Top.Mail.Ru

Касмічныя тэхналогіі для зямных патрэб

Касмічныя тэхналогіі даўно — і даволі паспяхова — прымяняюцца і выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце для зямных патрэб. І наша краіна не выключэнне: напрыклад, даныя з Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі актуальныя не толькі для цэлых галін рэальнага сектара эканомікі, але і для забеспячэння бяспекі грамадзян.


Пажары пад кантролем

Касмічныя даследаванні працягваюцца па шэрагу кірункаў. Сярод іх — эксплуатацыя Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, рэалізацыя праекта па стварэнні касмічнага апарата звышвысокага распазнавання. Пра гэта расказаў намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі Іван Буча. Паводле яго слоў, расійска-беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з распазнаваннем 0,35 метра ўжо на стадыі падрыхтоўкі да комплексных выпрабаванняў. Электратэхнічны макет перададзены расійскаму боку, выпрабаванні стартуюць у красавіку, а вывад на арбіту плануецца ў 2028 годзе: «Таксама адным з кірункаў праграмы з’яўляецца стварэнне тэхналогій апрацоўкі і прымянення касмічнай інфармацыі для розных сфер сацыяльна-эканамічнай дзейнасці, удасканаленне і падрыхтоўка кадраў у рамках аэракасмічнай адукацыі і іншыя кірункі», — адзначыў Іван Буча.

Адным з вынікаў стала стварэнне міжведамаснай сістэмы рэагавання на надзвычайныя сітуацыі для МНС. Дзякуючы ёй у мінулым годзе інфармацыя пра больш як трэць выпадкаў тэмпературных анамалій на нашай тэрыторыі — каля 250 фактаў — паступала менавіта з космасу: «За кошт укаранення сістэмы ранняга выяўлення пажараў мы сёння 24 разы на суткі перадаём у МНС інфармацыю аб тэмпературных анамаліях. Прычым не толькі на нашай тэрыторыі, але і на тэрыторыі суседніх дзяржаў», — адзначыў дырэктар унітарнага прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Залаты.

У выніку сярэдняя плошча выгарання скарацілася больш як у 10 разоў. Да таго ж сістэма дазволіла кантраляваць каля 7 тысяч тарфянікаў — усіх на тэрыторыі Беларусі. Для параўнання: калі раней супрацоўнікі МНС асабіста выязджалі на месцы для праверкі, кантралюючы каля 300 тарфянікаў з плошчай звыш тысячы гектараў, то сёння выезды ажыццяўляюцца адрасна толькі туды, дзе назіраецца павышэнне тэмпературы. Такім чынам, колькасць выездаў скарацілася з 50 тысяч за год да 5 тысяч па даных мінулага года.

Да таго ж міжведамасная сістэма рэагавання на надзвычайныя сітуацыі дае падраздзяленням МНС магчымасць максімальна аператыўна тушыць пажары. Напрыклад, у 2019 годзе пажар з тэрыторыі Чарнобыльскай зоны быў спынены ледзь не на самай граніцы з Украінай — беларускія ратавальнікі змаглі яго хутка ліквідаваць. У выніку з беларускага боку ўрон склаў толькі 4 гектары, тады як на ўкраінскай тэрыторыі полымя знішчыла 4 тысячы гектараў.

Жаночы твар беларускага космасу

Паводле слоў галоўнага спецыяліста ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірыны Казачок, сярод вучоных-акадэмікаў Беларусі больш за 50 % — жанчыны: «У той ці іншай ступені яны развіваюць, рухаюць нашу навуку. У навукова-тэхнічным кірунку жанчыны прадстаўлены ў меншай ступені — каля 30 % ад агульнай колькасці навукоўцаў. Але яны ёсць, яны развіваюць нашу галіну, працуюць над навуковымі праектамі. Гэта дазваляе з гонарам казаць, што ў космасу — жаночы твар».

Яркім пацвярджэннем гэтаму стаў 2024 год, калі беларуская касманаўтка Марына Васілеўская здзейсніла касмічны палёт у складзе экіпажа 21-й экспедыцыі на МКС, выканаўшы шырокую навуковую праграму. У яе ўвайшлі сем мэтавых работ і касмічных эксперыментаў, з якіх пяць адносіліся да катэгорыі навукова-даследчых, а яшчэ два былі прысвечаны развіццю касмічнай адукацыі.

А ў 2023-м стартаваў маштабны міжнародны ізаляцыйны эксперымент SІRІUS-23, які праходзіў на базе Інстытута медыка-біялагічных праблем Расійскай акадэміі навук. Эксперымент працягнуўся рэкордныя 366 сутак у герметычных модулях-бочках, якія імітуюць касмічны карабель. На працягу года шэсць добраахвотнікаў знаходзіліся ў замкнёнай прасторы, мадэлюючы ўмовы палёту з высадкай на Месяц. І адной з шасці ўдзельнікаў эксперымента стала беларуска Вольга Масціцкая — малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Справа для спадарожнікаў

Сярод галоўных дасягненняў 2025 года — вывад на арбіту двух беларускіх спадарожнікаў: NASBSat-1 і NASBSat-2. Іх запуск адбыўся 28 снежня з касмадрома Усходні. Дарэчы, абодва апараты былі створаны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іх бартавая апаратура — вынік працы айчынных спецыялістаў.

NASBSat-1, масай каля 10 кг, займаецца даследаваннем калязямной прасторы, у першую чаргу іанасферы. Для гэтага ў ім ёсць спецыяльнае абсталяванне, сумесная распрацоўка ўнітарнага прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, якое дазваляе будаваць трохмерныя мадэлі іанасферы і прагназаваць магнітныя буры, якія ўзнікаюць з-за актыўнасці Сонца. Як вядома, яны здольныя ставіць пад пагрозу правільную работу ліній электраперадачы, энергетычнага абсталявання і нават чыгуначных рэлейных сістэм. Вядомыя таксама выпадкі, калі з-за падобных прыродных з’яў выходзілі са строю сістэмы кіравання на атамных станцыях, што робіць даследаванні іанасферы як ніколі актуальнымі для нашай краіны.

У стадыі завяршэння знаходзіцца саюзная праграма «Комплекс-СД», у рамках якой ствараецца арбітальная групоўка з трох малых касмічных апаратаў. «Два робіць Расія, адзін — Беларусь. На гэтым апараце, які будзе выраблены фактычна да канца гэтага года, установяць два прыборы для даследавання калязямной прасторы: зандзіроўшчык і прыбор для рэгістрацыі зараджаных часцінак, якія накіраваны да Зямлі», — расказаў Сяргей Залаты. Паводле яго слоў, хоць крыніцай магнітнай буры звычайна з’яўляецца ўспышка на Сонцы, цікавасць уяўляе і касмічнае выпраменьванне ад яе: «З моманту ўспышкі касмічнае выпраменьванне дасягае Зямлі на працягу некалькіх гадзін, у той час як магнітная бура развіваецца на працягу некалькіх сутак. Адпаведна, маючы такі рэгістратар, мы зможам на пачатковай стадыі прадказваць магнітную буру, маніторыць і мадэляваць яе развіццё».

NASBSat-2, у сваю чаргу, выяўляе цеплавыя анамаліі на зямной паверхні. Яго галоўная мэта — павысіць аператыўнасць атрымання касмічных даных аб пажарах у Беларусі і суседніх краінах з наступнай перадачай інфармацыі ў МНС. Апарат важыць 19 кг і аснашчаны ўнікальным абсталяваннем ААТ «Пеленг»: дзвюма інфрачырвонымі камерамі (блізкага і далёкага дыяпазонаў) і камерай бачнага дыяпазону. Паводле слоў Сяргея Залатога, гэта першы беларускі вопыт вываду на арбіту рэгістратараў такога тыпу: «Усе бартавыя сістэмы працуюць штатна. Цяпер ідзе настройка і каліброўка здымачнай сістэмы. У адрозненне ад існуючых падыходаў тут будзе рэалізавана апрацоўка інфармацыі на борце. На Зямлі будуць атрымліваць толькі каардынаты тэмпературных анамалій, што дазволіць істотна скараціць патрабаванні да прыёмнай апаратуры».

Аміна НАЗАРАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю