Top.Mail.Ru

Карэспандэнт «Звязды» высветліла, як падрыхтаваліся да жніва ў СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна

Усе механізмы адладжаны

Аграрыі няхай і з асцярогай, але робяць аптымістычныя прагнозы на ўраджай. Калі наступны тыдзень будзе такі ж цёплы, першыя камбайны гэтай гаспадаркі выйдуць у поле ўжо ў пачатку ліпеня. Уся тэхніка і зернесушыльныя склады ўжо гатовы да ўборачнай кампаніі.

Бесперапынны працэс

Намеснік старшыні па вытворчасці СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Уладзімір РАМАНОВІЧ паведаміў, што ў іх на «ўзбраенні» — 570 адзінак тэхнікі, у тым ліку 89 трактароў, 94 грузавыя і легкавыя аўтамабілі, 10 збожжаўборачных і 5 кормаўборачных камбайнаў, а таксама розныя віды прычапной тэхнікі. Кожны год на капітальны і бягучы рамонт выдзяляецца 2,5 мільёна рублёў, што дазваляе падтрымліваць яе ў належным стане і рыхтаваць да ўборачных работ.

— Штогод мы імкнёмся рабіць усё своечасова, хоць у штаце і не так шмат механізатараў, як нам хацелася б. Клапоцімся таксама аб своечасовым абнаўленні і пашырэнні парка тэхнікі. Чакаем пастаўку новага камбайна і аднаго прэса для саломы, увогуле іх два, адзін ужо паступіў. Да новага ўборачнага сезона пачынаем рыхтавацца адразу ў канцы папярэдняга. Адбываецца дэфектоўка камбайнаў, якая заключаецца ў тэхнічнай дыягностыцы і дэталёвым аглядзе ўсіх вузлоў сельскагаспадарчай машыны для выяўлення схаваных і відавочных паломак, зносу дэталяў і пашкоджанняў, — расказвае Уладзімір Рамановіч.

Усе збожжаўборачныя машыны знаходзіліся на планавым тэхнічным абслугоўванні. Майстры правяралі і рамантавалі нахільныя камеры, клавішы, элеватары і іншыя важныя вузлы, замянялі зношаныя сегменты жняярак, нажы і пальцавы брус. Запасных частак хапала. Адмысловая ўвага ўдзялялася таму, каб усе вузлы і дэталі былі закупленыя да канца года, ствараючы запас і забяспечваючы бесперабойную працу пад час уборачнай кампаніі.

Акрамя таго, створаны спецыяльныя атрады для рамонту каробак перадач, рухавікоў і мастоў. Для выканання работ маецца такарна-фрэзернае аддзяленне, а таксама станкі для вырабу гідраўлічных рукавоў і шынамантажу. Гэта дае магчымасць праводзіць рамонт тэхнікі сваімі сіламі, што забяспечвае аператыўнасць і эканомію рэсурсаў.

«Працаваць на такім камбайне — адно задавальненне!»

Але, вядома, поспех гаспадаркі шмат у чым залежыць ад калектыву. Больш як 700 чалавек працуе ў СВК «Прагрэс-Верцялішкі», ва ўборцы звычайна задзейнічана каля сотні, з іх 58 механізатараў. Механізатар Аляксандр ПІКУЛЬСКІ працуе ў гаспадарцы ўжо 23 гады і з вялікім энтузіязмам расказвае пра сваю работу. Заўсёды цікава паслухаць людзей, якія любяць тое, што робяць:

— Я нарадзіўся і вырас у Верцялішках. Так што вакол мяне заўсёды былі палі і тэхніка. Да таго ж мае бацькі таксама аграрыі, таму не бачыў сябе ў іншай сферы. Ніколі не задумваўся аб змене працы. Так, работа няпростая, але вельмі цікавая, тым больш што я працую на рознай тэхніцы. Летам убіраю рапс і збожжавыя культуры, а ў канцы жніўня і восенню перасаджваюся на буракаўборачны камбайн. Акрамя таго, выязджаю ў палі апрацоўваць культуры. Але самае любімае — гэта ўборка. Прычым так было заўжды, не толькі за рулём новых камбайнаў. 

А цяпер тэхніка такая, што працаваць на ёй — адно задавальненне.

Летась Аляксандр перасеў з «Палесся» на новенькі «Гомсельмаш». Камбайн поўнасцю гатовы да ўборкі — механізатар пра гэта своечасова паклапаціўся. На момант нашай размовы ён проста яшчэ раз усё правяраў. Памеры гэтай машыны здзіўляюць — жняярка больш за 9 метраў! Кіраўніцтва гаспадаркі адзначае, што ўсе механізатары вельмі беражліва адносяцца да тэхнікі. Такое стаўленне не менш важна, чым новыя дэталі.

СВК «Прагрэс-Верцялішкі» — адна з перадавых гаспадарак не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў краіне. Агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў прадпрыемства складае 10 467 га, з якіх 5971 га адведзены пад ворыва. Пад сяўбу азімых збожжавых вылучаецца крыху больш за 1237 га, пад яравыя — 470 га. Пад азімы рапс аддадзена 600 га, пад яравы — 40 га. І гэта далёка не поўны спіс культур, а яшчэ ёсць сад. І дзякуючы своечасовай падрыхтоўцы ўвесь ураджай будзе ўбраны своечасова, толькі б надвор’е не падвяло!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю