Top.Mail.Ru

Каштоўнасныя арыенціры тых, хто здабываў Перамогу

Старт патрыятычна-асветніцкаму праекту, ініцыянаванаму дэпутатамі, да 80-годдзя Вялікай Перамогі далі першыя парламенцкія чытанні «Ад Брэсцкай крэпасці да Берліна: вытокі мужнасці і гераізму савецкага чалавека», якія прайшлі на мінулым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі. Цыкл мерапрыемстваў у падобным фармаце пройдзе на мемарыяльных комплексах і гісторыка-культурных аб’ектах краіны. А на першых чытаннях дэпутаты-гісторыкі Вячаслаў Даніловіч і Ігар Марзалюк расставілі акцэнты ў інтэрпрэтацыі падзей Вялікай Айчыннай вайны, звярнулі ўвагу на каштоўнасныя арыенціры тых, хто здабываў Перамогу, патлумачылі сутнасць феномена беспрэцэдэнтнага супраціўлення беларускага народа ў гады ваеннага ліхалецця.


Смерць нацыі і статус рабоў

«Экзістэнцыяльная вайна, або Чым Вялікая Айчынная вайна адрозніваецца ад Другой сусветнай». Такую тэму выступлення выбраў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў доктар гістарычных навук Ігар МАРЗАЛЮК. Размова ідзе аб вайне, накіраванай на татальнае знішчэнне: і фізічнае, і ментальнае. «Вялікая Айчынная вайна насіла ўсе прыкметы генацыду, — канстатаваў ён. — Аб генацыдным характары той вайны, вайны супраць народаў СССР, красамоўна сведчыць шэраг нацысцкіх дакументаў. На сакрэтнай нарадзе каманднага складу вермахта ў стаўцы фюрэра 30 сакавіка 1941 года дэкларавалася: „Гэта будзе вайна на знішчэнне“. Нацысты пасля сваёй перамогі над СССР планавалі выклікаць масавы голад. Ён павінен быў прывесці да гібелі каля 30 мільёнаў чалавек».

Гэты афіцыйны дакумент быў распрацаваны той жа вясной 1941 года міністрам сельскай гаспадаркі Трэцяга рэйха Гербертам Баке. «Самае цікавае, што ўсе нацысты, якія распрацоўвалі план „Ост“, былі прадстаўнікамі вельмі мірнай прафесіі — як правіла, агранома, — звярнуў увагу Ігар Марзалюк. — Гэта былі дактары навук, якія спецыялізаваліся на земляробстве».

Рашэнне лёсу беларускага народа, па словах Ігара Марзалюка, было абумоўлена стаўленнем нацыстаў да беларусаў як адсталага ў інтэлектуальных адносінах народа. «Наша Радзіма ў складзе рэйхскамісарыята „Остланд“ павінна была стаць „рэзервацыяй“ для перасялення „антыграмадскіх элементаў“ з Прыбалтыкі, Польшчы і адабранай Германіяй у Польшчы вобласці Вартэланд, — удакладніў ён. — Мы павінны былі знікнуць. Германізацыя і дэпартацыя. Смерць нацыі і статус рабоў. Такая была перспектыва Беларусі „ў Новай Эўропе“ Адольфа Гітлера».

Маленькіх беларусаў увогуле чакаў незайздросны лёс. «На працягу дзесяці гадоў павінна была рэалізоўвацца праграма германізацыі „расава прыдатных элементаў“ мясцовага насельніцтва — шляхам адбору ў бацькоў дзяцей, якія павінны атрымліваць новае імя, пасылацца ў Германію і там асімілявацца, — адзначыў доктар гістарычных навук. — Гэта праграма ў гады акупацыі была рэальнасцю. Яна рэалізоўвалася і ў Беларусі, і ў Польшчы. Гвалтоўная асіміляцыя і ператварэнне маленькіх беларусаў і палякаў у немцаў — гэта таксама генацыд. Гэта сотні тысяч дзяцей, у якіх забралі іх бацькоў, іх нацыянальнасць і Радзіму».

Адной з такіх выпрабавальных пляцовак для рэалізацыі праграмы Гімлера стаў створаны ў Бабруйску ў 1942 годзе дзіцячы дом, які ў верасні 1943 года быў пераведзены ў Альбяртын. У гэтым месцы, як расказаў парламентарый, беларускія дзеці, якія, згодна з нацысцкай расавай дактрынай, маглі быць германізаваны, рыхтаваліся да ўсынаўлення ў Германію. «Дзяцей, якія, на думку нацыстаў, не ўяўлялі сабой „расава прыдатныя элементы“, акупанты прымушалі выконваць фізічна непасільную працу, марылі голадам, змяшчалі ў канцэнтрацыйныя лагеры, — расказаў Ігар Марзалюк. — За час вайны такім чынам з Беларусі ў Германію было вывезена больш за 30 тысяч дзяцей».

Пад выглядам «уціхамірвання партызан»

Згодна з Генеральным планам «Ост», на працягу 30 гадоў планавалася выселіць з тэрыторыі Польшчы і заходняй часткі СССР каля 31 мільёна чалавек. «80–85 % насельніцтва Польшчы, 65 % — Заходняй Украіны, 75 % — Беларусі, — удакладніў старшыня Пастаяннай камісіі. — І пасяліць на гэтых тэрыторыях 10 мільёнаў немцаў. Ветцель прапанаваў павысіць колькасць тых, каго высяляюць, да 46–51 мільёна чалавек. Па планах нацыстаў, мясцовае насельніцтва акупаваных тэрыторый павінна было знікнуць — цэлымі этнічнымі групамі і народамі».

Дэпутат адзначыў, што Крысціян Герлах, найбуйнейшы спецыяліст сучаснасці па генацыдзе беларускага народа, у мінулым прафесар Берлінскага, а цяпер Бернскага ўніверсітэта, у фундаментальным навуковым даследаванні, прысвечаным злачынствам нацыстаў на тэрыторыі Беларусі, абапіраючыся на дакументы нямецкіх архіваў, на 1200 старонках паказаў, што не было проста вайны супраць партызан, а быў план знішчэння беларускага цывільнага насельніцтва.

«Уціхамірванне партызан» складалася ў асноўным з забойстваў няўзброеных сялян, а знішчэнне вёсак адбывалася, як сцвярджае Крысціян Герлах, не столькі ў працэсе барацьбы з партызанамі, колькі з-за пераважна эканамічна матываванага плана забойстваў, — адзначыў Ігар Марзалюк, спасылаючыся на нямецкага гісторыка, у той час як некаторыя беларускія псеўдагісторыкі вінавацілі ва ўсіх бедах, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі, народных мсціўцаў. — Менавіта на тэрыторыі Беларусі, па словах Герлаха, вермахт і СС пад выглядам барацьбы з партызанамі праводзілі жорсткія акцыі масавага знішчэння. Немцы ж выклікалі і люты голад на нашых землях«.

«Немагчыма выхаваць патрыёта ў атмасферы страху і нянавісці»

Тэму ўсенароднай барацьбы ў сваім выступленні «Беларускае Супраціўленне: фенаменалогія беларускага духу — усенароднае супраціўленне акупантам» узняў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў доктар гістарычных навук Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ.

«Надзвычай важным быў маральны фактар партызанскай і падпольнай барацьбы, — лічыць гісторык. — Страх перад пастаяннымі ўдарамі партызан і падпольшчыкаў фактычна падрываў баявы дух варожых войск. Нездарма Вярхоўны Галоўнакамандуючы Іосіф Сталін казаў, што „адзін партызан у тыле ворага варты сотні байцоў на фронце“. Сапраўды, наколькі мужным і моцным духам павінен быў быць чалавек, каб пайсці ў партызаны, узяць зброю і граміць ворага на акупаванай тэрыторыі. А падпольшчык павінен быў валодаць яшчэ большай сілай духу, бо ён вёў сваю дзейнасць у населеных пунктах, якія непасрэдна кантраляваліся акупантамі, штогадзінна рызыкуючы сваім жыццём, жыццём сваіх родных і блізкіх».

Гісторыя барацьбы на акупаванай беларускай зямлі напоўнена мноствам фактаў масавага гераізму людзей, самаахвярнасці, высокага ўзлёту чалавечага духу, гонару і годнасці. «Менавіта яны, такія людзі, часта не шкадуючы свайго жыцця, ініцыявалі і арганізоўвалі Супраціўленне, — падкрэсліў Вячаслаў Даніловіч. — Гэта былі савецкія людзі, глыбока перакананыя ў тым, што абараняюць не толькі родную зямлю, Айчыну, а і новае грамадства сацыяльнай справядлівасці і вялікіх магчымасцяў для ўсіх. Такія тэндэнцыі і настроі адзначаліся нават акупантамі».

Дэпутат канстатаваў, што нам спрабуюць унушыць тое, што ў міжваенны перыяд у Савецкім Саюзе панавала атмасфера страху, народ ненавідзеў сваю ўладу: маўляў, адны рэпрэсіі, нічога пазітыўнага не адбывалася ў дзяржаве. «А адкуль тады ўзяліся гэтыя патрыёты? — задаў слушнае пытанне парламентарый. — Як педагог з усёй адказнасцю кажу: немагчыма выхаваць патрыёта ў атмасферы страху і нянавісці. Таму недарэмна кажуць, што Вялікую Айчынную вайну выйграў савецкі настаўнік».

Фота Віктар Іванчыкаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю