Карціна Марка Шагала «Таямніца раніцы» будзе выстаўленая на вячэрнія таргі аўкцыённага дома Ketterer Kunst 4 снежня ў Мюнхене. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на матэрыялы аўкцыённага дома, апублікаваныя на яго сайце.
Ацэначны кошт твора складае ад 800 тыс. еўра да 1,2 млн еўра.
Палатно памерам 61×51 см напісана алеем у перыяд амерыканскай эміграцыі мастака ў Нью-Ёрку неўзабаве пасля сыходу з жыцця яго жонкі і музы Бэлы, якая памерла ў 1944 годзе. У кампазіцыі аб’яднаны ключавыя для творчасці Шагала вобразы: пара закаханых, пышны букет кветак, сіні певень, галава казы і акно на насычаным чырвоным фоне. Мастацтвазнаўцы аўкцыённага дома адзначаюць, што ў гэтай працы матыў акна служыць адсылкай да роднага Віцебска, а фігура пеўня сімвалізуе хуткаплыннасць часу, аднак у цэлым карціна напоўнена радасцю жыцця і каханнем. У ліпені 1977 года сам мастак у лісце ўладальнікам палатна адзначаў, што імкнуўся выказаць у ім «радасць жыцця і шчасце кахання».