Top.Mail.Ru

Касмічнае шоу і хэпі-энд па-амерыканску. Мінскае «Дынама» правяло першы дамашні матч сезона КХЛ

Новы сезон Кантынентальнай хакейнай лігі (КХЛ) стартаваў 5 верасня, але да беларускай сталіцы вялікая гульня дабралася толькі ўчора. Усе каманды Заходняй канферэнцыі паспелі апрабаваць родны лёд яшчэ да сярэдзіны месяца, і толькі мінчанам прыйшлося чакаць дадатковы тыдзень. Сталічны клуб па традыцыі адкрыў дамашнюю серыю відовішчным перадматчавым шоу — гульня ў выкананні «Дынама», якая праводзілася за ім, аказалася не менш уражальнай з пункту гледжання перавагі над сапернікам — «Барысам» з Астаны, але пры гэтым перажываць за вынік прыйшлося аж да апошніх секунд. Пра гэта паведамляе БелТА.


Аншлагу на адкрыцці серыі дамашніх гульняў было не пазбегнуць. Аматары хакея прагнулі як убачыць герояў мінулага сезона, якія дасягнулі лепшага выніку клуба ў КХЛ, так і павітаць навічкоў, якія выдатна зарэкамендавалі сябе на старце новага чэмпіянату. Для многіх гледачоў было асабліва важна падтрымаць каманду пасля не самай удалай выязной серыі, адкуль «зубры» няхай і прывезлі больш за палову магчымых ачкоў (6 з 10), але ўсё ж прайгралі тры матчы з пяці.

NZ6_0236_1_1.jpg

«З нецярпеннем чакаў першай дамашняй гульні. Поўная арэна, шоу-праграмы, атмасфера. Гэтага не хапала, я вельмі засумаваў. Таму і білеты на гэтую серыю раскупілі хутка, мне таксама пашанцавала прыхапіць некалькі, — расказаў фанат мінчан Павел. — Пачатак чэмпіянату мог быць лепшым, але пазітыў таксама ёсць. Вельмі моцнае ўражанне пакінула гульня Алекса Ліможа, выдатны набытак для нас. У сезоне чакаю ад каманды як мінімум паўтарэння выніку гэтага года. Будзе складана, многія канкурэнты па канферэнцыі ўзмацніліся, але і мы на месцы не стаім».

Не менш стараліся, чым трэнерскі штаб і гульцы «Дынама», да паядынку рыхтавалася крэатыўная каманда сталічнага клуба. Дамашнія матчы «зуброў» — ужо даўно не проста хакей, а цэлая сацыякультурная з’ява і самае яркае спартыўнае прадстаўленне ў краіне. Мінскія шоу прызнаны гледачамі і самімі спартсменамі аднымі з лепшых у лізе, і ў «Дынама» стараюцца трымаць планку. 

«Мы павінны здзіўляць зноў і зноў. З кожным разам гэта становіцца ўсё больш складана, але заўсёды знаходзяцца новыя метады і магчымасці, каб парадаваць нашых балельшчыкаў. У гэтым годзе ў нас дзве тэмы перадматчавага шоу. Першая — космас, бо мы памятаем, што наша запаветная мара — гэта Кубак Гагарына. Другая тэма — нашы нацыянальныя традыцыі. Мінскае „Дынама“ — адзіны прадстаўнік Беларусі ў КХЛ, і нам важна пазнаёміць увесь свет з нашым каларытам, якім мы ганарымся», — адзначыла начальнік упраўлення сувязяў з грамадскасцю «Дынама» Кацярына Антонава.

Галоўным персанажам шоу стаў убраны ў касцюм касманаўта маскот сталічнага клуба Зубрык, ракета якога прызямлілася ў цэнтральным крузе. Па шляху на «Мінск-Арэну» талісман, які баразніў абшары Сусвету, успамінаў мінулы гістарычны сезон разам з гульцамі «Дынама». Далей на пляцоўку выкаціў трактар з зоркамі беларускай электроннай музыкі Police in Paris. Гурт прадставіў тэхна-рэмікс на песню «Касіў Ясь канюшыну», танец пад якую сабраў на лёдзе некалькі дзясяткаў чалавек.

NZ9_1227_1_1.jpg

Такой жа энергіі на хакейнай пляцоўцы відавочна не хапала ў стартавыя хвіліны матча. Першыя больш-менш усвядомленыя моманты дынамаўцы арганізавалі бліжэй да канца перыяду, але на перапынак каманды адправіліся пры нулях на табло. У наступнай 20-хвілінцы «зубры» канчаткова забралі гульню пад кантроль, праўда, галоў ад гэтага не дадалося. Двойчы магчымасць вызначыцца выпусціў Ягор Борыкаў, самы юны гулец гаспадароў Багдан Белкін не рэалізаваў выхад сам-насам, а Ксаўе Уэле трапіў у штангу. Нават будучы ў меншасці мінчане не пераставалі пагражаць варотам саперніка — капітан «Дынама» Андрэй Стась выязджаў на рандэву з галкіперам, але перайграць яго не здолеў.

У трэцім перыядзе шайба ўсё гэтак жа адмаўлялася ісці ў казахстанскія вароты, сольныя праходы і масіраваныя атакі «зуброў» прыводзілі толькі да расчараваных выдыхаў з трыбун. Асноўны час скончыўся ўнічыю 0:0, за 60 хвілін дынамаўцы кінулі ў створ 35 разоў, гульцы «Барыса» спадобіліся толькі на 8 кідкоў — новы горшы паказчык у гісторыі КХЛ. Галкіпер гаспадароў Зак Фукале «засушыў» другі матч у гэтым сезоне.

«Якасць гульні вымушае жадаць лепшага. Маглі закідваць больш, але не так усё пайшло. Трэба праяўляць майстэрства і цярпенне. Будзем працаваць на трэніроўках, каб павысіць рэалізацыю, — сказаў галоўны трэнер „Дынама“ Дзмітрый Квартальнаў. — Такія матчы вельмі цяжкія для варатароў. Зак — малайчына, не кожны галкіпер зможа так згуляць. Калі мала працы, ты павінен быць сканцэнтраваны на ўсе сто. Шайба можа патрапіць у канёк ці клюшку і заляцець у вароты».

На старце авертайму гаспадары дзве хвіліны гулялі ў большасці, але чацвёрты раз за вечар такім шанцам не скарысталіся. Гледачы, здавалася б, ужо змірыліся з серыяй булітаў, але супраць выступілі лепшыя бамбардзіры мінчан. Алекс Лімож выкаціў папярочную перадачу на Сэма Энаса, які не прамахнуўся — 1:0. Дзесяццю днямі раней гэты ж амерыканскі звязак прынёс «Дынама» перамогу над «Барысам» у Астане (3:1). У шасці матчах сезона Энас набраў ужо восем ачкоў, Лімож — на адно больш.

«Мы шукаем залатую сярэдзіну: заўсёды прыемна забіваць галы, але таксама хочацца паказваць добрую гульню. Мы сёння выглядалі выдатна, перайгралі гасцей і заслужылі перамогу. Але гэта хакей. Часам ты можаш перасягнуць саперніка, а яны закінуць шайбу ў канцы матча. Рады, што жыццё ўзнагародзіла нас за тое, што мы былі сёння лепшымі. Варта аддаць належнае гульцам „Барыса“: яны заблакавалі вельмі шмат кідкоў, і іх варатар гуляў добра», — падкрэсліў Энас.

Перамога ў першым дамашнім матчы рэгуляркі адправіла 15 тыс. гледачоў па дамах у добрым настроі, няхай па ходзе гульні і прыйшлося прыстойна пахвалявацца. «Атрымаўся напружаны паядынак, хлопцы паказыталі нервы, але па выніку ўсе атрымалі выдатныя эмоцыі. Галоўнае — перамога, а 1:0 ці 10:0 — не так важна. Спадзяюся, усё тое, што не заляцела ў чужыя вароты сёння, заляціць у наступных матчах дамашняй серыі. Яны павінны быць яшчэ весялейшымі і цікавейшымі. Упэўнены, атмасфера на арэне будзе такая ж узрушаальная», — падзяліўся меркаваннем балельшчык «зуброў» Аляксей.

000028_1758602864_738775_big.jpg

Наперадзе ў мінчан пяць запар гульняў на родным лёдзе. У сераду падапечныя Квартальнава прымуць бягучага лідара Заходняй канферэнцыі ніжагародскае «Тарпеда», 26 верасня і 1 кастрычніка «Дынама» згуляе з чарапавецкай «Поўначсталлю». Таксама хакеістаў сталічнага клуба чакаюць сустрэчы з яраслаўскім «Лакаматывам» (29 верасня) і чалябінскім «Трактарам» (6 кастрычніка).

Чытайце таксама: Беларускі хакеіст стаў найлепшым гульцом у КХЛ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю