«Ужо бачым, што корм атрымаем лепшы, чым летась».
Дырэктар ААТ «Любінічы-Агра» Сяргей МІХАЛЮТА з разраду маладых, але ўжо вопытных кіраўнікоў. Год таму ўзначаліў гаспадарку і адразу ж зрабіў некалькі змяненняў, якія сёлета ўжо даюць добрыя вынікі. Асабіста паказаў, як вядзецца нарыхтоўка зялёнай масы ў гаспадарцы, якія новыя падыходы прымяняюцца для таго, каб якасць кармоў была на вышыні.
- «Любінічы-Агра» спецыялізуецца на вытворчасці малака і зерневых культур. Плошча прадпрыемства больш як дзевяць тысяч гектараў. Палеткі пачынаюцца адразу ж за Шкловам і цягнуцца на 35 кіламетраў амаль да суседняга Горацкага раёна. Ад райцэнтра да аграгарадка 12 кіламетраў. Гэта не адлегласць, таму сярод тых, хто працуе, шмат шклаўчан. Усяго занятыя ў вытворчасці 230 чалавек. Плошчы абслугоўваюцца вялікія, але пейзаж за акном аўто радуе. Едзем уздоўж дагледжаных палёў, абноўленых МТК, іншых важных і неабходных для работы гаспадаркі аб’ектаў.
Тут жа сталовая. «Перавялі на круглагадзічную работу, — удакладняе дырэктар. — Трэба, каб людзі ведалі, што гаспадарка пра іх клапоціцца. Механізатарам, якія занятыя на работах у палях, работнікі сталовай двойчы на дзень прывозяць ежу — абед і вячэру.
Сёння калектыў працуе ў рэжыме ад досвітку дацямна. Нельга ўпускаць час, калі ў гаспадарцы ёсць магчымасць забяспечыць харчовую бяспеку і зарабіць грошы».
— Каб дасягнуць вынікаў у вытворчасці малака і мяса, важна закласці добрую кармавую базу, — канстатуе суразмоўнік. — Лепшага перыяду для атрымання гэтай прадукцыі, чым цяпер, няма. Мы ўпор зрабілі на нарыхтоўку траў менавіта першага ўкосу. Летась закладвалі базу — паляпшалі травы, спрабавалі новыя віды і атрымалі той вынік, да якога імкнуліся. Мы ўсе мабілізаваліся і ідзём добрымі тэмпамі, хоць ва ўборачную ўступілі пазней, але тэмп узялі больш высокі. І ўжо бачым, што корм атрымаем лепшы, чым летась. Падрыхтоўчы этап праведзены якасна, і зараз нічога не перашкаджае збіраць ураджай.На надвор’е аграрыі ўжо не звяртаюць увагу, выкарыстоўваюць кожны зручны момант.
У касавіцы задзейнічана шмат моладзі. Каля вёскі Сліжы трактарыст-машыніст Яўген Кірылін косіць канюшыну і цімафееўку на сянаж. Вакол яго камбайна каля двух дзясяткаў буслоў. Прыгожа, хоць карціны пішы. Але не да рамантыкі, летам дзень год корміць.
Яўген — выпускнік Беларускай сельгасакадэміі, спачатку працаваў у ААТ «Новагарадзішчанскае», затым перайшоў сюды, як удакладняе, да жонкі на радзіму. Са сваёй спадарожніцай ён знаёмы яшчэ са школы, цяпер разам расцяць траіх дзяцей. Дачушка Дарына нарадзілася зусім нядаўна, і малады бацька прыкладае ўсе намаганні, каб забяспечваць сям’ю. Зарплата, прызнаецца, задавальняе. У поле прывозяць і абед, і вячэру. Нічога ад работы не адцягвае. Толькі не лянуйся. І Яўген стараецца. У 2022 годзе ён быў лідарам па сельгасработах у раёне, рэгулярна атрымлівае граматы.
Знаёмлюся з іншымі ўдзельнікамі касавіцы. Павел Міронаў на камбайне збірае валокі з люцэрны, Сяргей Казлоў на трактары звозіць драблёную масу ў сіласныя траншэі. Абодва працуюць у сельскай гаспадарцы больш за 10 гадоў. Сяргей кажа, што сюды яго прывяла любоў да тэхнікі. А вось Павел пайшоў па слядах таты. Успамінае, як той яго яшчэ з трох гадоў браў у поле.
— У сельскай гаспадарцы прэстыжна працаваць, заробкі добрыя, — прызнаюцца хлопцы. — Можна жыць без праблем, ні ў чым сабе не адмаўляць і ўтрымліваць сям’ю.Сучасныя агратэхналогіі дазваляюць зрабіць працу на зямлі менш цяжкай і больш высокапрадукцыйнай. А значыць і атрымаць добрую фінансавую аддачу.
— У нашай справе важна правільна выбудаваць лагістыку, — лічыць Сяргей Міхалюта. — Напрыклад, кукурузу мы зараз саджаем выключна побач з МТК. Восенню будзе танней яе прыбіраць. Кошт кармавой адзінкі знізіцца з-за памяншэння выдаткаў на паліва і час. Галоўная наша задача — нарыхтаваць сакавіты корм. Норма для работнікаў даведзена, зыходзячы з тых аптымальных тэрмінаў, у якія трэба ўкласціся. І аплачваецца ў адпаведнасці з тарыфам. А ўсё, што звыш, ідзе па павышаным. І хлопцы мяне чуюць, працуюць сумленна.У ТЭМУ
Касавіца перасягнула «экватар»
Нарыхтавана каля 60 % траў першага ўкосу.
Аграрыі краіны правялі першы ўкос траў на плошчы 825,6 тысячы гектараў, што эквівалентна 59,7 % ад запланаванага. Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.
Усяго на зімова-стойлавы перыяд 2025—2026 гадоў у сельгасарганізацыях краіны маюць намер назапасіць у сукупнасці звыш 10 мільёнаў тон кармавых адзінак, у тым ліку больш за 346 тысяч тон сена, звыш 3,9 мільёна тон сенажу і не менш як 5,79 мільёна тон сіласу. У трох абласцях краіны касавіца перасягнула «экватар» і набліжаецца да фінішу — у Брэсцкай вобласці скошана 86,5 % траў, у Мінскай — 71,7 %, у Гродзенскай — 70,6 %. Дынамічна ідуць работы ў Магілёўскай вобласці, дзе першы ўкос траў выкананы на 47,5 % ад плошчаў, у Гомельскай — на 44,5 %, у Віцебскай — на 25,8 %. Нарыхтавана амаль 3,3 мільёна тон сенажу (у тым ліку ў палімернай упакоўцы 69,4 тысячы тон), 7,5 тысячы тон сена і 172,5 тысячы тон сіласу.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара.
Шклоўскі раён.