Top.Mail.Ru

У Палацы Рэспублікі ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу на суісканне Прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці 2024 года

Званне лаўрэата 2024 года было прысвоена 28 арганізацыям: з іх 14 сталі лаўрэатамі, 14 — пацвердзілі званне лаўрэата паўторна, 12 арганізацый сталі дыпламантамі конкурсу. Тры арганізацыі з ліку лаўрэатаў удастоены спецыяльных узнагарод: «Лідарства», «Дасканаласць менеджменту» і «Сацыяльная адказнасць». Пераможцы прадстаўляюць машынабудаўнічую, энергетычную, транспартную, электратэхнічную, харчовую галіны, а таксама лёгкую і хімічную прамысловасць, установы адукацыі і санаторна-курортных паслуг.


Як адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч, такія высокія ўзнагароды традыцыйна прысуджаюцца за дасягненне высокіх вынікаў у галіне кіравання вытворчасцю і бізнес-працэсамі, забеспячэнне высокай якасці прадукцыі і паслуг, укараненне прагрэсіўных метадаў менеджменту якасці. «Конкурс стаў 26-м па ліку і прадэманстраваў шырокую ўцягнутасць розных галін эканомікі і бізнесу ў працэс павышэння эфектыўнасці і якасці сваёй працы. Не выпадкова якасныя тавары і паслугі — брэнд Беларусі і візітная картка беларускага экспарту. У нашай краіне шмат робіцца, каб найлепшы вопыт па забеспячэнні высокай якасці вытворчасці развіваўся і ўдасканальваўся. Гэтыя пытанні заўсёды на асаблівым кантролі кіраўніка дзяржавы, урада», — сказаў віцэ-прэм’ер.

І дадаў, што сёння неабходна не толькі вырабіць якасную прадукцыю, але і выгадна яе прадаць: «Для гэтага трэба актыўна працаваць на знешніх рынках, шукаць новых партнёраў, прапаноўваць канкурэнтаздольную прадукцыю і паслугі, — абазначыў надзённыя задачы Віктар Каранкевіч. — Нават у існуючых няпростых знешнеэканамічных умовах мы бачым, што беларуская прадукцыя застаецца запатрабаванай. Для нас адкрываюцца новыя рынкі ў дружалюбных краінах, і важна не ўпускаць гэтыя магчымасці, працаваць на больш годны вынік».

content-img.png

content-img.png

Старшыня Дзяржстандарта Алена Маргунова адзначыла, што Прэмія Урада ў галіне якасці — знакавая, таму што ацэньваюцца не асобныя віды прадукцыі, а ў цэлым прадпрыемствы: «Многія лаўрэаты з года ў год пацвярджаюць сваё лідарства, падтрымліваюць высокую планку. Найлепшых выбіралі ў чатырох асноўных групах: прамысловая прадукцыя, харчовыя тавары, тавары вытворча-тэхнічнага прызначэння, сфера аказання паслуг. Спецыялісты ацэньвалі, як прадпрыемствы працуюць на экспарт, у галіне імпартазамяшчэння, укараняюць інавацыйныя тэхналогіі. Важныя таксама экалагічныя аспекты і кадравая палітыка, сацыяльная адказнасць. Па гэтых асноўных крытэрах ацэньвалася ў цэлым прадпрыемства, кіраўнік і яго каманда».

Адметнай рысай конкурсу сёлета стала ўкараненне стандарту беражлівай вытворчасці ў дзейнасці. Гаворка ідзе аб зніжэнні выдаткаў, рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў. Асноўная ідэя: у тавары ці ў прадукце павінна быць толькі тое, што неабходна спажыўцу, ніякіх празмернасцяў. Менавіта такія патрабаванні былі ўведзеныя ў гэтым годзе ўпершыню як асобны крытэрый, іх укаранілі ў практыку ацэнкі прадпрыемстваў.

Як адзначыў у размове з журналістамі першы намеснік міністра прамысловасці Андрэй Канюшка, міністэрства прамысловасці надае асаблівую ўвагу пытанням якасці не толькі прадпрыемстваў Мінпрама, але і ўсіх, хто ўваходзіць у вытворчы комплекс: «Прамысловасць — рухавік нашай эканомікі. Радуе, што прадпрыемствы становяцца пераможцамі конкурсу. Вельмі прыемна, што многія пацвярджаюць сваё першынства. Шэраг прадпрыемстваў, такія як БелАЗ, Мінскі маторны завод і іншыя зрабілі гэта не аднойчы, а пяць, сем, а то і больш разоў. Работа не спыняецца ні на адзін дзень. Ніхто не спачывае на лаўрах, ствараюцца новыя тавары, прымяняюцца новыя тэхналогіі».

Паводле слоў Андрэя Канюшкі, актуальнасць Прэміі Урада ўзрастае. Улічваючы, што абвешчаная пяцігодка якасці, гэта стымул, фактар далейшага прасоўвання тавараў як на ўнутраным, так і на знешнім рынках.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю