У эфіры тэлеканала «Беларусь 1» намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік расказаў аб сваім бачанні ўзмацнення ролі профільных намеснікаў прэм’ер-міністра (пра што гаварыў кіраўнік дзяржавы, прымаючы нядаўнія кадравыя рашэнні), аб паляпшэнні якасці жыцця насельніцтва праз рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў на месцах, а таксама аб роўным доступе грамадзян да сацыяльных паслуг, які вырашаецца па некалькіх кірунках.
Уладныя паўнамоцтвы
Раней Прэзідэнт Беларусі, прымаючы кадравыя рашэнні, заявіў, што ў новым урадзе віцэ-прэм’еры будуць мець значна большую вагу. Уладзімір Каранік растлумачыў, як ён бачыць узмацненне ролі віцэ-прэм’ераў ва ўзаемадзеянні з мясцовымі ўладамі і профільнымі міністэрствамі.
— Мы павінны імкнуцца да таго, каб на ўзровень кіраўніка дзяржавы выносіць толькі тыя пытанні, якія патрабуюць вырашэння на яго ўзроўні, як і на ўзроўні прэм’ер-міністра. І на ўзровень прэм’ер-міністра і кіраўніка дзяржавы выходзіць ужо з узгодненымі рашэннямі, а не выкарыстоўваць гэты высокі ўзровень для таго, каб фактычна ладзіць нейкія кансультацыі альбо абмен думкамі, — адзначыў Уладзімір Каранік.
Такім чынам, канстатаваў ён, віцэ-прэм’ерам варта на сваім узроўні ў рамках выдзеленых паўнамоцтваў прымаць рашэнні і несці за гэта адказнасць.
Зробленае сумеснымі намаганнямі цэніцца больш
Адным з кірункаў, які трэба развіваць з пункту гледжання паляпшэння якасці жыцця людзей, Уладзімір Каранік назваў падтрымку грамадзянскіх ініцыятыў.
— Фактычна гэта ідэя зарадзілася ў Гродне падчас дыялогавых пляцовак у рамках падрыхтоўкі змяненняў у Канстытуцыю. Напэўна, больш за ўсё яна і атрымала развіццё ў Гродзенскай вобласці. Фарміруецца штогод фонд падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў. І мы бачым, што з кожным годам растуць актыўнасць грамадзян і фінансаванне гэтага кірунку дзейнасці, — сказаў Уладзімір Каранік.
Віцэ-прэм’ер прывёў у прыклад сумеснае добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі.
— Калі гэта зроблена сумесна, грамадзяне гэта цэняць і захоўваюць.
Гаворачы аб захаванні гістарычнай памяці сумеснымі намаганнямі, Уладзімір Каранік адзначыў, што прывядзенне ў парадак помнікаў і воінскіх абеліскаў нясе важнае ідэалагічнае значэнне.
— Калі школьнікі, людзі ўжо сталага ўзросту, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання разам аддаюць даніну павагі тым, хто склаў галаву ў імя нашай свабоды, гэта будзе спрыяць таму, што памяць аб подзвігу нашага народа будзе жыць у стагоддзях, — упэўнены ён.
Калі месца не мае значэння
Што датычыцца вырашэння пытання аб роўным доступе грамадзян да сацыяльных паслуг, яно вырашаецца рознымі шляхамі, па некалькіх кірунках.
— Калі я казаў пра роўны доступ (да сацыяльных паслуг незалежна ад месца пражывання ў краіне. — Заўв. рэд.), трэба разумець, што гэта вырашаецца рознымі шляхамі, па некалькіх кірунках. Калі гэта датычыцца медыцыны, мы павінны забяспечыць прадастаўленне базавых медыцынскіх паслуг па месцы жыхарства чалавека і магчымасць атрымання спецыялізаванай дапамогі ў гадзіннай даступнасці. Таму тут ідзе работа па накіраванні спецыялістаў першаснага звяна, па іх навучанні і працы непасрэдна, пачынаючы з раённых цэнтраў і заканчваючы ФАПамі, — адзначыў Уладзімір Каранік.
Яшчэ адным кірункам віцэ-прэм’ер назваў перааснашчэнне і ўкамплектаванне спецыялістамі міжраённых цэнтраў і апорных клінік.
— Дзе б ні пражываў грамадзянін, у радыусе 70 км ад яго месца жыхарства былі б магнітна-рэзанансны тамограф і ангіёграф, у радыусе 50–60 км — камп’ютарны тамограф. Акрамя таго, задача дзяржавы — выбудаваць яшчэ і лагістыку дастаўкі пацыентаў да гэтых дыягнастычных магчымасцяў. Гэта значыць, фактычна для іх нічога не зменіцца. Што для жыхара Мінска, трэба будзе дабрацца ў найбліжэйшыя, скажам так, шматпрофільныя бальніцы або паліклінікі, што для жыхара невялікага раёна — дабрацца да раённага цэнтра. Далей лагістыка ўжо будзе забяспечана сіламі сістэмы аховы здароўя, — падкрэсліў ён.
Тое ж самае датычыцца і адукацыі, дадаў Уладзімір Каранік.
— Гэта падвоз навучэнцаў і павышэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ.
Гаворачы аб станоўчым вопыце работы ў Гродне (раней Уладзімір Каранік узначальваў Гродзенскі аблвыканкам), які віцэ-прэм’ер хацеў бы прапанаваць іншым рэгіёнам, ён адзначыў, што ў Гродзенскай вобласці быў пабудаваны добры ўзровень узаемадзеяння.
— Вырашэнне сацыяльных пытанняў, сацыяльных праблем праводзілася сумеснымі намаганнямі з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага, абласнога і мясцовых бюджэтаў. Такая кансалідаваная праца дазваляла многія інфраструктурныя праекты рэалізоўваць значна хутчэй, чым калі б мы чакалі фінансаванне ў поўнай меры з краіны, альбо вырашалі б гэтыя праблемы выключна за кошт вобласці, не прыцягваючы мясцовыя рэсурсы, — канстатаваў ён.
Па матэрыялах БелТА