Top.Mail.Ru

Касцюковічы рыхтуюцца да XXXІІІ Дня беларускага пісьменства

Горад будзе як песня

Напэўна, няма чалавека, які хоць раз у жыцці не заслухаўся песняй «Алеся», напісанай кампазітарам Ігарам Лучанком на словы славутага беларускага паэта з Касцюкоўшчыны Аркадзя Куляшова і пранікліва выкананай ансамблем «Песняры». Мілагучная, рамантычная, чароўная — як той край, дзе нарадзіўся яе аўтар. Наогул Касцюковіцкі раён даў беларускай літаратуры болей як два дзясяткі пісьменнікаў і паэтаў, найбольш вядомыя з якіх Іван Чыгрынаў, Алесь Пісьмянкоў, Васіль Хомчанка, Леанід Леановіч, Аляксей Русецкі. Так што літаратурнай сталіцай Касцюковічы абраныя невыпадкова. І тут ва ўсю стараюцца прыняць гасцей на найвышэйшым узроўні.

Будуць і сюрпрызы

Сёння Касцюковічы — адна вялікая будоўля. Тут мяняюць тратуарную плітку, кладуць асфальт, фарбуюць фасады — усё грукоча, рухаецца, відазмяняецца.

— Працуем па плане мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні горада, — расказвае намеснік старшыні Касцюковіцкага райвыканкама Мікалай РАЦКЕВІЧ. — У цэнтры ўвагі — аб’екты жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнага прызначэння і культуры, вулічна-дарожная сетка, знешняе добраўпарадкаванне. Ужо адрамантавана больш за 26 тысяч квадратных метраў гарадскіх дарог. Набываюцца светлавыя кансолі для апор асвятлення па ўсёй вуліцы Ленінскай.


Шэраг работ завершаныя. Пасвяжэлі фасады некаторых дамоў на той жа вуліцы Ленінскай і на вуліцы Зіньковіча. Парадна выглядае пасля рамонту гасцініца. На вачах абнаўляецца цэнтральная плошча перад райвыканкамам. Тут напярэдадні Дня беларускага пісьменства паставяць галоўную сцэну, дзе падчас свята будуць узнагароджваць, пець, чытаць вершы. 

А на пляцоўцы праз дарогу ўжо рыхтуецца месца для ўстаноўкі сімвалічнай скульптуры. Па сакрэту скажу, што яна мае дачыненне да герояў твора Аркадзя Куляшова. Здагадаліся? Цяпер маўчыце. Хай захаваецца інтрыга.

Працуюць усе!

Прабачце за гуллівы настрой — ледзь не вырвалася крылатая фраза «Танцуюць усе!» з камедыі Леаніда Гайдая «Іван Васільевіч мяняе прафесію». Але хутка справа дойдзе і да танцаў — свята не за гарамі. 

Прыемныя эмоцыі падарыла сустрэча з мясцовай моладдзю, якая чысціла тратуар якраз на шляху майго маршруту. 

У падрыхтоўцы горада да Дня беларускага пісьменства бярэ ўдзел будатрад Касцюковіцкага дзяржаўнага каледжа. Будучыя зваршчыкі, муляры, тынкоўшчыкі, апранутыя ў спецадзенне з паметкай «Жылкамгас» — менавіта на базе гэтага прадпрыемства і створаны будатрад.

— Наводзім марафет, — усміхаецца капітан будатрада Мікалай АБРАМЕНКА. — Добраўпарадкоўваем дарожкі, паркі, пляцоўкі ў розных кутках горада. Стараемся, каб ён стаў прыгажэйшы. У камандзе — 11 чалавек, тры з іх — дзяўчынкі.


У падрыхтоўчых работах занятыя ўсе службы горада. Дарожныя будаўнікі, у тым ліку і абласныя, рыхтуюць пад’язныя шляхі да Касцюковіч, праводзяць апрацоўку дарожнага пакрыцця, абкос травы паабапал трас, фарбуюць аўтобусныя прыпынкі. На чыгуначнай станцыі Камунары таксама рамонт. У планах чыгуначнікаў замяніць лаўкі, прыпынкі, сігнальныя слупкі, пафарбаваць гаражы. Мясцовыя электрычныя сеткі робяць дадатковае асвятленне. Шмат розных спраў выконвае і «Жылкамгас».

Рамонтныя работы закранулі ўсе знакавыя аб’екты горада. Сярод іх — мемарыяльны комплекс у гонар землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут зроблена новае тратуарнае пакрыццё з дробнаштучнай пліткі, а таксама выкананы рамонт і абліцоўка мармурам мемарыяльных сцен з імёнамі герояў.

Вялізную дапамогу аказвае Беларускі цэментны завод. Яго структурнае падраздзяленне працуе, у прыватнасці, на Свята-Крыжаўзвіжанскай царкве.

А на капрамонце Касцюковіцкага краязнаўчага музея задзейнічана мясцовае ПМК № 260. Работы працягнуцца да канца жніўня. У абноўленым будынку з’явяцца новыя экспазіцыі, залы стануць больш прасторныя і сучасныя за кошт перадавых інфармацыйных тэхналогій. Адна з экспазіцый будзе прысвечаная цудоўнаму лірычнаму паэту Алесю Пісьмянкову, у гонар якога ў раёне праводзіцца фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». Наведвальнікі змогуць шмат чаго даведацца і пра іншых пісьменнікаў і паэтаў, а таксама ўбачыць некаторыя іх асабістыя рэчы.

Літаратурныя прыпынкі

Яны стануць той самай адметнай іскрынкай горада, якая будзе несці яшчэ і асветніцкую функцыю.

— На тарцах прыпыначных павільёнаў грамадскага транспарту па вуліцы Ленінскай з’явяцца выявы пісьменнікаў, а на адным з будынкаў размесціцца мурал, прысвечаны нашым літаратарам, — удакладняе начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Касцюковіцкага райвыканкама Аксана ІВАНОВА. —  Акрамя гэтага, на будынку цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Чыгрынава з’явіцца памятная дошка ў гонар пісьменніка. Усё гэта робіцца для таго, каб жыхары і госці ведалі, што Касцюковічы — гэта горад не толькі вялікай цэментнай вытворчасці, але і добрых літаратурных традыцый. У нашых пісьменнікаў і паэтаў тут ёсць шмат паслядоўнікаў. Нам ёсць чым ганарыцца!


Суразмоўніца звярнула ўвагу на тое, што асноўныя мерапрыемствы свята будуць праходзіць на Ленінскай і Камсамольскай вуліцах. Цікавыя лакацыі з’явяцца ў скверах і на стадыёнах. Шмат забавак прадугледжана і для дзяцей. Па словах начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Касцюковіцкага райвыканкама Кацярыны АЎТУХОВАЙ, у цэнтральным скверы вядзецца ўстаноўка дзіцячага гульнявога абсталявання і малых архітэктурных форм. Дзень беларускага пісьменства ў Касцюковічах абяцае шмат прыемных уражанняў і сюрпрызаў. І ехаць на яго пажадана ўсёй сям’ёй. Дакладна, не расчаруецеся!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Касцюковічы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю