Top.Mail.Ru

Карэспандэнт «Звязды» прайшла шляхам міфічнага героя

Па слядах магутнага Цмока

Паводле падання, Цмок — гаспадар лясоў і балот — жыве ў самым сэрцы Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Гэта змеепадобная істота ў адрозненні ад заходнееўрапейскіх агнядышных братоў не сее жах, а наадварот, ахоўвае парадак і дапамагае людзям, якія заблукалі. Ён і стаў галоўным сімвалам Міжнароднага фестывалю славянскай міфалогіі «Шлях Цмока», які праходзіў сёлета ўжо ў сёмы раз.

Не проста казкі

Галоўная мэта фестывалю — папулярызацыя прыродаахоўных ідэй праз нацыянальны фальклор.

— Старажытныя міфы беларусаў — не проста казкі, гэта глыбокая філасофія, якая вучыла чалавека жыць у гармоніі з прыродай. Па сутнасці, нашы продкі праз легенды стварылі першую форму аховы навакольнага асяроддзя: пакуль мы беражом прыроду, працягваецца жыццё. Фестываль вяртае гэтую мудрасць, нагадваючы, што мы — частка прыроды, а не гаспадары, — расказвае менеджар па турызме Бярэзінскага біясфернага запаведніка Дзіяна ПРАКОШЫНА.

Па яе словах, фестываль «Шлях Цмока» — наймагутнейшы драйвер для развіцця не толькі ўнутранага, але і знешняга турызму, які адкрывае аўтэнтычную Беларусь для замежных гасцей:

— Штогод ён дае вялікі імпульс для эканомікі ўсяго рэгіёна. У дні свята гасцявыя домікі, гасцініцы і сядзібы запаведніка запоўненыя на 100 %, разгортваецца палатачны гарадок. Турысты нават браніруюць гасцініцы ў суседніх Лепельскім і Докшыцкім раёнах.

Чароўны кірмаш

...На фестывальнай пляцоўцы кіпіць жыццё: чуваць музыку, галасы, смех. Стаяць палаткі рамеснікаў з керамічным посудам, лаўцамі сноў, хатнімі абярэгамі і магнітамі з міфічнымі пачварамі. Паміж лаўкамі прапануюць напоі і ласункі з мёду, духмяную гарбату, розныя морсы.

Здалёк прыцягвае ўвагу металічная 125-кілаграмовая скульптура Цмока. Шклоўскі майстар Віталій ПАЎЛОВІЧ зрабіў яе летась усяго за два месяцы. Складаней за ўсё, па яго прызнанні, аказалася каваць «скуру» — каля 1700 лускавінак! Побач з драконам — жалезныя кветкі, мячы, люстэркі і, вядома, фігуркі, падвескі, бірулькі ў форме гаспадара свята.


Рамесніца з Мар’інай Горкі Хрысціна прапаноўвае наведвальнікам аксэсуары з ручной вышыўкай: заколкі, кулоны, бранзалеты і іншыя вырабы:

— Я тут ужо другі раз. Прыязджаю за містычнай атмасферай. Такія мерапрыемствы — добрае месца для сустрэч з аднадумцамі і рознымі цікавымі людзьмі, а таксама для пошуку новых ідэй для творчасці. Добра ідзе і гандаль: наведвальнікі звычайна разбіраюць увесь асартымент.

Калі ажываюць міфы

На фестывальнай пляцоўцы можна сустрэць такіх персанажаў беларускай міфалогіі, як Лешы, Баннік, Русалка і нават саму Смерць! Пужацца не трэба — усе гэтыя істоты ахвотна сфатаграфуюцца і патанчаць з жадаючымі, раскажуць гісторыю свайго касцюма, прапануюць паўдзельнічаць у майстар-класах, гульнях і квэстах.


Асобная яркая старонка фестывалю — конкурс касцюмаў міфалагічных істот, які звычайна збірае мноства аматараў з усіх куткоў краіны. Сёлета вобразы прымералі 48 малых і дарослых удзельнікаў. Напрыклад, ветэрынары з Віцебска Галіна і Міхаіл прымаюць удзел у конкурсе не першы год. Летась касцюм Лешага прынёс Міхаілу другое месца. На гэты раз ён ужываўся ў вобраз Чарнабога, які ў славянскай міфалогіі сімвалізуе цемру і разбурэнне. Магутная постаць з чорнымі вялікімі крыламі і рагамі, нібы ў чорта, выклікае адначасова страх і захапленне.

Галіна ж абрала вобраз Вужалкі — дачкі Вужынага Караля. У гэтай прывабнай дзяўчыны з доўгім валоссем замест ног — змяіны хвост, які цягнецца доўгай стужкай па зямлі.

— Хвост Вужалкі — каля 3 метраў. Касцюм амаль цалкам зрабіла сваімі рукамі. Кожную лускавінку выразала сама, потым клеіла на мяккі каркас, каб можна было несці яго ў руках. Часу, вядома, спатрэбілася шмат, таму шыла ў кожную вольную хвіліну.

Вяртанне да каранёў

Рознабаковая фестывальная праграма ўключала цікавы канцэртны складнік і нават вогненнае шоу. Апрача вядомых беларускіх этна- і фолк-гуртоў тут выступалі замежныя артысты. Сярод іх была і якуцкая выканаўца Green Apelsіn — яе незвычайны, чароўны музыкальны стыль добра ўпісваецца ў запаведную атмасферу.

Як адзначылі арганізатары, сёлета фестываль сабраў каля 8 тысяч чалавек, пераважна жыхароў Беларусі. Такія мерапрыемства дазваляюць адкрыць краіну з незвычайнага ракурсу, даведацца больш пра яе культурныя і прыродныя скарбы. Не трэба ехаць за мяжу, каб атрымаць яркія эмоцыі — усё ўжо ёсць тут, у сэрцы роднай прыроды.

Вераніка ШЫДЛОЎСКАЯ

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю