Беларусь і Татарстан могуць выйсці на тавараабарот $1,5-2 млрд у год. Пра гэта заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч на 12-м пасяджэнні рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Татарстана, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу ўрада.
«Хацеў бы адзначыць зацікаўленасць і дынаміку ў развіцці праектаў па розных кірунках дзейнасці паміж Беларуссю і Татарстанам. Упэўнены, у нашых сілах выйсці на тавараабарот $1,5-2 млрд у год. Менавіта такія задачы ставіліся ў ходзе сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Татарстана Рустама Мініханава ў 2023 годзе», — заявіў віцэ-прэм’ер.
Паводле яго слоў, праводзіцца актыўная работа па развіцці супрацоўніцтва, падтрымліваецца высокая частата і ўзровень двухбаковых кантактаў. Так, у маі 2025 года беларуская дэлегацыя на чале з Прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным наведала з візітам Татарстан. Падпісаны і рэалізуецца пратакол дамоўленасцяў па выніках сустрэчы. Гэтым дакументам ахоплены асноўныя кірункі двухбаковага ўзаемадзеяння ў такіх сферах, як прамысловасць, нафтахімія, сельская гаспадарка, транспарт, ахова здароўя, адукацыя.
У верасні 2025 года дэлегацыя Татарстана наведала Мінск і прыняла ўдзел у мерапрыемствах выставы «ІНАПРАМ. Беларусь». «Рады быў магчымасці сустрэцца і абмеркаваць на палях гэтага форуму пытанні нашага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Вельмі важна, каб дасягнутыя дамоўленасці пераходзілі ў практычную плоскасць рэалізацыі», — сказаў на заканчэнне Віктар Каранкевіч.