Прычына простая: з надыходам маразоў вугальныя электрастанцыі Польшчы забруджваюць выхлапамі ўсё вакол, не даючы прадыхнуць ні сабе, ні «зялёным» суседзям. Нямецкія палітыкі ўжо абвінавачваюць польскі ўрад у невыкананні дырэктыў ЕС. Але лягчэй (у тым ліку і дыхаць) ад гэтага не становіцца.
Разам з маразамі ў Польшчу прыйшоў атрутны смог. Узровень забруджанасці паветра ў краіне значна перавысіў нормы. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на польскія СМІ. З-за пахаладання палякі сталі выкарыстоўваць незаконныя печы і абаграваць свае дамы вугалем.
Так, 17 лютага ў Варшаве і ваколіцах былі зафіксаваны шматразовыя перавышэнні нормаў узроўню забруджанасці паветра. Тэмпература ў польскай сталіцы ўначы апусцілася да мінус 10 градусаў. Гэта адразу адбілася на паказчыках забруджвання паветра.
Праблема ахоплівае ўсю Польшчу. З вечара 16 лютага карты вымярэнняў якасці паветра пачалі свяціцца чырвоным. У некаторых рэгіёнах сістэма абвесткі насельніцтва пра пагрозы alert RCB выпусціла папярэджанні аб рэзкім пагаршэнні якасці паветра.
Як адзначала раней выданне Krakow.wyborcza, у Польшчы налічваецца больш як 3 мільёны печаў, і ў іх па-ранейшаму паляць не толькі вугаль, але і вугальныя адходы, а таксама смецце. У выніку над Польшчай вісіць карычневае воблака, якое змяшчае таксічны кактэйль з пылу, цяжкіх металаў, злучэнняў серы і азоту.
Самымі забруджанымі гарадамі, як паказвае Krakow.wyborcza, з’яўляюцца Кракаў, Познань, Вроцлаў і Варшава.
Якасць паветра ў гарадах з’яўляецца адной з асноўных праблем навакольнага асяроддзя і аховы здароўя, з якой сутыкаецца Польшча. Як перадавала агенцтва РІА «Новости», крытыка з боку еўрапейскіх экалагічных арганізацый, рэгулярны смог і рост колькасці пацыентаў з лёгачнымі захворваннямі вымушаюць польскія ўлады скарачаць выкарыстанне вугалю ў энергетыцы. Так, жыхарам Варшавы з 2023 года забаранілі ацяпляць дамы вугалем і выкарыстоўваць несертыфікаваныя ацяпляльныя прылады. Але, мабыць, многія палякі ўсё яшчэ карыстаюцца печамі. У Варшаве і навакольных муніцыпалітэтах дагэтуль працуе больш за 40 тысяч старых печаў, іх часта пакідаюць як рэзервовую крыніцу цяпла.
...і атручвае Германію
З праблемай забруджанасці паветра сутыкнулася і Германія. Нямецкія эксперты не сумняваюцца, што значная частка гэтага чаду прыйшла да іх з Польшчы.
Да іх таксама далучаюцца палітыкі, якія заклікаюць палякаў адысці ад вугальных электрастанцый. Ужо некалькі дзён Федэральнае агенцтва па навакольным асяроддзі (UBA) паведамляе аб высокім узроўні забруджвання паветра, што захоўваецца амаль ва ўсёй Германіі.
— Каля 50 % цвёрдых часціц у Берліне ў цяперашні час прыпадае на Польшчу, 12 % — на Германію, — паведаміла кіраўнік аддзела ацэнкі якасці паветра UBA Утэ Даўэрт, словы якой прыводзіць Bіld.
UBA таксама апублікавала абноўленую карту забруджвання паветра над Германіяй. Карта паказвае, што ў мінулую пятніцу канцэнтрацыя малекул РМ 2,5 была настолькі высокай амаль ва ўсёй краіне, што практычна ўсе рэгіёны былі адзначаны чырвоным колерам. Яны абвінавачваюць палякаў у гэтым чадзе.
Нямецкія палітыкі не засталіся ўбаку ад абвінавачванняў Польшчы як крыніцы атручвання паветра.
Міністр навакольнага асяроддзя Ніжняй Саксоніі Крысціян Мэер абвінаваціў польскі ўрад у невыкананні дырэктыў ЕС.
— Кліматычныя мэты ЕС таксама дастасавальныя да Польшчы. Для чыстага паветра Польшча павінна выконваць правілы ЕС. Адмова ад вугалю, вырашаная ўрадам Туска ў 2024 годзе, павінна быць ажыццёўлена хутка, — падкрэсліў ён у інтэрв’ю Bіld.
Міністр нагадаў, што ў Германіі кожны домаўладальнік павінен абсталяваць свой прыватны камін фільтрамі, інакш яго адключаць, у той жа час коміны ў Польшчы па-ранейшаму дымяць без перашкод.
А прэс-сакратар экалагічнай палітыкі парламенцкай групы ХДС/ХСС у Бундэстагу доктар Аня Вайсгербер заявіла, што міністру «не спадабаецца», як палякі плануюць замяніць свае вугальныя электрастанцыі.
— Планы ўключаюць будаўніцтва шасці атамных электрастанцый, — пракаментавала яна, спаслаўшыся на адсутнасць планаў па ўкараненні «зялёнай энергіі».
Электрадамы і менш выкідаў у атмасферу: чым БелАЭС выгадная для Беларусі
Не так даўно ў нашай краіне праходзіў форум «Атамная энергетыка: новыя магчымасці для інавацыйнага развіцця нацыянальнай эканомікі», на якім намеснік міністра энергетыкі Дзяніс Мароз адзначыў, як з'яўленне Беларускай АЭС прынесла відавочную выгаду нашай краіне.
Ён растлумачыў, што БелАЭС забяспечвае каля 40 % унутраных патрэб краіны ў электраэнергіі. Калі да ўводу станцыі больш за 90 % электрычнай і цеплавой энергіі выпрацоўвалася на імпартаваным прыродным газе, то за кошт БелАЭС гэты паказчык знізіўся да 67 %.
З моманту ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму першага энергаблока станцыя дазволіла замясціць 10 млрд куб. м прыроднага газу.
— Зніжэнне прыроднага газу ўплывае не толькі на забеспячэнне энергетычнай бяспекі краіны, але і на экалагічны складнік. Беларуская АЭС дазваляе скараціць выкіды ў атмасферу на 7 млн тон за год. Гэта досыць вялікая лічба, — прыводзіць БелТА словы намесніка міністра.
Для інтэграцыі станцыі ў энергасістэму краіны праведзена маштабная работа па мадэрнізацыі аб'ектаў энергетычнай галіны. Калі ў 2022 годзе энергазабяспечвальнымі арганізацыямі пабудавана і рэканструявана 1,7 тысячы км электрасетак, то ў 2024 годзе — каля 3 тысяч км. Па словах Дзяніса Мароза, гэтыя тэмпы будуць нарошчвацца.
Разам з электрасеткамі мадэрнізацыю прайшлі падстанцыі розных класаў напружання, у тым ліку лічбавыя. На 20 энергааб'ектах уведзены ў строй сучасныя электракатлы сумарнай магутнасцю 916 МВт. Яны актыўна выкарыстоўваюцца ў асенне-зімовы перыяд для вытворчасці цяпла пры ацяпленні буйных населеных пунктаў.
У Беларусі адзначаецца значны рост спажывання электраэнергіі. За 2024 год электраспажыванне перавысіла 43 мільярды кВт•г.
Як падкрэсліў Дзяніс Мароз, гэта абсалютны рэкорд. Пры гэтым прырост адбываецца па ўсіх сектарах эканомікі, а таксама ў насельніцтва. У краіне будуюцца сучасныя электрадамы.