Top.Mail.Ru

Карпенка: Выбары праводзяцца ў інтарэсах нашага народа, краіны, і нікому не будзе дазволена ўмешвацца

На выбарчы ўчастак № 5 Цэнтральнага раёна сталіцы Старшыня ЦВК Ігар Карпенка прыйшоў разам з членамі сваёй сям’і. Пасля галасавання старшыня ЦВК адказаў на пытанні журналістаў, расказаўшы, за што ён аддаў свой голас, дзе могуць прагаласаваць беларусы, якія жывуць за мяжой, а таксама пракаментаваў высокую яўку выбаршчыкаў і рэзалюцыю Еўрапарламента па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.


Яўка высокая

Ігар Карпенка расказаў, што праведзена маштабная праверка гатоўнасці ўсіх участкаў для галасавання, у ЦВК паступіла інфармацыя з месцаў у разрэзе кожнай участковай камісіі. 

— Два дні галасавання паказваюць, што людзі вельмі актыўна ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе, яўка даволі высокая. Гэта сведчыць пра тое, што людзі ахвотна ідуць на выбарчыя ўчасткі і робяць свой асэнсаваны выбар, што, уласна кажучы, зрабілі і мы са сваёй сям’ёй, аддаўшы голас за будучыню Беларусі — мірную, спакойную, справядлівую. 

Ён падкрэсліў, што сёння ўчасткі працуюць у штатным рэжыме. І расказаў, дзе галасуюць грамадзяне, якія жывуць за мяжой. 

— Сёння на шасці ўчастках, якія ёсць у абласцях і Мінску, ужо прагаласавала 15 нашых грамадзян, якія пражываюць за мяжой. Нагадаю, што ў Адзіны дзень галасавання такіх грамадзян было ўсяго толькі шэсць. Таму можна казаць пра тое, што не адкрываючы ўчасткі за мяжой, мы стварылі ўмовы для тых грамадзян, якія не маюць прапіскі на тэрыторыі Беларусі, але састаяць на консульскім уліку. І яны могуць цягам датэрміновага галасавання з 21 па 25 студзеня, і ў асноўны дзень галасавання 26 студзеня прагаласаваць на гэтых участках. Спадзяемся, што пагранпераходы ў Брэсце, Гродна не будуць ствараць перашкод для таго, каб нашы грамадзяне маглі прагаласаваць у гэтых абласных цэнтрах, — адзначыў Ігар Карпенка. 

Пакуль без скаргаў 

Пакуль парушэнняў на выбарчых участках не зафіксавана, гэтак жа як няма скаргаў ні ад кандыдатаў у прэзідэнты, ні ад грамадзян. З пачатку выбарчай кампаніі ў ЦВК паступіла каля 1,5 тысячы вусных і пісьмовых зваротаў. 

— Як правіла, яны звязаны з удакладненнем: ці правільна паступіла ўчастковая камісія, шмат зваротаў датычацца таго, што грамадзянін прапісаны ў адным месцы, галасаваць хоча ў іншым — даем адпаведныя тлумачэнні, прамая тэлефонная лінія ЦВК працуе ў штатным рэжыме. З 24 па 27 студзеня ў малым зале Палаца рэспублікі пачне працаваць інфармацыйны цэнтр ЦВК, — расказаў Ігар Карпенка.

За два дні датэрміновага галасавання яўка выбаршчыкаў перавысіла 17%. Старшыня ЦВК адзначыў, што яна крыху вышэйшая у параўнанні з Адзіным днём галасавання. І гэта апраўдана: статыстыка ўсіх прэзідэнцкіх кампаній сведчыць, што яны вылучаюцца высокай яўкай выбаршчыкаў. 

— Мы жывём у прэзідэнцкай рэспубліцы, і людзі ўсведамляюць, што пасада Прэзідэнта — ключавая, якая вырашае многія пытанні жыццядзейнасці нашай дзяржавы, вызначае перспектыву развіцця краіны. Людзі гэта разумеюць і робяць свой асэнсаваны выбар на карысць таго ці іншага кандыдата, арыентуючыся на тыя праграмы, якія ім бліжэй. 

Ігар Карпенка падкрэсліў, што гэта прэзідэнцкая кампанія завершыць працэс глабальнай палітычнай мадэрнізацыі нашай краіны, які быў запушчаны ў выніку рэспубліканскага рэферэндуму 2022 года. 

— Меркавалася не толькі ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, заканадаўства, уключаючы выбарчае, але і абнаўленне ўсіх галін улады. Гэта мы і рабілі цягам некалькіх гадоў пасля рэферэндуму: правялі Адзіны дзень галасавання, выбралі дэпутацкі корпус, членаў Савета рэспублікі, дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Цяпер трэба выбраць Прэзідэнта і вызначыць стратэгію развіцця краіны не проста на пяцігодку, а магчыма, і на бліжэйшыя 10 гадоў: куды будзем рухацца, як будзем развівацца, якія будуць прыярытэты і асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, — падзяліўся Ігар Карпенка.

Грубае парушэнне электаральнага суверэнітэту

Старшыня ЦВК пракаментаваў дзеянні апазіцыйных тэлеграм-каналаў, якія апублікавалі спісы членаў выбарчых камісій. 

— Гэта грубае парушэнне электаральнага суверэнітэту, я мяркую, што праваахоўныя органы дадуць адпаведную ацэнку гэтаму факту. Разам з тым я магу сказаць, што гэта ніякім чынам не паўплывае на работу камісій, у нас ёсць зваротная сувязь, у рэжыме відэаканферэнцыі я магу выйсці на сувязь з кожным старшынёй выбарчай камісіі. 

Ён падкрэсліў, што ва ўчастковых камісіях працуе 75 % жанчын, у тэрытарыяльных — 68 %. 

— У нас гістарычна так склалася, што жанчыны заўсёды праяўлялі асаблівую мудрасць, скрупулёзную ўвагу да даручаных спраў дзяржаўнай важнасці, — адзначыў Ігар Карпенка. 

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды» па рэзалюцыі Еўрапарламента, дзе заяўлена аб непрызнанні выбараў Прэзідэнта Беларусі, Ігар Карпенка таксама назваў гэта прамым умяшаннем у электаральны суверэнітэт нашай краіны. 

Гэта паняцце замацавана ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, зацверджанай УНС, таму трэба даваць адпаведныя адзнакі і рабіць высновы. Я двойчы выбіраўся дэпутатам парламента, і ў сілу сваіх абавязкаў мне прыходзілася працаваць з рознымі парламенцкімі структурамі. Еўрапарламент — не асноўная структура ў свеце. Ёсць Парламенцкі саюз — вялікае аб’яднанне, якое працуе пад эгідай ААН, іншыя міжпарламенцкія аб’яднанні, напрыклад, Міжпарламенцкая асамблея СНД, АДКБ, ёсць парламент Саюзнай дзяржавы. Любы палітык павінен быць акуратным у сваіх разважаннях і заявах. Як можна даваць ацэнку працэсу, які пачаўся і яшчэ не завяршыўся? З якіх крыніц яны бяруць інфармацыю: нехта, седзячы за мяжой, нешта на каленцы напісаў і выдаў, як ісціну ў апошняй інстанцыі? Мы павінны дакладна разумець, што выбары Прэзідэнта Беларусі праходзяць у інтарэсах нашага народа, нашай краіны, і нікому не будзе дазволена ўмешвацца ў наша суверэннае права праводзіць іх ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам, — рэзюмаваў Ігар Карпенка.

Фота: БелТА


Даслоўна

Аляксандр Вальфовіч, дзяржсакфратар Савета Бяспекі:

— Электаральны суверэнітэт — важны здабытак нашай краіны і прыярытэт, які ўключаны ў канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Ніхто не мае права дыктаваць любой суверэннай дзяржаве, які выбар рабіць яе народу. Таму ніхто не мае права дыктаваць народу Беларусі, які выбар ён павінен зрабіць.


Лічбы сведчаць

За два дні ў датэрміновым галасаванні на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел 17,67 % ад агульнай колькасці грамадзян, уключаных у спісы для галасавання, паведамілі ў Цэнтрвыбаркаме.

У Брэсцкай вобласці атрымалі бюлетэні 19,35 % грамадзян, у Віцебскай — 18,35 %, у Гомельскай — 17,67 %, у Гродзенскай — 15,13 %, у Магілёўскай — 17,98 %, у Мінскай — 17,72 %, у Мінску — 17,20 %.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю