На БелАЭС будзе пабудаваны дадатковы, трэці блок. Такое рашэнне прынята па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб выніках работы БелАЭС, павелічэнні электраспажывання і прапановах аб будаўніцтве новых атамных магутнасцяў. Пра гэта рашэнне паведаміў журналістам віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч, паведаміла БелТА.
«Па выніках нарады прынята рашэнне аб развіцці Астравецкай атамнай электрастанцыі, рэалізацыі другой чаргі — узвядзенні трэцяга энергаблока, — сказаў ён. — І паралельна будзе арганізавана работа па даследаванні пляцовак на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Гэта дадатковае даследаванне будзе праходзіць (на тэму таго. — Заўв. БелТА), дзе магчыма ў далейшым ва ўмовах росту электраспажывання (калі спатрэбіцца далейшае задавальненне росту электраспажывання за кошт атамнай энергетыкі) развіццё атамнай энергетыкі і менавіта ў Магілёўскім рэгіёне».
Абодва працэсы — узвядзенне трэцяга энергаблока на БелАЭС і даследаванне пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці — будуць ісці паралельна, растлумачыў віцэ-прэм’ер. «Але пастанова аб другой чарзе БелАЭС — вось цяпер, так, мы гэтым будзем займацца», — удакладніў Віктар Каранкевіч.
Што датычыцца магчымага будаўніцтва ў будучыні яшчэ адной атамнай электрастанцыі ў Беларусі, ён растлумачыў: «У далейшым рашэнне, якое неабходна будзе разглядаць па далейшым развіцці атамнай энергетыкі, будзе ўвязана і з ростам электраспажывання».