Старшыня ЦВК Ігар Карпенка ў праекце тэлеканала АНТ «Маркаў. Нічога асабістага» даў ацэнку заявам БДІПЧ АБСЕ, паведамляе БелТА.
«Я б прывёў фразу са знакамітага мультфільма пра Віні-Пуха: „Я доўга думаў і нарэшце зразумеў, што гэта няправільныя пчолы“. Па-першае, ніхто не надзяляў гэтую арганізацыю выключнасцю ацэнкі выбараў у якіх-небудзь краінах. Гэтыя заявы, што Беларусь пазбавілася незалежнай ацэнкі... Не пагаджуся, бо ў нас былі 486 міжнародных назіральнікаў, уключаючы дзве сур’ёзныя міжнародныя арганізацыі, такія як СНД і ШАС, АДКБ, Панафрыканскі парламент, — адзначыў Ігар Карпенка. — Нам могуць сказаць, у Еўропе сапраўдная дэмакратыя, не падобная на нашу. Але тады ўзнікае пытанне: а хто вас упаўнаважыў даваць такія ацэнкі? Магчыма, прымаліся рашэнні на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, яны ратыфікаваліся нацыянальнымі парламентамі? Нічога ж падобнага не было. І чым яны кіруюцца ў гэтых ацэнках?»
Напрыклад, у межах СНД ёсць Канвенцыя аб стандартах дэмакратычных выбараў, мы яе прытрымліваемся, падкрэсліў кіраўнік ЦВК. «Яна была не проста падпісана кіраўнікамі дзяржаў, а ратыфікавана нацыянальнымі парламентамі нашых дзяржаў, гэта значыць набыла сілу заканадаўчага акта, міжнароднага дагавора, які мы прымяняем і пры ацэнцы выбараў, і пры ацэнцы нашага выбарчага заканадаўства. Калі мы яго карэкціруем, мы суадносім гэтыя рэчы і аналізуем, — дапоўніў ён. — А на Захадзе карыстаюцца выключна метадычкамі, якія напісалі для кожнай краіны, прычым рознымі. Таму сёння гэтай арганізацыі, каб адысці ад характарыстыкі „няправільныя пчолы“, трэба сесці за стол перагавораў, абмеркаваць метадалогію ацэнкі выбараў, прыняць узважаныя рашэнні і прымяняць гэтую метадалогію для ўсіх краін без выключэння, незалежна ад таго, Беларусь гэта ці Вялікабрытанія, ЗША ці Германія, Казахстан, Узбекістан ці Малдова. Трэба дакладна выпрацаваць падыходы. Але, нажаль, пакуль гэтага няма».