Top.Mail.Ru

Каравай вагой 150 кг плануюць спячы на фестывалі «Бацькава Булка»

На рэспубліканскім фестывалі «Бацькава Булка» плануюць спячы самы вялікі каравай. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльным развіцці ААТ «Гроднахлебпрам» Аксана Адамовіч, перадае БелТА.



На мінулым фестывалі пекары «Гроднахлебпрама» спяклі пяціметровую булку-пляцёнку. «У гэтым годзе рыхтуецца новы маштабны праект. Мы плануем спячы самы вялікі каравай вагой 150 кг, — сказала Аксана Адамовіч. — Пасля выпечкі разам з усімі ўдзельнікамі і гасцямі фестывалю абавязкова будзем яго дэгуставаць».

Таксама на фестывалі пекары і майстры з Гродна, Ліды, Навагрудка, Слоніма, Ваўкавыска і Смаргоні прадставяць свае работы на выставе-конкурсе хлебабулачных вырабаў «Бацькава булка».

Госці свята змогуць прыняць удзел у майстар-класе па выпечцы хлебабулачных вырабаў ад пекараў «Гроднахлебпрама». «Непасрэдна на плошчы любы ахвотны зможа сплесці булачку-пляцёнку, адправіць яе ў печ, а пасля забраць гатовы выраб разам з рэцэптам», — растлумачыла Аксана Адамовіч. Таксама плануецца майстар-клас па размалёўцы пернікаў.

Будуць арганізаваны фотазоны і дэгустацыя прадукцыі прадпрыемства, работа фірменнага гандлю «Гроднахлебпрама». На вачах у наведвальнікаў прыгатуюць пончыкі і іншую выпечку, можна будзе набыць разнастайную хлебабулачную і кандытарскую прадукцыю. Побач размесціцца забаўляльная зона, дзе пройдуць інтэрактыўныя мерапрыемствы для дзяцей з гульнямі, прызамі і сувенірамі.

Як адзначыла намеснік гендырэктара, усю прадукцыю, якая будзе прадстаўлена для дэгустацыі, можна будзе набыць у магазінах як фірменнага гандлю прадпрыемства, так і ў іншых, куды «Гроднахлебпрам» пастаўляе прадукцыю.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю