Top.Mail.Ru

Як Калінкавічы рыхтуюцца да абласных «Дажынак»: ідзе маштабнае абнаўленне райцэнтра

Да маштабнага абнаўлення ў райцэнтры, які стане сталіцай фестывалю працаўнікоў вёскі ўсёй Гомельшчыны, прыступілі яшчэ летась. А ў апошнія некалькі месяцаў падрыхтоўка да свята максімальна актывізавалася, і цяпер на многіх аб’ектах выходзіць на фінішную прамую. Яна аб’яднала ўсе прадпрыемствы і арганізацыі раёна.


Стане прыгажэй і зручней

Перамены сёння можна заўважыць ва ўсіх частках Калінкавіч. Абноўлены аб’екты жылой забудовы, Дом культуры, ДЮСШ, аддзел ЗАГС і іншыя сацыяльна значныя ўстановы. Адначасова прыводзяць у парадак інжынерныя сеткі, мяняюць дарожную інфраструктуру, завяршаюць добраўпарадкаванне плошчы Леніна. Тут ужо ўгадваецца будучая галоўная святочная лакацыя, дзе восенню сустрэнуць удзельнікаў абласных «Дажынак».


— Для нас гэта асаблівая падзея і вялікі гонар, — падкрэсліў старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Павел СІЛІВОНЧЫК. — Комплексны план падрыхтоўкі да свята ўключае больш за 30 аб’ектаў і мерапрыемстваў з агульным аб’ёмам фінансавання звыш 50 мільёнаў рублёў. Пастаўлена задача завяршыць усе работы да 1 верасня, таму праца напружаная. Задзейнічаны ўсе службы, прадпрыемствы, падрадныя арганізацыі. Але гэта задача не толькі для будаўнікоў ці камунальных службаў. Гэта справа кожнага жыхара раёна, кожнай арганізацыі, кожнага працаўніка. Усім разам трэба зрабіць горад прыгажэйшым і годна адзначыць гэта свята.

Больш прасторы для руху

Для Калінкавіч падрыхтоўка да «Дажынак» стала яшчэ і магчымасцю рэалізаваць шэраг праектаў комплекснага абнаўлення. Сярод іх — абнаўленне вуліцы Савецкай. Гэта галоўная транспартная артэрыя горада злучае дарожныя напрамкі ў кірунку Мінска і Мазыра. Пасля завяршэння работ вуліца набудзе зусім іншае, сучаснае, аблічча. Тут з’явіцца новае вонкавае асвятленне, зменіцца арганізацыя дарожнага руху, што зробіць перамяшчэнне па горадзе больш зручным і бяспечным.


Частку работ выконвае калектыў Мазырскага ДРБУ-186. Як расказаў прараб прадпрыемства Пётр ЛІТАШ, на ўчастку дарогі ў бок Мазыра працягласцю каля 1,9 кіламетра ўсталёўваюць каля чатырох тысяч бартавых камянёў і адначасова пашыраюць праезную частку:

— Калі раней шырыня дарогі складала сем метраў, то пасля рэканструкцыі яна павялічыцца да чатырнаццаці. Будзе арганізаваны чатырохпалосны рух — па дзве паласы ў кожным напрамку. Акрамя таго, з’явяцца новыя паркоўкі, прыпыначныя пляцоўкі і тратуары. Усё гэта зробіць рух больш камфортным як для жыхароў Калінкавіцкага раёна, так і для пасажырскага транспарту.


Работы на галоўнай транспартнай артэрыі Калінкавіч забяспечылі поўную замену дарожнага «адзення» і будаўніцтва ліўневай каналізацыі як аднаго з найважнейшых элементаў рэканструкцыі праезнай часткі.

На другім участку дарогі — ад цэнтральнага кальца ў бок Мінска — з’явіцца новае асфальтабетоннае пакрыццё, будуць абсталяваны прыпыначныя пляцоўкі, паркоўкі і часткова арганізавана ліўневая каналізацыя. Практычна ў адзіным стылі аформяць і прыпыначныя павільёны.

Запланаваныя дарожныя работы на гэтым аб’екце ідуць з апярэджаннем графіка і абяцаюць парадаваць усіх аўта- і велааматараў, а таксама пешаходаў.

На здароўе!

Маштабнае абнаўленне перажывае Калінкавіцкая цэнтральная раённая бальніца, дзе, нягледзячы на вельмі актыўныя рамонтна-будаўнічыя работы, ні на дзень не спынілі аказанне медыцынскай дапамогі ў поўным аб’ёме. Цалкам завершаны работы ў дзевяціпавярховым тэрапеўтычным корпусе, практычна гатовы хірургічны корпус, падыходзіць да завяршэння 
рамонт цэнтральнай раённай і дзіцячай паліклінік.

— Завяршыць усе работы плануецца да сярэдзіны жніўня, — адзначыў галоўны ўрач Калінкавіцкай ЦРБ Андрэй ХУТЛІКАЎ. — Розніца між тым, якой бальніца была яшчэ нядаўна і якой становіцца сёння, відавочная. Мы пастараліся прадумаць усё да дробязяў, каб і пацыенты, і персанал засталіся задаволеныя. Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць калектыву і пацыентам за разуменне сітуацыі, якая склалася. Нязручнасці з-за рамонту носяць часовы характар. Пасля завяршэння ўсіх работ жыхары раёна змогуць атрымліваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў самых камфортных умовах.


На абнаўленне ўстановы аховы здароўя накіравана 7,7 мільёна рублёў, з якіх каля 90 % ужо асвоена. Генеральным падрадчыкам будаўнічых работ на ЦРБ выступае 
ААТ «Гомельскі аб’яднаны будаўнічы трэст», на аб’екце задзейнічаны як дзяржаўныя, так і прыватныя будаўнічыя арганізацыі Калінкавіцкага раёна.

Пасля добраўпарадкавання памяшканняў бальніца атрымае і новае абсталяванне. Чакаецца пастаўка сучаснага лічбавага рэнтген-апарата — завяршаецца падрыхтоўка кабінета для яго.

З’явіцца пасля абнаўлення ў ЦРБ і новая прастора для навучання медыцынскіх работнікаў. На першым паверсе тэрапеўтычнага корпуса цяпер ёсць навучальна-трэніровачны кабінет з сучасным сімуляцыйным абсталяваннем. Ён стаў адной з пляцовак практыка-арыентаванай сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна Гомельскай вобласці, даючы магчымасць адпрацоўваць навыкі аказання экстранай медыцынскай дапамогі ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных.


Сучасныя камфортныя ўмовы работы павінны заахвоціць замацавацца тут яшчэ большую колькасць маладых спецыялістаў. Дарэчы, сёлета ў ЦРБ чакаюць 26 маладых спецыялістаў, усе яны будуць забяспечаны жыллём.

Працаўнікі калектываў і арганізацый Калінкавіч, якія актыўна падтрымалі добраўпарадкаванне роднага райцэнтра, упэўнены, што правядзенне абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі стане не толькі падзеяй рэгіянальнага маштабу, але і важным крокам у развіцці іх малой радзімы. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю