Top.Mail.Ru

Карэспандэнты «Звязды» даведаліся, чым сёння жыве і як развіваецца Слуцкі раён

Случчына сучасная і прывабная

Пра горад Слуцк і яго старажытную гісторыю мы шмат чаго ведаем са школьных падручнікаў. Гісторыя гэтага краю цікавая і багатая на людзей і падзеі. Адны толькі слуцкія паясы ўслаўляюць нашу краіну, як унутры, так і далёка за яе межамі. Хаця сучасная Случчына з насельніцтвам каля 84 тысяч чалавек — гэта таксама «радзіма» смачных сыроў, хлебабулачных вырабаў і цукру. Чым яшчэ знакаміты гэты раён і як ён сёння развіваецца, пра стан аграпрамысловага комплексу і ролю ў ім жанчыны, карэспандэнтам «Звязды» расказаў старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір ГОГА.

Аснова — 24 прамысловыя прадпрыемствы

Прамысловы сектар раёна фарміруюць 24 прамысловыя прадпрыемствы, 7 з якіх адносяцца да харчовай і перапрацоўчай галіны, на іх долю прыпадае да 86 % усёй выпускальнай прадукцыі раёна, і 17 — да прадпрыемстваў, якія вырабляюць нехарчовыя тавары, падзяліўся кіраўнік раёна.

— Бюджэтаўтваральнымі з’яўляюцца ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ААТ «Слуцкі цукрарафінадны камбінат», КУП «Слуцкая ЖКГ» і ААТ «Слуцкі хлебазавод», — удакладніў Уладзімір Леанідавіч. — Усе яны працуюць паспяхова.

«Мы павінны ў максімальна сціснутыя тэрміны скончыць уборку»

Сельская гаспадарка — заўсёды актуальная тэма, якой удзяляецца пільная ўвага, падкрэсліў падчас размовы старшыня Слуцкага райвыканкама.

— У нас ёсць 15 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і адзін райаграсэрвіс, які адносіцца да Слуцкага цукрарафінаднага камбіната і працуе непасрэдна на пасеве і ўборцы цукровых буракоў, — расказаў ён. — Спецыялізацыя раёна — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне збожжавых, бульбы, цукровых буракоў, лёну і рапсу.

З улікам нядаўна праведзенай селектарнай нарады пад кіраўніцтвам Прэзідэнта стаіць задача ў максімальна сціснутыя тэрміны ўбраць хлеб з палёў. У Слуцкім раёне пасяўныя плошчы складаюць 31 660 гектараў без уліку рапсу і кукурузы.

Аграрыі Слуцкага раёна па стане на 14 жніўня ўбралі збожжавыя і зернебабовыя культуры на 74 % адведзеных плошчаў. Ураджайнасць іх складае 64,4 цэнтнера з гектара. Намалочана 152 060 тон збожжа. Ураджайнасць азімага жыта — 50 цэнтнераў з гектара, пшаніцы — 68, трыцікале — 64. Рапс убраны на 100 % адведзеных плошчаў, ураджайнасць — 49,6 цэнтнера з гектара.

На ўборачнай задзейнічана 119 камбайнаў. Нагрузка на камбайн складае 342 гектары. 100 % з іх своечасова прайшлі ўсе дзяржаўныя тэхнічныя агляды.

На што звяртаў асаблівую ўвагу Прэзідэнт, гэта зернеачышчальна-сушыльныя комплексы, іх у нас — 37 адзінак. На камбайнах задзейнічана 125 механізатараў. У мэтах бяспекі абавязкова арганізавана дзяжурства там, дзе працуе тэхніка ў палях.


Для прыёму збожжа ў наяўнасці 111 складскіх памяшканняў. Ва ўсіх арганізацыях раёна прадугледжана двухразовае гарачае харчаванне. Людзі, у прынцыпе, задаволеныя, як іх кормяць, нараканняў па якасці або асартыменце не было.

Я думаю, што мы павінны ў максімальна сціснутыя тэрміны скончыць уборку, таму што арганізоўваем яе на ўзроўні, які патрабуе кіраўнік дзяржавы, не менш за 6 % убіраем штодзённа.

Хачу асобна падзякаваць у сімвалічны Год беларускай жанчыны случчанкам, якія працуюць на карысць раёна і ўсёй нашай краіны, на роднай зямлі ствараюць сем’і і выхоўваюць дзяцей.

Гаворачы пра аграпрамысловы комплекс, я б хацеў адзначыць Марыну Пенязь, якая працуе падчас уборачнай у ААТ «Вясейскі Пакроў» нашага раёна, хоць асноўная яе прафесія — настаўнік. Дарэчы, зусім нядаўна яна пераадолела намалот у тысячу тон збожжа!

Робячы акцэнт на сельскай гаспадарцы, мы цэнім усіх жанчын — прадстаўніц розных прафесій і сфер дзейнасці.

«Па магчымасці ўлічваем запыты людзей»

Асобна кіраўнік раёна спыніўся на сацыяльнай сферы. У прыватнасці, на сістэме аховы здароўя.

— У нашай Цэнтральнай раённай бальніцы сёлета адкрыўся яшчэ адзін кабінет камп’ютарнай тамаграфіі, — распавёў ён. — Акрамя таго, функцыянуе новае аддзяленне магнітна-рэзананснай тамаграфіі. Раней мясцовым жыхарам неабходна было для атрымання гэтых паслуг ездзіць у Мінск або Салігорск, а цяпер яны прадастаўлены ў родным горадзе.

Для дзяцей і падлеткаў з’явяцца два школьныя стадыёны. Яны будуць сучаснымі, з бегавымі дарожкамі і футбольнай зонай.

Безумоўна, мы па магчымасці ўлічваем запыты людзей. Напрыклад, у горадзе не хапае месцаў для купання — толькі адзін пляж на 60 тысяч чалавек. Месца для стварэння яшчэ аднаго вызначана. Спадзяёмся, прыватны бізнес захоча ўзяць гэты кавалачак зямлі, акультурыць, прывесці яго ў парадак і зрабіць яшчэ адзін гарадскі пляж.

Сёлета плануецца ўзвядзенне сямі дамоў, пяць з якіх будуць цалкам арэнднымі — для работнікаў сілавых ведамстваў і сацыяльнай сферы. Мы гэтым хочам зацікавіць людзей, якія вярнуліся або прыехалі ўпершыню да нас на вучобу або адпрацоўку. Усё ж такі для чалавека гэта вельмі важна — ці ёсць, дзе жыць.

Пры гэтым мы разумеем, што моладзі патрэбна, каб было дзе правесці вольны час. У гэтым кірунку актыўна працуе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — праводзіць турзлёты, конкурсы, спаборніцтвы.

Задачы на пяцігодку

— Найважнейшая — стварэнне новых канкурэнтаздольных вытворчасцяў і, як следства, працоўных месцаў, — адзначыў Уладзімір Леанідавіч. — Для гэтага ў нас ёсць усе ўмовы. Мы гатовыя суправаджаць любога інвестара.

З кожным годам прыгажэе

На Случчыну прыязджае даволі шмат турыстаў, адзначыў Уладзімір Гога.

— Наведваюць наш вядомы музей слуцкіх паясоў, абноўлены краязнаўчы музей, гуляюць па набярэжнай, цэнтральнай вуліцы Леніна, у парку. У нас распрацаваны турыстычныя маршруты па горадзе. Людзі, якія прыязджаюць да нас нават у камандзіроўкі, знаходзяць час, каб наведаць знакавыя месцы.

Мы не стаім на месцы, кожны год імкнёмся рабіць раён больш прыгожым і прывабным. Задумак шмат. Сумеснымі намаганнямі рэалізуем!

Ёсць патэнцыял і кампетэнцыі

У раёне актыўна вядзецца інвестыцыйная дзейнасць. Так, за першае паўгоддзе гэтага года ў эканоміку раёна інвеставана больш за 430 мільёнаў рублёў, а тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал склаў 132,5 %.

Што датычыцца інвестыцыйных праектаў, іх пералік сфарміраваны зыходзячы з бягучай і перспектыўнай спецыялізацыі Слуцкага раёна, з улікам яго канкурэнтных пераваг, патэнцыялу і кампетэнцый, расказала начальнік аддзела эканомікі Слуцкага райвыканкама Святлана ШЫЛОВІЧ.

— Так, на Слуцкім сыраробным камбінаце рэалізуецца інавацыйны праект у межах ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» па выпуску каштоўнага бялку — бычынага лактаферыну, завяршыць які плануем у 2027 годзе, — адзначыла яна. — Аналагаў такой вытворчасці ў СНД яшчэ няма. Гэты праект у лютым быў таксама ўключаны ў пералік праектаў «Рэгіянальнай ініцыятывы». У канцы ліпеня ўзгодненая заяўка на ўключэнне яго ў пералік «Новых прадуктаў», што ўведзены для падтрымкі праектаў мясной і малочнай галіны.

Акрамя таго, у межах ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» на вытворчай пляцоўцы «Слуцкага мясакамбіната» агракамбіната 

«Дзяржынскі» рыхтуецца да рэалізацыі праект па вытворчасці мясных буйнакавалкавых паўфабрыкатаў з ужываннем тэхналогіі папярэдняга шокавага астуджэння.

На тэрыторыі раёна таксама плануецца рэалізацыя праектаў з выкарыстаннем крэдытных інвестыцыйных прадуктаў. У сакавіку бягучага года інвестыцыйны праект СТАА «Інтэрферм» па выпуску грануляваных і вадкіх хлебапякарных дражджэй быў уключаны ў пералік праектаў «Тэхналагічная самадастатковасць», а праект ТАА «Узбекскія традыцыі» па будаўніцтве аб'екта прыдарожнага сэрвісу — у афіцыйны пералік інвестыцыйных праектаў «Турыстычны патэнцыял».

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю