Віцэ-прэм’ер Беларусі Віктар Каранкевіч на бізнес-форуме ў Джакарце назваў пункты росту ў супрацоўніцтве Беларусі з Інданезіяй, перадае БелТА.
«Беларусь і Інданезію падзяляюць тысячы кіламетраў, але адлегласць не мае значэння для блізкіх сяброў і надзейных партнёраў. Магутны імпульс развіццю двухбаковага супрацоўніцтва быў зададзены кіраўнікамі нашых дзяржаў Аляксандрам Лукашэнкам і Прабова Субіянта падчас сустрэч летась. Дзякуючы цёплым і па-сапраўднаму даверным адносінам, якія склаліся паміж кіраўнікамі дзяржаў, і дамоўленасцям па шырокім спектры напрамкаў беларуска-інданезійскае ўзаемадзеянне выйшла на зусім іншы ўзровень. Яркае таму пацвярджэнне — рост узаемнага тавараабароту. Нам неабходна захаваць станоўчую дынаміку нарошчвання тавараабароту, а таксама знаходзіць новыя пункты росту і магчымасці для больш цеснай інтэграцыі», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Паводле яго слоў, адзін з найважнейшых напрамкаў супрацоўніцтва — сфера харчовай бяспекі. Віктар Каранкевіч адзначыў, што інданезійскія спажыўцы ўжо мелі магчымасць ацаніць якасць беларускіх харчовых тавараў, некаторыя з іх ужо пастаўляюцца на рынак Інданезіі.
Акрамя таго, Беларусь мае развіты машынабудаўнічы комплекс і гатова забяспечыць пастаўкі надзейнай і якаснай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, камунальнай і пасажырскай тэхнікі. «Для механізацыі сельскай гаспадаркі Інданезіі мы можам прапанаваць комплексныя рашэнні. Гэта не проста пастаўка тэхнікі і абсталявання да яе, а стварэнне сэрвісных цэнтраў з перадачай неабходных кампетэнцый мясцовым спецыялістам. У перспектыве мы гатовыя арганізоўваць сумесныя зборачныя вытворчасці з перадачай адпаведных тэхналогій», — заявіў Віктар Каранкевіч.
У сваю чаргу Беларусь зацікаўлена ў павелічэнні паставак інданезійскай прадукцыі і пашырэнні яе наменклатуры. Гэта, напрыклад, какава-бабы, пальмавы алей, лекавыя прэпараты, каўчук, морапрадукты, кава і іншая прадукцыя.
Дадатковы стымул двухбаковаму партнёрству надасць і ўступленне ў сілу пагаднення аб фарміраванні зоны свабоднага гандлю паміж Інданезіяй і дзяржавамі — членамі Еўразійскага эканамічнага саюза. У маі 2026 года Беларусь першай з дзяржаў ЕАЭС ужо ратыфікавала гэты дакумент.
«З улікам фарміравання зоны свабоднага гандлю нам трэба не толькі нарошчваць аб’ёмы гандлю, але і фарміраваць устойлівыя вытворчыя і інвестыцыйныя сувязі, ствараць сумесныя вытворчасці і разам выходзіць на рынкі трэціх краін», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.
Паводле яго слоў, інтарэсам нарошчвання двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва таксама адпавядае ініцыятыва па стварэнні беларуска-інданезійскага дзелавога савета. Віктар Каранкевіч прапанаваў актывізаваць работу па яго фарміраванні.
У гутарцы з журналістамі па выніках пленарнага пасяджэння бізнес-форуму віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што адносіны паміж дзвюма краінамі дынамічна развіваюцца. Ён удакладніў, што ў супрацоўніцтве па лініі забеспячэння харчовай бяспекі ўжо ёсць шэраг добрых вынікаў. Гэта, у прыватнасці, пастаўкі малочнай прадукцыі на рынак Інданезіі. Атрыманы дазвол на пастаўкі малочнай прадукцыі на інданезійскі рынак яшчэ для 13 прадпрыемстваў.
У цэлым у краін ёсць добрыя планы і напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. «Гэта і павелічэнне паставак калійных угнаенняў; пытанні, звязаныя з магчымасцю выкарыстання машынабудаўнічага патэнцыялу Беларусі. У нас ёсць і новыя пункты росту. Гэта ахова здароўя, адукацыя, гуманітарная сфера, абмен у сферы культуры. Усё гэта будзе ствараць умовы для росту тавараабароту і ўзаемнага аказання паслуг», — рэзюмаваў віцэ-прэм’ер.