У гэтым годзе XXXII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш б’е ўсе рэкорды па наведвальнасці. Гэта ў гутарцы з журналістамі адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік 15 сакавіка на прэзентацыі нашай краіны ў рамках кніжнага форуму.
— Прыемна ўражвае тое, што, нягледзячы на развіццё лічбавых тэхналогій, цікавасць да кнігі ў нашай краіне не слабее. У гэтым годзе пабіты рэкорд наведвальнасці. Гэта больш за 12 тысяч наведвальнікаў у дзень, сярод якіх вельмі шмат моладзі, — падзяліўся ён.
Паводле яго слоў, кніга — адзін з асноўных элементаў захавання беларускай традыцыі і гістарычнай памяці.
— Калі мы прыўём нашаму маладому пакаленню любоў да кнігі, уменне чытаць і жаданне чытаць і цікавіцца — гэта значыць, мы ў найлепшай ступені захаваем пераемнасць пакаленняў і перададзім нашым нашчадкам усе дасягненні народа, — растлумачыў ён.
Таксама спікер дадаў, што асабліва сімвалічна тое, што дзень Рэспублікі Беларусь на выстаўцы праходзіць менавіта ў Дзень Канстытуцыі нашай дзяржавы.
— Гэта адно з галоўных святаў нашай краіны, а Канстытуцыя — гэта галоўная кніга нашай краіны, і яшчэ больш сімвалічна, што ў гэты дзень мы ўручаем пашпарты маладым грамадзянам у рамках ўсебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!». Таму што пашпарт — гэта галоўны дакумент грамадзяніна. І нягледзячы на юны ўзрост нашых рабят, мы ўжо адчуваем пачуццё гонару за дасягненні маладога пакалення, — заключыў ён.
Фота аўтара