Карціну Вінцэнта Ван Гога «Квітнеючыя каштаны» прадалі за $190,4 млн на аўкцыёне Sotheby’s у Нью-Ёрку 18 лістапада. Гэта самая высокая цана, якую калі-небудзь плацілі за твор мастака на публічных таргах. Пры гэтым продаж ледзь не сарваўся праз спрэчку са спадчыннікамі ранейшых уладальнікаў палатна, паведамляе AFP.
Карціна пабіла рэкорд кошту
Перад аўкцыёнам «Квітнеючыя каштаны» ацэньвалі прыкладна ў $180 млн. Падчас таргоў перамагла стаўка ў $165 млн, а з улікам камісіі аўкцыённага дома канчатковы кошт дасягнуў $190,4 млн.
Папярэдні рэкорд належаў карціне «Сад з кіпарысамі», напісанай у 1888 годзе. У лістападзе 2022-га яе прадалі на аўкцыёне Christie’s за $117,2 млн. Такім чынам, новы вынік аказаўся больш чым на $73 млн вышэйшы за папярэдні.
Пакупніком выступіў нью-ёркскі арт-дылер Уільям Аквавэла, які ўзначальвае галерэю Acquavella Galleries. Набываў ён твор для сябе або прадстаўляў інтарэсы кліента, не ўдакладняецца.

Чаму «Квітнеючыя каштаны» лічацца асаблівай карцінай
Ван Гог напісаў палатно ў маі 1890 года ў французскім мястэчку Овер-сюр-Уаз, куды пераехаў пасля лячэння ў псіхіятрычнай бальніцы.
На карціне намаляваны квітнеючыя каштанавыя дрэвы. Мастак стварыў яе ў апошнія месяцы свайго жыцця — у ліпені таго ж года ён памёр ва ўзросце 37 гадоў.
Работа доўгі час знаходзілася ў прыватнай калекцыі і рэдка з’яўлялася перад шырокай публікай.
Як продаж карціны ледзь не сарваўся
Незадоўга да аўкцыёну вакол палатна ўзнікла спрэчка. У пачатку XX стагоддзя карціна належала нямецкаму выдаўцу яўрэйскага паходжання Самуэлю Фішэру. Яго сям’я прадала твор у 1936 годзе, калі ў Германіі ўжо дзейнічаў нацысцкі рэжым.
Нашчадкі Фішэра заявілі, што продаж мог быць вымушаным праз пераслед яўрэяў. Яны запатрабавалі разабрацца ў абставінах здзелкі і спрабавалі дамагчыся пераносу таргоў.
З 1975 года карціна знаходзілася ў калекцыі аргенцінскай сям’і Блак’е-Арыета. Незадоўга да аўкцыёну яе прадстаўнікі дасягнулі пагаднення са спадчыннікамі Фішэра. Гэта дазволіла выставіць твор на продаж.