Top.Mail.Ru

Каранік: рэальны сектар павінен быць гатовы прыняць навуковыя распрацоўкі

Рэальны сектар павінен быць гатовы прыняць навуковыя распрацоўкі. На гэта звярнуў увагу старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік, выступаючы на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі па пытаннях развіцця навуковай сферы і дзейнасці НАН, паведаміла БелТА



Ён звярнуў увагу на тое, што праінфармуе не толькі і не столькі аб дасягненнях, колькі аб асноўных існуючых праблемах і мерах, накіраваных на ўдасканаленне дзейнасці навуковай сферы. 

«Мы павінны не проста аддаць распрацоўку, а дапамагчы яе паставіць на канвеер, — адзначыў старшыня Прэзідыума НАН. — Але пры гэтым неабходна ўдасканаленне механізмаў і інфраструктуры трансферу тэхналогій. Рэальны сектар павінен быць гатовы прыняць навуковыя распрацоўкі».

«Калі мы працуем у цеснай звязцы з прамысловасцю і па іх заказе вырабляем навукова-тэхнічную прадукцыю, мы яе перадаём для наступнага асваення», — сказаў Уладзімір Каранік. 


На яго думку, тут трэба ўлічваць усе фактары. «Трэба сумесна выпрацаваць тую методыку дадатковую, якая дазволіць нам бачыць усе каналы камерцыялізацыі навуковай распрацоўкі і атрымліваць аб’ектыўную карціну гэтага працэсу», — падкрэсліў кіраўнік НАН.

Трэба захаваць і прымножыць долю пазабюджэтных крыніц фінансавання навуковай дзейнасці

«За гады суверэннага развіцця інтэлектуальны патэнцыял беларускай дзяржавы істотна вырас. Гэта вынік пільнай увагі кіраўніцтва краіны», — сказаў Уладзімір Каранік.
Ён адзначыў, што выкарыстанне праграмнага мэтавага падыходу да фінансавання, выпрацоўкі і рэалізацыі прыярытэтных кірункаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці забяспечыла паступальны рост аб’ёмаў выкананых работ.

«За пяць гадоў ён вырас на больш чым 75 %, — расказаў Уладзімір Каранік. — Створаны значныя зачыны па асноўных навуковых кірунках, актуальных у сусветнай практыцы, — ад касмічнай ядзернай энергетыкі да распрацовак у галіне прамысловасці, аграпрамысловага комплексу. Тым самым вырашаецца задача забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі. Не без недахопаў, але вырашаецца. Нягледзячы на істотны рост фізічных аб’ёмаў, паказчыкі навукаёмістасці ў ВУП вагаюцца ў невялікіх межах — 0,5-0,6 %».

Кіраўнік НАН таксама адзначыў, што назіраецца станоўчая тэндэнцыя павышэння пазабюджэтных складнікаў навуковай дзейнасці, павялічваецца колькасць недзяржаўных арганізацый, якія займаюцца даследаваннямі і распрацоўкамі. «Гэта дазваляе забяспечыць апераджальны прырост пазабюджэтнага складніка ў затраты на навуку (там таксама працуюць даследчыкі). У цэлым у 2024 годзе доля пазабюджэтных крыніц склала каля 64 %. Гэту тэндэнцыю трэба захоўваць і прымнажаць», — падкрэсліў Уладзімір Каранік.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю