Top.Mail.Ru

Карэспандэнты «Звязды» паглядзелі на сітуацыю з чэргамі на АЗС

«Часам не хапае арганізацыі і ўзаемапавагі»

На нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, якая адбылася 16 кастрычніка ў Мінску, кіраўнік дзяржавы востра адрэагаваў на скаргі людзей, якія датычацца чэргаў на аўтазаправачных станцыях. Тады Аляксандр Лукашэнка патрабаваў разабрацца з праблемай, якая хвалюе грамадзян. Не ўсе, аказваецца, карыстаюцца паслугамі АЗС правільна, не перашкаджаючы астатнім удзельнікам дарожнага руху. Асобныя грамадзяне нярэдка блытаюць запраўку з прыдарожным кафэ, з-за чаго ствараюцца заторы. Прэзідэнт даручыў МУС у самыя кароткія тэрміны разабрацца ў гэтым пытанні і «навесці жалезны парадак». Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі праверылі, як змянілася абстаноўка на самых загружаных запраўках беларускай сталіцы.

«Жалезны парадак»

Каб на свае вочы разабрацца ў сітуацыі, разам з супрацоўнікамі ДАІ адпраўляемся адразу на некалькі заправачных пунктаў. Разлік быў на максімальны ажыятаж гадзіны-пік, калі тут збіраюцца тыя, хто спяшаецца за горад, і тыя, хто проста вяртаецца дадому. Так, калонкі былі занятыя, але чаргі практычна не было. Унутры міні-маркета, дзе пах свежай кавы змешваецца з лёгкім водарам бензіну, таксама панавала рабочая атмасфера без лішняй мітусні.

Як адзначае інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама капітан міліцыі Андрэй Пісарук, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі заўсёды трымаюць сітуацыю на АЗС на ўзмоцненым кантролі: «Кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача „навесці жалезны парадак“. Мы заўсёды пільна сочым за выкананнем ПДР на АЗС: прадухіляем заторныя сітуацыі, звяртаем увагу на правільную паркоўку і стаянку, на месцы для інвалідаў. Вядома, трапляюцца людзі, якія не разумеюць сутнасць праблемы. З такімі праводзім прафілактычныя гутаркі, а за канкрэтныя парушэнні ПДР прыцягваем да адказнасці».

Паводле слоў супрацоўніка ДАІ, вадзіцелям нярэдка не хапае ўзаемапавагі. «Мы пільна сочым за тым, каб не было такіх сітуацый, калі кіроўцы пакідаюць свае аўтамабілі ў месцах, дзе гэта забаронена па ПДР. Вадзіцелям не заўсёды хапае ўзаемапавагі. Калі людзі будуць адзін аднаго паважаць, такія сітуацыі больш не ўзнікнуць».

«Галоўнае, што нас пачулі»

І гэта сапраўды так! На сталічныя запраўкі мы заязджалі свабодна, аўтамабілі не стаялі як папала. Каб зразумець, наколькі такая сітуацыя цяпер тыповая, пагутарылі з самімі вадзіцелямі. Таццяна разам з дачкой прыехалі на выхадныя з Магілёва. Паводле слоў жанчыны, сітуацыя з чэргамі на запраўках у абласным цэнтры заўсёды была лепшая, чым у сталіцы. Цяпер жа, пасля нарады ў Прэзідэнта, усюды парадак: «Заўсёды прытрымліваюся прынцыпу: заправіўся, ад’ехаў на паркоўку і далей ужо ідзі па сваіх справах. Я думаю, што многае тут залежыць і ад выхавання саміх кіроўцаў. Важна паважаць адзін аднаго, — лічыць жанчына. — Акрамя таго, у апошні час на запраўках у Магілёве сталі ўстанаўліваць спецыяльныя таблічкі з просьбай не ствараць заторы. Думаю, у сукупнасці гэта ўсё прыносіць свой плён».

А вось мінчанін Дзмітрый прызнаецца, што з праблемай «аматараў кавы» сутыкаўся амаль заўсёды. «І я не разумею, як так можна... Чалавек пакідае свой аўтамабіль каля калонкі, знікае на паўгадзіны — і хай увесь свет чакае! Прыемна, што праблема выйшла на самы высокі ўзровень. Гэта ўсяляе надзею, што ўсё абавязкова нармалізуецца. Ды і ўжо, хоць прайшло не так шмат часу, такіх чэргаў стала значна менш. Паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя далей. Галоўнае, што нас пачулі».

Мінчанка Вольга — кіроўца з 20-гадовым стажам. Паводле яе слоў, праблема ёсць і датычыцца не толькі сталіцы, але і рэгіёнаў у цэлым. Практычна кожныя выхадныя яна ездзіць у Гродна ці пад Оршу да сваякоў. «Як правіла, праблема з чэргамі на АЗС узнікае ў пікавыя дні: па пятніцах, суботах і нядзелях, калі людзі едуць да сваіх родных са сталіцы і калі вяртаюцца ў Мінск. Пры гэтым заторы ўзнікаюць не на ўсіх запраўках, а толькі там, дзе адлегласць паміж імі складае плюс-мінус 50 кіламетраў. Акрамя таго, пробкі ўзнікаюць яшчэ і таму, што не падзелены самі патокі. Таму і атрымліваецца, што ў мяне дарога ад Мінска, напрыклад, да Гродна без заезду на запраўку займае дзве з паловай гадзіны. А калі я заязджаю на запраўку, працэс расцягваецца яшчэ на паўгадзіны, а то і болей. Патраціць паўгадзіны ці гадзіну на тое, каб проста заправіцца, — гэта праблема. Колькі было выпадкаў, калі я разварочвалася і ехала на наступную запраўку ў надзеі, што хопіць паліва, — расказвае яна. — У той час як праз дарогу (у адваротным напрамку) стаіць запраўка, на якой наогул няма машын, таму што ў нядзелю, напрыклад, ужо практычна ніхто не едзе ў бок Гродна. Усе едуць у Мінск».

Паводле слоў кіроўцы, у такім выпадку ўзнікаюць пытанні да работы Белнафтахіма як арганізацыі ў цэлым, так і да лакальных кіраўнікоў той ці іншай запраўкі. «Для таго, каб вырашыць сітуацыю з заторамі, можна ж перакінуць людзей з незапатрабаванай у гэты канкрэтны дзень запраўкі на запатрабаваную праз дарогу, каб супрацоўнікаў было, умоўна, не два, а тры. Другое — можна размежаваць транспартныя патокі. Плюс да ўсяго, вельмі многае залежыць ад выхавання вадзіцеляў. Я неаднаразова была сведкай такой сітуацыі, калі чалавек прастаяў паўгадзіны ў чарзе, а потым сам робіць гэтак жа, думаючы пра сябе: „Я сам чакаў, і хай цяпер іншыя таксама пачакаюць“. І гэта няправільна, для гэтага існуе паркоўка. Калі хочаш перакусіць, адгані аўто на паркоўку, і еш, колькі ўлезе... Тут праблема ў выхаванні нашых кіроўцаў і ў арганізацыі работы з боку Белнафтахіма. Супрацоўнікі АЗС у ідэале самі павінны праз гучнагаварыцелі, каб усе чулі, адганяць машыны. Напрыклад: „Кіроўца аўтамабіля Geely, вы ўжо заправіліся, адганіце аўтамабіль на паркоўку“. Пакуль так не робяць, таму і падключылі Дзяржаўтаінспекцыю, супрацоўнікі якой цяпер наводзяць парадак на АЗС. Але, на маю думку, гэтым павінны былі займацца супрацоўнікі Белнафтахіма, таму што праблема насамрэч ёсць», — адзначае Вольга.

Яшчэ адной прычынай узнікнення пробак мінчанка назвала недастатковую колькасць саміх АЗС: «Безумоўна, ёсць пэўныя нарматывы па колькасці заправак, якія, хутчэй за ўсё, выконваюцца. Але я кажу з пункту гледжання простага кіроўцы. Я езджу па рэспубліканскіх трасах, ад Гродна да Оршы — практычна праз усю краіну. 

І на маім шляху ўсяго з дзясятак заправачных станцый з вялікай адлегласцю паміж імі. Гэтага недастаткова. Калі ты не ўсачыў, што загарэлася „лямпачка“, табе банальна можа не хапіць паліва, каб даехаць да наступнай запраўкі... Такім чынам праблема сапраўды ёсць, і вельмі радуе, што за яе вырашэнне ўзяліся на самым высокім узроўні».

Жыхар сталіцы Эдуард — прафесійны вадзіцель. Мінчанін працуе дальнабойшчыкам, таму на АЗС, можна сказаць, бывае часцей, чым дома. «Я заўсёды не разумеў людзей, якія пакідаюць свае аўтамабілі дзе патрапіла і знікаюць па сваіх справах. Гэта вельмі дрэнна. На запраўках ёсць спецыяльныя пляцоўкі, паркуйцеся там і піце сваю каву колькі заўгодна. На беларускіх запраўках мы фурамі стаім, начуем, і нас ніхто не выганяе, — падкрэслівае кіроўца. — Пасля нарады ў Прэзідэнта часта сустракаю на АЗС супрацоўнікаў ДАІ. Яны канкрэтна ўзяліся за сітуацыю і наводзяць ідэальны парадак. Але я лічу, каб такіх сітуацый надалей не ўзнікала, неабходна звычайнае чалавечае стаўленне адзін да аднаго. Бо не будзе супрацоўнік на самай справе 24 гадзіны ў суткі стаяць і сачыць за „аматарамі кавы“. Усё гэта ўзнікае ад непавагі адзін да аднаго».

Заправачныя станцыі будуць узмацняцца дадатковым персаналам

«Калі аўтамабіль займае калонку неапраўдана доўга, аператары па гучнай сувязі просяць ўладальніка вызваліць месца, — падкрэслівае начальнік упраўлення забеспячэння вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі цэнтральнага апарата кампаніі „Беларуснафта“ Валерый Атрошчанка. — Для максімальнага паскарэння працэсу кампанія актыўна прасоўвае сучасныя спосабы аплаты: на АЗС па ўсёй краіне ўстаноўлена каля 140 тэрміналаў самаабслугоўвання, а таксама распрацаваны мабільны дадатак „Беларуснафта“, які дазваляе аплаціць паліва, не адыходзячы ад калонкі. У бліжэйшы час збіраемся закупіць і ўстанавіць больш кас самаабслугоўвання, каб разгрузіць аператараў».

Ён таксама адзначыў, што для вырашэння праблемы ў перыяды пікавай нагрузкі — раніца панядзелка ці вечар пятніцы, выхадныя дні — заправачныя станцыі будуць узмацняцца дадатковым персаналам. Гэты набор мер дазваляе значна паскорыць працэс запраўкі ў гадзіны-пік і эфектыўна прадухіляць ўзнікненне затораў.

Варта задумацца

Мабыць, самым правільным рашэннем бачыцца магчымасць карыстацца касай самаабслугоўвання. На самой калонцы адсканіраваў QR-код, заправіўся, ад’ехаў — і, калі захацелася перакусіць, зайшоў набыць усё неабходнае. А ў гэты час тое ж самае робіць ужо іншы вадзіцель. Але гэтая схема будзе працаваць толькі ў выпадку безнаяўнага разліку, якім карыстаюцца не ўсе...

Таксама пачулі іншыя слушныя прапановы: калі ўжо прадпрыемства атрымлівае дадатковы прыбытак ад продажу ежы і напояў, то варта было б разгледзець падзел касы кафэ і касы запраўкі. Гэта значыць, увесці дадатковую штатную адзінку. Аднак ёсць рызыка, што гэта спародзіць іншую праблему: людзі будуць вымушаныя стаяць у чарзе двойчы. Увогуле, кіраўніцтву заправачных станцый варта задумацца, як аптымізаваць працу.

А заадно — і паразважаць над тым, чаму сітуацыя, якая складваецца ў сферы іх адказнасці, была даведзена да рысы, калі ў яе прыйшлося ўмешвацца Прэзідэнту. Вадзіцелям жа варта засвоіць наступнае. Дзяржава пачула нашы просьбы аб стварэнні камфортных умоў на АЗС, пайшла насустрач, забяспечваючы гэтыя ўмовы. Варта ацаніць такі крок і карыстацца адкрытымі магчымасцямі цывілізавана, не ствараючы праблем адзін аднаму. А каб разуменне адбывалася хутчэй, нялішнім будзе ведаць, што за паводзінамі несвядомых кіроўцаў на запраўках будзе назіраць і Дзяржаўтаінспекцыя... Адно можна сказаць дакладна: калі ў праблеме пачынае разбірацца наш Прэзідэнт — яна будзе вырашана!

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю