Днямі завяршыўся візіт урадавай дэлегацыі на чале з намеснікам Прэм’ер-міністра Беларусі Віктарам Каранкевічам у Ліван, вынікі якой ён коратка падвёў.
— Мы дамовіліся, што павінна быць падрыхтавана адзіная «дарожная карта», план мерапрыемстваў, дзе па раздзелах можна было б завастрыць увагу па ўсім спектры пытанняў. А ў развіццё гэтай «дарожнай карты» або плана мерапрыемстваў таксама паралельна будзе арганізавана работа на ўзроўні профільных міністэрстваў па падрыхтоўцы адпаведных мемарандумаў, дзе больш канкрэтна і дэталёва будуць раскрывацца тыя ці іншыя напрамкі супрацоўніцтва, — растлумачыў віцэ-прэм’ер.
Ён адзначыў, што ўсе пытанні, запланаваныя падчас гэтага візіту, былі паспяхова вырашаны. Гэта датычыцца і правядзення сустрэч на самым высокім узроўні:
— Адбыліся сустрэчы з прэзідэнтам (Лівана-Зв.). Гэта вельмі важная сустрэча, у рамках якой было перададзена запрашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі прэзідэнту Лівана наведаць з афіцыйным візітам нашу краіну ў любы зручны час.
Паводле яго слоў, запрашэнне было прынятае. Зараз бакам трэба вызначыцца па датах правядзення сустрэч.
— Таксама прайшлі сустрэчы ва ўрадзе (з прэм’ер-міністрам), у парламенце (са спікерам), з профільнымі міністрамі. І самае галоўнае — удалося абмеркаваць пытанні, якія маюць цікавасць для дзвюх краін. Усё, што было напрацавана і прапанавана, накіравана на далейшае развіццё і павышэнне ўзроўню дабрабыту грамадзян дзвюх краін — Беларусі і Лівана, — падсумаваў Віктар Каранкевіч.