Ужо зусім хутка адбудзецца Дзень беларускага пісьменства. Па традыцыі гэтае свята праводзіцца ў першую нядзелю верасня ў розных гарадах Беларусі. Сёлета на ўрачыстасць запрашае Ліда. Сабралі для вас гайд з цікавымі мясцінамі Лідчыны, якія варта наведаць.
Сэрца раённага цэнтра
Ліда — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі. Ён мае багатую і цікавую гісторыю, якая пачалася ў 1323 годзе, калі вялікі князь Гедымін заснаваў яго. З канца XIV і да пачатку XVI стагоддзя Ліда была адным з вялікакняскіх гарадоў з першай пяцёркі ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Тут можна ўбачыць архітэктурныя помнікі і атрымаць асалоду ад прыгажосці вуліц. Сёння Ліда працягвае захоўваць сваю гістарычную спадчыну, прыцягваючы турыстаў з розных куткоў Беларусі і замежжа.
Адной са значных падзей у гісторыі Ліды стала будаўніцтва Лідскага замка ў XIV стагоддзі. Ён стаў сімвалам сілы і магутнасці горада, а таксама яго важнай абарончай структурай. Замак перажыў нямала ўзрушэнняў, але выдужаў і адкрыты для турыстаў.

У самым сэрцы Ліды, побач з велічным замкам, узвышаецца Крыжаўзвіжанскі касцёл, выкананы ў стылі віленскага барока. Гэты будынак, таксама вядомы як «фарны» касцёл, з’яўляецца галоўным храмам горада. Унікальнасць яго заключаецца ў тым, што быў пабудаваны ў 1765 годзе і, нягледзячы на дзве сусветныя вайны, здолеў захаваць сваю гістарычную каштоўнасць. Таксама ў Лідзе варта наведаць ансамбль былога кляштара піяраў: Свята-Міхайлаўская царква (былы Іосіфскі касцёл), манастырскі корпус.
Малыя архітэктурныя формы
Апроч гістарычных аб’ектаў у Лідзе варта звярнуць увагу на малыя архітэктурныя формы, якія ўдала дапаўняюць гарадскі ансамбль. Гэта помнік «Бронзавы герб горада», скульптуры «Камандзіровачны», «Баншчык Вася», «Сонечны гадзіннік». І калі мы ўжо загаварылі пра малыя архітэктурныя формы, звярніце ўвагу і на помнікі Гедыміну і Францыску Скарыне, камень у гонар заснавання Ліды.
Прамысловы турызм
Лідскі раён вядомы не толькі культурнымі і гістарычнымі славутасцямі, але і сваімі прадпрыемствамі. Наведаць можна ААТ «Лідскае піва». Завод, які вырабляе знакамітае піва, мае больш за сто гадоў гісторыі. Гэты напой — адзін з вядучых брэндаў не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ва ўсёй Беларусі. Нядзіўна, што многія жадаюць убачыць, як ствараецца прадукт. Экскурсіі на прадпрыемства адкрываюць усе этапы тэхналагічнага працэсу.
Наведайце шклозавод «Нёман». Гэтае месца спадабаецца не толькі аматарам прамысловага турызму. Стварэнне шкла — складаны і захапляльны працэс. Падчас экскурсіі ў вас будзе ўнікальная магчымасць паўдзельнічаць у ім. На тэрыторыі шклозавода «Нёман» знаходзіцца музей-крама. Тут вы даведаецеся аб гісторыі прадпрыемства, якая пачалася ў XIX стагоддзі, пазнаёміцеся з найлепшымі работамі лідскіх майстроў. Многія з іх можна набыць, каб захаваць памяць аб візіце.
ААТ «Лідахарчканцэнтраты» адчыняе дзверы для ўсіх, хто хоча даведацца, як ствараюцца любімыя кукурузныя палачкі «Хрумсцік». Вам пакажуць увесь працэс: ад вырабу паўфабрыкатаў да фасоўкі гатовага прадукту. У канцы экскурсіі вас чакае прыемны бонус — магчымасць пакаштаваць прадукцыю непасрэдна на вытворчасці.
Вадзяны млын у аграгарадку Дворышча

Гісторыя вёскі Дворышча бярэ свой пачатак больш за пяць стагоддзяў таму. Першая дакументальная згадка пра яе датуецца 1524 годам, калі ўладальнікам быў Юрый Іллініч. Пасля маёнтак пераходзіў да розных гаспадароў, уключаючы Мікалая Радзівіла Сіротку, езуітаў, Філіпава, Карышава, Вольскага, Пуслоўскага і баронаў Лівенаў. У XIX стагоддзі ў Дворышчы была пабудавана сядзіба, якая ўключала дом, млын, гаспадарчыя пабудовы і парк. Да сярэдзіны стагоддзя ўсе будынкі былі драўлянымі, але потым іх замянілі на каменныя. У вёсцы з’явіліся палац, крухмальны завод, бровар, гамарня, стайня, свіран, ледавік і карчма. Сёння ў Дворышчы прыцягвае ўвагу вадзяны млын, у якім для ўсіх адкрыты выставачныя залы.
Касцёл Святога Міхала Арханёла ў вёсцы Белагруда
Гэты касцёл варта наведаць па некалькіх прычынах. Ён аб’ядноўвае рысы розных архітэктурных стыляў: неаготыкі, раманскага і мадэрну. Храм уражвае сваімі памерамі і добра бачны нават здалёк. Блізкасць да трасы Мінск—Гродна робіць яго даступным для турыстаў. Па дарозе можна спыніцца, каб палюбавацца гэтым велічным будынкам.
Заказнік «Дакудоўскі»
Паблізу раённага цэнтра размешчаны заказнік «Дакудоўскі» — унікальны прыродны комплекс. Ён уключае верхавое балота з журавінамі і лясныя масівы. Праз тэрыторыю праходзяць турыстычныя маршруты, у тым ліку знакаміты «Нёманскі шлях». Заказнік — самы маленькі на Гродзеншчыне, аднак гэта найбуйнейшы верхавы балотны масіў Лідскага краю. Яго плошча — больш за 600 гектараў. Тут захавалася першародная прырода з рэдкімі відамі раслін і жывёл. Заказнік створаны для абароны журавінавых плантацый і падтрымання гідралагічнага рэжыму на месцы былых торфараспрацовак.
Сядзіба ў Мажэйкаве
У Мажэйкаве падарожнік, даследуючы мясцовыя архітэктурныя помнікі, абавязкова заўважыць сядзібу, якая з’яўляецца яркім прыкладам позняга класіцызму. Пасля рэстаўрацыі будынак захаваў сваё вонкавае аблічча, але страціў першапачатковую ўнутраную атмасферу. Сёння сядзіба — адміністрацыйны корпус. Парк вакол — каштоўны гісторыка-культурны аб’ект. Некаторыя элементы, такія як лаўкі, захаваліся з мінулых часоў, дазваляючы наведвальнікам адчуць дух мінулых эпох і атрымаць асалоду ад аўтэнтычнай абстаноўкі.
Канешне, гэта далёка не поўны спіс славутай Лідчыны, але з іх можна пачаць знаёмства з раёнам. Прыемнага падарожжа!
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ