Карціна Марка Шагала «Прагулка», якую пасля 6 ліпеня планавалі вярнуць назад у Рускі музей, застанецца ў сталіцы да кастрычніка. Аб гэтым паведамілі БелТА ў прэс-службе ўрада Беларусі.
«Аматараў жывапісу чакае прыемны сюрпрыз — знакамітае палатно Марка Шагала „Прагулка“ прабудзе ў беларускай сталіцы даўжэй, чым планавалася, выстава падоўжана аж да кастрычніка. У выніку перагавораў прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына і старшыні ўрада Расіі Міхаіла Мішусціна дасягнута дамоўленасць аб падаўжэнні экспанавання шэдэўра Шагала са збору Дзяржаўнага Рускага музея ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь», — адзначылі ў прэс-службе ўрада.
Асаблівую сімволіку гэтаму рашэнню надае тое, што навіна аб прадаўжэнні стала своеасаблівым падарункам для ўсіх аматараў творчасці майстра напярэдадні дня нараджэння мастака, 6 ліпеня. Такі падоўжаны паказ шэдэўра — рэдкая магчымасць для гледачоў яшчэ раз дакрануцца да лунаючай паэзіі вялікага майстра і адзначыць яго дзень нараджэння мастацтвам, якое не ведае межаў.