Гэта быў асэнсаваны выбар: Касцюковічы — самы ўсходні горад Беларусі, з багатай і адметнай спадчынай, адзначыла Алеся ІГНАТАВА, начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі:
— Мне здаецца, што галоўны пасыл гэтага свята ў тым, што нават самыя маленькія і аддаленыя куточкі краіны робяць свой унёсак у скарбонку нашай духоўнасці. Касцюковіцкі край выхаваў пісьменнікаў, якія сталі класікамі беларускай літаратуры.
У межах свята на галоўнай плошчы горада будзе адкрыты фантан і скульптурная кампазіцыя «Алесь і Алеся», натхнёная творам народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. У памяць пра народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава будзе адкрытая мемарыяльная дошка. На адным з высокіх будынкаў з’явіцца мурал, прысвечаны славутым ураджэнцам Касцюковічаў.
— Фестываль кнігі і прэсы стане сэнсавым цэнтрам свята на культурна-асветніцкай прасторы пешаходнай вуліцы ў цэнтры горада. Тут размесцяцца музеі пад адкрытым небам, будуць праходзіць тэматычныя экспазіцыі, кніжныя прэзентацыі, творчыя сустрэчы. Сёлета асноўнай тэмай будуць юбілеі класікаў беларускай літаратуры: Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, Максіма Багдановіча, Івана Мележа. Касцюковіцкая зямля падаравала нам такіх майстроў слова, як Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Алесь Пісьмянкоў і іншых аўтараў, якія пакінулі свой след у беларускай літаратуры, — патлумачыла Алеся Ігнатава. — Будуць працаваць рэгіянальныя і ведамасныя павільёны.
У межах маштабнага праекта Магілёўскай вобласці кожны яе раён прадставіць экспазіцыі па развіцці пісьменства і кнігадрукавання ў рэгіёне. Свае экспазіцыі пакажуць іншыя вобласці і горад Мінск, музеі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, выдавецкі дом «Беларусь сегодня», выдавецкі дом «Звязда», БелТА... На пляцоўцы Беларускага саюза жанчын адлюструюць тэму Года беларускай жанчыны: праз конкурсы і паэтычныя чытанні. Падчас кніжных прэзентацый не абмінуць удзельнікі і трагічную памятную дату — 85-ю гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Упершыню падчас свята насупраць галоўнай сцэны будзе адкрыты павільён рэдкай кнігі. Гэта ўнікальная магчымасць пабачыць факсімільныя выданні і сапраўдныя старадрукаваныя рарытэты, якія звычайна захоўваюцца ў закрытых фондах.
На пешаходнай вуліцы разгорнецца «Горад майстроў», дзе рамеснікі з усёй краіны пакажуць свае работы з магчымасцю набыць прадметы інтэр’еру, абярэгі, упрыгожванні ручной работы. А на пляцоўцы традыцыйнай беларускай кухні сёлета будуць гатаваць стравы Магілёўскай вобласці па старажытных рэцэптах — у печы.
Насустрач святу ў Касцюковічы ўжо 2 верасня рушыць ХXXІІІ Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў». Гэты праект аб’ядноўвае духавенства, навукоўцаў, пісьменнікаў і дзеячаў культуры, якія суправаджаюць Жыватворны Агонь ад Труны Гасподняй. Стартуе яна ад Свята-Духавага кафедральнага сабора і пройдзе да Касцюковічаў праз Баранавіцкі, Бярэзінскі, Клічаўскі, Бабруйскі, Магілёўскі, Горацкі раёны. Склад удзельнікаў сёлета заўважна амалоджваецца. Навуковец Аляксандр Лапата-Загорскі нагадаў, што ў 2020-м маршрут ужо праходзіў цераз Касцюковічы, тады там пасадзілі 25 рабінак, а гэта добры падмурак, каб працягваць «Сад малітвы».
У рамках свята адбудзецца рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Касцюковіцкія чытанні — 2026», падчас якой жыхары раёна і госці змогуць атрымаць новую інфармацыю пра гісторыка-культурную спадчыну рэгіёна, пра яго славутых людзей, паведаміў Ігар КАПЫЛОЎ, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН. Удзельнікамі стануць вядучыя вучоныя — мовазнаўцы, мастацтвазнаўцы, гісторыкі, фалькларысты, этнографы, а таксама выкладчыкі розных ВНУ і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі раёна. Такім чынам, можна будзе зразумець, як развіваліся землі Касцюковіцкага краю цягам некалькіх стагоддзяў, даведацца пра знакамітых ураджэнцаў гэтых мясцін, зразумець паходжанне назваў населеных пунктаў і адчуць асаблівасць мясцовых гаворак. У выніку канферэнцыі з’явіцца зборнік, які раён атрымае ў падарунак.
Адмысловых падарункаў айчынныя выдавецтвы да Дня беларускага пісьменства рыхтуюць нямала. А літаратары стануць удзельнікамі мерапрыемстваў на ўсіх пляцоўках, але асабліва чакаюць галоўнай падзеі свята — узнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.