабліва адзначыў, што гэта далёка не апошні крок ва ўмацаванні матэрыяльнай базы сістэмы аховы здароўя Гродзенскай вобласці ў цэлым і кардыяцэнтра ў прыватнасці.
«Перакананы: недалёка той час, калі мы будзем адкрываць новы корпус неадкладнай дапамогі самай сучаснай кардыялагічнай службы рэспублікі, што падыме ўзровень аказання кардыядапамогі жыхарам Гродзеншчыны на яшчэ больш высокі ўзровень», — сказаў Уладзімір Каранік.
Кажучы пра ўнікальнасць гэтага праекта, намеснік прэм’ер-міністра растлумачыў, што яна не толькі ў новых магчымасцях, якія атрымліваюць кардыяхірургі. Гэта паказчык таго, як можна сумеснымі намаганнямі дамагчыся эфектыўнага выніку.
«Міністэрства аховы здароўя набыло сучасны ангіяграфічны комплекс, будаўнікі рацыянальна выкарыстоўвалі памяшканне наяўнай аперацыйнай, дзе абнавілі толькі тое, што неабходна. Медыкі ўжо ў працэсе падрыхтаваліся да работы на новым апараце, і літаральна ў наступны панядзелак змогуць пачаць на ім працаваць. Аперацыйная ўладкованая так, што абсталяванне анестэзіёлагаў знаходзіцца за яе межамі, спецыялісты ўваходзяць у зону іанізуючага апраменьвання толькі па неабходнасці. Праграмнае забеспячэнне ангіёграфа дазваляе гродзенскім урачам асвоіць новы від дапамогі – радыёчастотную абляцыю пры парушэннях сардэчнага рытму, якія пагражаюць жыццю. З’явілася магчымасць дакладна вызначаць, на якім этапе праблема, і малаінвазіўным спосабам разбураць паталагічныя шляхі, якія парушаюць работу сэрца, тым самым вяртаючы пацыента да нармальных нагрузак без рызыкі для яго жыцця», — распавёў Уладзімір Каранік.
Сённяшняя падзея — яркі паказчык таго, што здароўе людзей заўсёды было, ёсць і будзе ў цэнтры ўвагі нашай дзяржавы, а таксама таго, што, сумесна вырашаючы задачы, мы атрымліваем эканамічна і клінічна эфектыўны вынік, адзначыў намеснік прэм’ер-міністра.
Пра тое, што медыцына ў Беларусі — гэта не бізнес, не заробак на здароўе людзей, нагадаў выконваючы абавязкі старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў.
«Клопат пра гэта ўзяла на сябе дзяржава, — сказаў ён. — У прыярытэце нашай медыцыны – эфектыўная, якасная і даступная дапамога людзям. Па медыцынскую дапамогу да нас едуць і грамадзяне іншых краін. У рэгіёне адкрываюцца новыя медустановы, узводзіцца сучасная бальніца ў Гродне, будуюцца паліклінікі ў Ваўкавыску і Астраўцы, абнаўляюцца ФАПы. Што тычыцца абласнога кардыяцэнтра, то ён становіцца ўзорам аказання высакаякаснай медыцынскай дапамогі па сваім профілі. Улічваючы, што кардыялагічныя хваробы займаюць адно з першых месцаў у структуры захворвання, гэта апраўданае ўкладанне сродкаў і сіл. Задача цяпер асвоіць новы апарат хутка і якасна, каб дапамагаць людзям».
Як падкрэсліў Юрый Караеў, важна, што ўвод у строй новага ангіёграфа дазволіць скараціць ліст чакання пацыентаў, пашырыць магчымасці высокатэхналагічнай дапамогі жыхарам у сваім рэгіёне.
Сімвалічную чырвоную стужачку каля ўваходу ў аперацыйную, дзе ўстаноўлены новы ангіяграфічны комплекс, перарэзалі Уладзімір Каранік, Юрый Караеў, намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Людміла Кеда і галоўны ўрач абласнога клінічнага кардыяцэнтра Андрэй Янушка.
Як адзначылі ў кардыяцэнтры, устаноўка новага ангіёграфа адкрывае магчымасці для аказання інтэрвенцыйнай дапамогі пацыентам з тахіарытміямі, дазволіць ажыццяўляць дакладны пошук крыніцы арытміі і ўстараняць яго. У рэгіёне з яго ўводам плануюць выконваць каля 120 працэдур радыёчастотнай абляцыі сэрца ў год. Новы ангіяграфічны комплекс таксама валодае магчымасцю даследавання каранарных артэрый на наяўнасць стэназіруючага працэсу і выконваць пры неабходнасці празскурнае каранарнае ўмяшанне і стэнціраванне.