А месцамі шквалістае ўзмацненне ветру
А месцамі шквалістае ўзмацненне ветру
Як паведамілі рэдакцыі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, у бліжэйшыя дні да нас рухаюцца няўстойлівыя паветраныя масы з боку акваторыі Балтыйскага мора.
У аўторак умовы надвор’я ў Беларусі ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі ўначы месцамі ў паўднёвых раёнах краіны, дзе захаваецца ўплыў атмасфернага фронту, чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі слабы туман. Вецер паўночна-заходні ўмераны. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад 11 да 17 °С цяпла, а максімальная днём складзе ад 23 да 29 °С. Атмасферны ціск істотна не зменіцца.
У сераду на большай частцы тэрыторыі краіны захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску. Днём на поўначы рэспублікі адаб’ецца ўплыў франтальнага раздзелу, які перамяшчаецца да нас з боку Рыжскага заліва. Пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі ўдзень месцамі на поўначы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў умераны, удзень пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад плюс 8 да 15 °C, а максімальная днём складзе ад 19 °C па поўначы да 28 °C па поўдні краіны.
У чацвер умовы надвор’я ў асноўным будуць вызначаць франтальныя раздзелы і няўстойлівыя паветраныя масы, якія паступаюць з Паўночнай акваторыі Балтыйскага мора. У той жа час, у заходніх рэгіёнах адаб’ецца ўплыў больш цёплых паветраных мас. Пераменная воблачнасць. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах навальніцы. Вецер паўночна-заходні парывісты, удзень месцамі на ўсходзе моцны парывісты. Тэмпература паветра злёгку павысіцца і складзе ўначы ад плюс 9 да 16 °C, а максімальная днём установіцца ад 19 да 26 °C, а па захадзе да 29 °C цяпла.
Сяргей КУРКАЧ