Паводле слоў намесніка начальніка Заводскага РУУС Мінска — начальніка крымінальнай міліцыі Дзмітрыя Беліка, міліцыяй устаноўлена: у сацыяльных сетках жанчына пазнаёмілася з нібыта карэйскім акцёрам (паўднёвакарэйскае кіно сёння папулярнае ва ўсім свеце), які пасля непрацяглых кантактаў адправіў ёй сертыфікат на 20 мільёнаў долараў, а таксама аўтамабіль Mercedes. Неўзабаве мінчанцы сапраўды прыйшло паведамленне ад «міжнароднай службы дастаўкі», што дарагая пасылка затрымана, яе трэба растаможыць, заплаціўшы дзве тысячы долараў.
Калі ж ахвяра паведаміла, што такой сумы не мае, яе ўгаварылі набыць замежныя падарункавыя карты ў лік аплаты мытнага збору. Легальнасць падобнай схемы ёй пацвердзілі ў месенджары нейкія грамадзяне «Дональд Трамп» і «Ілан Маск».
Жанчына пагадзілася. Толькі пасля пераводу трох тысяч рублёў у эквіваленце і чарговага патрабавання грошай яна зразумела, што папалася на хітрыкі аферыстаў.
У сувязі з гэтым міліцыя зноў нагадвае: будзьце асцярожныя пры зносінах у інтэрнэце, не верце сцвярджэнням незнаёмцаў аб адпраўцы вам шчодрых падарункаў. Бясплатнага нічога не бывае.