Top.Mail.Ru

Каранік: Зроблена з душой і розумам

Намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык наведалі 23 красавіка Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці.


Пра гэта паведамляе БелТА.

Уладзімір Каранік адзначыў, што найбольш прыдатнае месца для патрыятычнага цэнтра цяжка было знайсці. Брэсцкая крэпасць — святая для ўсіх беларусаў. «Гэта месца воінскай доблесці і славы, дзе праявіліся самыя лепшыя рысы нашага народа. Фактычна гэта тое месца, дзе пачала кавацца Вялікая Перамога, юбілей якой мы адзначаем. Стварыць патрыятычны цэнтр менавіта на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці — бліскучая ідэя, якая дазваляе нашай моладзі яшчэ раз нагадаць і перадаць праўду пра подзвіг нашага народа, паглядзець на сляды ад аскепкаў і куль, і пры гэтым дае магчымасць паразмаўляць адзін з адным, займацца спортам, патрыятычным выхаваннем для таго, каб мы захавалі пераемнасць, сувязь пакаленняў», — сказаў віцэ-прэм’ер.

У патрыятычным цэнтры стварылі камфортныя ўмовы для навучання і вольнага часу. Намеснік прэм’ер-міністра звярнуў увагу, што некаторыя юнакі і дзяўчаты змогуць тут зрабіць першыя крокі да сваёй мары — стаць афіцэрамі. Для школьнікаў будуць арганізоўваць навучальныя заняткі, экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, спартыўныя спаборніцтвы. Плануецца, што першую змену прымуць у маі. На летніх канікулах для вучняў арганізуюць ваенна-патрыятычны лагер. Праграму фарміруюць насычаную экскурсіямі, сустрэчамі, забаўляльнымі мерапрыемствамі.

Уладзімір Каранік дадаў, што будавалі патрыятычны цэнтр разам. Грошы накіроўваліся з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. «Але самае галоўнае — былі ў тым ліку і ахвяраванні простых грамадзян. Рэгіёны актыўна ўдзельнічалі. Адчуваецца, што, калі мы разам, калі мы адзіныя, мы ствараем цудоўныя аб’екты і рэалізуем цудоўныя праекты», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Да прыёму выхаванцаў гатовы спальны корпус на 200 месц. У цёплы час года ў палатачным гарадку змогуць размясціцца яшчэ 400 чалавек. На тэрыторыі знаходзяцца пляцоўкі для страявой, агнявой, турысцка-тапаграфічнай падрыхтоўкі, для заняткаў па следапытанні. Стварылі спартыўнае ядро з мноствам лакацый, у тым ліку футбольнае поле, гульнявыя пляцоўкі, вяровачны гарадок, вулічныя трэнажоры.

«Усё зроблена з душой, з розумам. Калі я тут хадзіў, лавіў сябе на думцы, што не хапае толькі аднаго — дзіцячых галасоў і смеху», — сказаў Уладзімір Каранік.

У сёлетнім красавіку пачаты ўжо работы на аб’ектах другой чаргі цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі. Работы будуць выкананы ў казематах тэнальнага фронту. Там размесцяцца сталовая, навучальныя класы, памяшканні для аб’яднанняў па інтарэсах, для медыцынскай падрыхтоўкі, АБЖ, паветрана-дэсантнай падрыхтоўкі і іншыя. Трэцяя чарга прадугледжвае стварэнне культурна-дасугавага комплексу, які размесціцца ў Заходнім форце.

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю