Top.Mail.Ru

Каранік: Супрацоўніцтва з кітайскімі кампаніямі здольна стаць драйверам глабальных медыцынскіх інавацый


Агульнапрызнаны прынцып вяршэнства каштоўнасці чалавечага жыцця з’яўляецца краевугольным каменем цывілізацыі. Пра гэта заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік, выступаючы на міжнародным форуме па медыцынскіх інавацыях і супрацоўніцтве—2025, які праходзіць у Кітаі, паведамілі ў прэс-службе ўрада. 

— Дзякуючы медыцыне мы перамаглі многія хваробы, якія раней лічыліся смяротнымі, навучыліся перасаджваць і нават штучна вырошчваць чалавечыя органы, падаўжаць і паляпшаць якасць чалавечага жыцця. А ключ да гэтага — медыцынскія інавацыі, бо менавіта яны дазваляюць нам рабіць немагчымае магчымым, — адзначыў у сваім выступе профільны віцэ-прэм’ер. 

Ён заўважыў, усе адчулі гэта, калі за лічаныя месяцы навукоўцы стварылі вакцыну супраць COVID-19.

— Сёння ва ўмовах глабалізацыі, калі выклікі аховы здароўя набываюць транснацыянальны характар, як ніколі актуальна правядзенне мерапрыемстваў, на якіх у прадстаўнікоў медыцынскіх колаў ёсць магчымасць падняць важнейшыя пытанні, якія стаяць перад сферай аховы здароўя, абмяняцца вопытам і разам знайсці шляхі вырашэння праблем, — падкрэсліў Уладзімір Каранік. 

Што датычыцца двухбаковых адносін, узровень адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай адпавядае ўсепагоднаму і ўсебаковаму стратэгічнаму партнёрству, перакананы Уладзімір Каранік.

— З 2024 года Рэспубліка Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і прымае самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах пад яго эгідай. Наша краіна праводзіць сумесныя з замежнымі партнёрамі даследаванні і распрацоўкі ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскага эканамічнага саюза, а зараз і ШАС, пашырае праграмы акадэмічнай мабільнасці, актыўна прыцягвае замежных вытворцаў да супрацоўніцтва ў сферы лакалізацыі вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў і абсталявання, — паведаміў віцэ-прэм’ер. 

Уладзімір Каранік падкрэсліў, што ўсепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства — не проста словы:

— Яркім іх пацвярджэннем з’яўляецца той факт, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў 2023 годзе здзейсніў два візіты ў Кітайскую Народную Рэспубліку для правядзення асабістых сустрэч са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Па іх выніках кіраўнікі дзяржаў адзначылі развіццё супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя, медыцынскіх тэхналогій і фармацэўтыкі як адзін з асноўных стратэгічных напрамкаў

Профільны віцэ-прэм’ер канстатаваў той факт, што Беларусь настроена на актыўны дыялог з міжнароднымі партнёрамі ў галіне медыцыны і адкрыта да супрацоўніцтва.

Ён нагадаў, што ў верасні 2024 года ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» паспяхова прайшла першая выстава Кітайскага медыцынскага абсталявання, падчас якой сваю перадавую прадукцыю прадставілі больш за 30 вядучых кітайскіх кампаній-вытворца

— Вялікая ўвага ў нашай краіне надаецца традыцыйнай кітайскай медыцыне. У актыўнай стадыі прапрацоўкі знаходзіцца праект па стварэнні ў Беларусі рэгіянальнага цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны, які, мы ўпэўнены, дазволіць зрабіць метады традыцыйнай кітайскай медыцыны даступнымі не толькі для беларускіх грамадзян, але і для грамадзян большай часткі Еўразійскага рэгіёна, — сказаў віцэ-прэм’ер.

Ён нагадаў, што зусім нядаўна ў Беларусі прайшоў юбілейны, трыццаты Міжнародны медыцынскі форум «ахова здароўя Беларусі», які сабраў больш за 160 кампаній-удзельнікаў з васьмі краін. Актыўны ўдзел у форуме прынялі і прадстаўнікі Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Уладзімір Каранік выказаў упэўненасць, што паглыбленне супрацоўніцтва беларускіх арганізацый з вядучымі кітайскімі кампаніямі ў галіне аховы здароўя здольна стаць драйверам глабальных медыцынскіх інавацый, паляпшаючы якасць жыцця мільёнаў людзей і ўмацоўваючы двухбаковыя адносіны. 

У тэму

Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва развіваецца па ўзыходзячай траекторыі 

У ходзе візіту ў КНР Уладзімір Каранік правёў сустрэчу з намеснікам старшыні Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Шэнь Юэюэ.

— У сучасных геапалітычных рэаліях Беларуссю і Кітаем створана новая мадэль адносін стратэгічнага супрацоўніцтва, стрыжнем якой з’яўляецца сумеснае развіццё і спалучэнне стратэгій развіцця дзвюх краін, — падкрэсліў Уладзімір Каранік. 

Бакі таксама абмеркавалі дасягнутыя вынікі супрацоўніцтва як у эканамічнай, так і гуманітарнай сферах, планы па супрацоўніцтве на будучыню, узаемную падтрымку па палітычных пытаннях і асуджэнне незаконнага ўвядзення санкцый і пошлін, а таксама развіццё супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю