Top.Mail.Ru

Карповіч: «Гэта не лічба з галавы»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Я не прашу вас рэгуляваць прывазную экзотыку, усякія там артышокі або авакада. Няхай гэты авакада каштуе столькі, колькі каштуе. Мая справа — забяспечыць насельніцтва той агароднінай і садавінай, якую мы здольныя і вырабляем у Беларусі. Людзям павінна быць па кішэні самае простае: капуста, цыбуля, бульба, морква, яблыкі».

Падчас нарады па новай сістэме рэгулявання цэн 28 лютага 2025 года.


Ці хопіць беларусам уласнай плодаагародніннай прадукцыі да новага ўраджаю, чаму вытворцам не варта гнацца за выкананнем паказчыка па экспарце і на якіх прынцыпах павінна фарміравацца формула справядлівай цаны, у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расказаў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч.

«У рамках разумнага ўзроўню рэнтабельнасці»: аб аптымізацыі пастановы № 713

Міністр удакладніў, што ў пытаннях цэнаўтварэння ўрад не плануе ўводзіць глабальныя змены, а дасць магчымасць аблвыканкамам і вытворцам прымаць рашэнне аб павышэнні цэн. Яно павінна зыходзіць з узроўню існуючай рэнтабельнасці на прадукцыю, якая вырабляецца за апошнія чатыры гады з улікам даведзеных паказчыкаў па ўзроўні індэкса спажывецкіх цэн для краіны на бягучы год.

— З аднаго боку, магчымы рост цэн на тавары, работы і паслугі, з другога — гэта павінна быць у рамках разумнага ўзроўню рэнтабельнасці, устаноўленага вытворцам зыходзячы з яго папярэдніх гадоў працы, а не нейкай лічбы з галавы, — падкрэсліў Артур Карповіч.

Ён дадаў:

— Цяпер, паводле пастановы Саўміна № 713 «Аб сістэме рэгулявання цэн», рэгулюецца 331 пазіцыя спажывецкіх тавараў у частцы гандлёвай, аптовай надбаўкі, — растлумачыў ён. — Разглядалася пытанне па скарачэнні пераліку гэтых тавараў або яго аптымізацыі, у тым ліку па імпартных таварах. У гэтым кірунку ўрад у найбліжэйшы час павінен разам з аблвыканкамамі, Нацыянальным статыстычным камітэтам, Камітэтам дзяржкантролю выпрацаваць узгодненае рашэнне па аптымізацыі названага пераліку, і роля пастановы № 713 працягнецца, але ўжо ў аптымізаваным варыянце.

«Боязі на сёння няма»: аб запасах стабілізацыйных фондаў

— Плодаагароднінную прадукцыю мы трымаем на асаблівым кантролі, — падкрэсліў Артур Карповіч. — Да міжсезоннага перыяду ў дзяржаве фарміруецца пэўны запас, каб не было перабояў з гэтай прадукцыяй з кастрычніка да мая, да новага ўраджаю. Два тыдні таму мы накіравалі наша галоўнае ўпраўленне сумесна з упраўленнямі гандлю і паслуг аблвыканкамаў у стабілізацыйныя фонды, каб паглядзець, як яны захоўваюцца і ў якім стане, ці дастаткова аб’ёмаў якаснай прадукцыі для таго, каб забяспечыць увесь спажывецкі рынак да канца міжсезоннага перыяду.

Па выніках праверкі зроблены адназначныя высновы: ва ўсіх рэгіёнах краіны прадукцыя захоўваецца ў належных умовах. Пэўныя «шурпатасці» з якасцю маюцца, але яны ў цэлым не ўплываюць на аб’ём гэтых запасаў.

— Таму з боку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, упраўленняў гандлю і паслуг аблвыканкамаў якой-небудзь боязі на сёння не маецца, — сказаў на заканчэнне міністр.

Артур Карповіч таксама нагадаў, што ёсць магчымасць уводзіць меры нетарыфнага рэгулявання ў выглядзе забароны на вываз прадукцыі. Так, цяпер у краіне дзейнічае забарона на вываз прадукцыі для таго, каб забяспечыць стабільную сітуацыю на ўнутраным рынку па даступных для насельніцтва цэнах. Разам з тым, побач ёсць Расійская Федэрацыя, дзе вялікі рынак і высокі попыт. І пры наяўнасці лішку беларускую плодаагароднінную прадукцыю гатовыя забраць туды за кароткі прамежак часу.

Ён таксама падкрэсліў, што наяўнасць у дастатковай колькасці прадуктаў з баршчовога набору ў крамах і гандлёвых сетках кантралюецца МАРГ і Міністэрствам сельскай гаспадаркі практычна ў рэжыме анлайн, гэта сумесная работа. Напрыклад, калі ёсць празмернасць пэўнага віду прадукцыі і рынак стаў спажываць яе менш, уносіцца прапанова ва ўрад па адкрыцці той ці іншай пазіцыі на вываз у Расійскую Федэрацыю. Цяпер разглядаецца вываз морквы, якой у запасе з лішкам. Значыць, яе можна прапанаваць на экспарт і зарабіць валюту.

— На ўвесь міжсезонны перыяд мы заклалі больш за 121 тысячу тон плодаагародніннай прадукцыі. З іх на сёння ў нас рэшткі павінны быць па плане парадку 48 тысяч тон, аднак фактычна іх 57 тысяч тон. Гэта значыць, яшчэ запас, які мы можам прадаць на экспарт і які можна адрэгуляваць пры пастаўках на ўнутраны рынак у выпадку ўзнікнення павышанага попыту, — адзначыў Артур  Карповіч.

«Нашы людзі не павінны перакрываць рэнтабельнасць»: пра экспарт прадукцыі

Профільны міністр нагадаў, што перад МАРГ стаіць задача пашырыць асартымент айчынных тавараў на паліцах беларускіх магазінаў, для чаго распрацоўваюцца пэўныя меры. І ў гэтых пытаннях неабходна знайсці агульныя падыходы з айчыннымі вытворцамі.

— Вытворца часта ў пагоні за выкананнем паказчыка па экспарце забывае пра ўнутраны рынак, разумеючы, што ён нікуды ад яго не дзенецца, — падкрэсліў ён. — Ёсць у нас факты, калі на ўнутраны рынак вытворцы пастаўляюць прадукцыю значна даражэй, чым прадаюць яе на экспарт. Нашы людзі не павінны перакрываць рэнтабельнасць, якую не даатрымлівае прадпрыемства на тэрыторыі замежных дзяржаў. Таму мы ўносім прапанову ўсталяваць нарматыўна, што нашы вытворцы спажывецкіх тавараў не маюць права пастаўляць сваю прадукцыю на экспарт танней, чым прадаюць яе на ўнутраным рынку. Вытворцам будзе дадзена права на вываз прадукцыі па цэнах ніжэйшых, чым яны пастаўляюць на ўнутраны рынак, аднак права будзе давацца толькі ў выключных выпадках. Для гэтага трэба будзе атрымаць узгадненне на месцах — у абласных выканаўчых камітэтах, Мінскім гарвыканкаме. У МАРГ ўпэўнены, што такія меры дадуць пэўны эфект. Аднак прынятыя бізнесам рашэнні могуць быць успрыняты неадназначна, бо некаторыя вытворцы лічаць ўнутраны рынак прэміяльным і не саромеюцца пра гэта казаць.

На думку Артура Карповіча, не павінна складвацца сітуацыі, калі «нашы людзі са свайго кашалька плацяць за вырабленую на нашай тэрыторыі нашымі ж людзьмі прадукцыю даражэй, чым яе прадаюць у суседнюю дзяржаву».

Па матэрыялах БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю